«Жыццё не рыхтавала да таго, што ты пастаянна будзеш кагосьці хаваць»

Былая тэрапеўтка 10-й мінскай лякарні Дар'я Чэхава, якая вядзе папулярны twitter-акаўнт «Плоткіна», распавяла, якая рэальная сітуацыя з COVID-19 у адной з мінскіх бальніц.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Падаем яе расповед у перакладзе на беларускую мову.

«Коратка пра сітуацыю з каронавірусам: у бальніцы, дзе я працавала, адкрылі яшчэ адно аддзяленне рэанімацыі.

Мае калегі зараз працуюць у нейкім бясконцым кавідным пекле. Вялізныя чэргі ў паліклініках, раптоўныя смерці на фоне скаргаў на ліхаманку і дыхавіцу, недахоп кіслароду, перапоўненыя рэанімацыі (у тым ліку і з пацыентамі да 30 гадоў) і высокія паказчыкі смяротнасці.

І справа не ў тым, што медыцына нібыта "не тая" — ва ўсіх краінах зараз хапае праблем. Проста хворых занадта шмат. Фізічна немагчыма забяспечыць усіх кіслародам або апаратамі ШВЛ. Таму лекарам часам даводзіцца "гуляць у Бога" і выбіраць тых пацыентаў, каго будуць "цягнуць".

Гэта страшна, але такая рэальнасць. Мае равеснікі вымушаныя прымаць складаныя рашэнні, і я бачу, як яны павольна выгараюць.

Так, нас вучылі, што ў медыцыне бывае няпроста, але жыццё неяк не рыхтавала да таго, што ты ўвесь час будзеш кагосьці хаваць.

Але ці робяць нешта самі пацыенты, каб засцерагчы сябе?

На жаль, але не. 99% пацыентаў рэанімацыйных не былі вакцынаваны. Добраахвотна насіць маскі ў грамадскіх месцах таксама ніхто не хоча. І ўсім здаецца — «мяне гэта не закране», але потым усё ж такі тычыцца.

Я хачу данесці факт сур'ёзнасці сітуацыі. Зрабіце вакцыну, адказна стаўцеся да свайго здароўя і здароўя навакольных — зрабіце хоць нешта, што залежыць ад вас, каб знізіць рызыкі захворвання і смяротнасці.

Сістэма аховы здароўя можа рэальна не выцягнуць.

Беражыце сябе».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: