Жыхар Уручча скардзіцца на будаўніцтва аўтацэнтра Audi ў зялёнай зоне

Жыхар сталічнага мікрараёна Уручча Вячаслаў Піліпук мае намер накіраваць скаргу ў нямецкі офіс Audi AG на будаўніцтва аўтацэнтра кампаніі на месцы зялёнай зоны.



12 чэрвеня на месцы будучага аўтацэнтра адбылася цырымонія закладкі капсулы з пасланнем нашчадкам. Будаўніцтва вядзецца на месцы хвойнай лесапаласы, якая засцерагае жылыя дамы ад шуму і выхлапаў праспекта Незалежнасці. Частка дрэў ужо спілавана, і высечка працягвалася нават падчас цырымоніі закладкі капсулы.


У каментары БелаПАН прадстаўнік аддзела збыту ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе кампаніі Audi AG заявіў, што "не мае дастатковых ведаў у прававой сферы" і не ведае, як вырашаюцца праблемы з высечкай дрэў у Беларусі. Пры гэтым, паводле яго слоў, пры адкрыцці дылерскіх цэнтраў у Расіі, Украіне, Славакіі, Венгрыі, Румыніі такіх праблем не ўзнікала або яны вырашаліся яшчэ да пачатку будаўніцтва. "Для гэтага ёсць адпаведныя спецыялісты, якія знаходзяцца на месцы і ў стане вырашаць такія пытанні", — адзначыў прадстаўнік Audi AG.


Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Юрый Трушчанка ўпэўнены, што будаўніцтва аўтацэнтра ва Уруччы вядзецца законна. Паводле яго слоў, грамадскія слуханні па гэтым пытанні адбыліся, аднак чыноўнік не змог назваць даты іх правядзення. Пры гэтым Трушчанка адзначыў, што адміністрацыя Першамайскага раёна "не супраць рэалізацыі праекта".
 

Паводле слоў Уладзіслава Туркіна, гендырэктара ТАА "Аўтасалон-AV" — імпарцёра аўтамабіляў Audi ў Беларусі, для будаўніцтва аўтацэнтра разглядалася яшчэ дзве пляцоўкі. Адна з іх знаходзілася недалёка ад вуліцы Сярова, дзе размешчаны дзейны аўтацэнтр кампаніі, другая — недалёка ад выбранай пляцоўкі ва Уруччы, аднак "там па праекце будзе будавацца гандлёвы цэнтр".
 

"Я не праекціроўшчык, але ўпэўнены на 100%, што праект прайшоў экспертызу і кампенсацыя гораду была прыстойнай за кожнае высечанае дрэва", — сказаў Туркін. Паводле яго слоў, недалёка ад аўтацэнтра таксама плануецца пабудаваць вялікі стадыён, таму, на яго думку, дрэвы ўсё адно былі б спілаваныя.


Мясцовы жыхар Вячаслаў Піліпук разумее, што выратаваць лесапаласу ў яго ўжо не атрымаецца, аднак ён мае намер звярнуцца ў нямецкі офіс Audi AG і паведаміць пра высечку дрэў на месцы будучага аўтацэнтра кампаніі. Піліпук таксама плануе накіраваць скаргу на высечку дрэў старшыні Мінгарвыканкама Мікалаю Ладуцьку.


Будаўніцтва новага аўтацэнтра плануецца завяршыць да чэрвеня 2014 года. Агульная плошча адведзенага пад будаўніцтва ўчастка складае 17 тыс. кв. метраў, плошча самога цэнтра — 6 тыс. кв. метраў.
 
 
Анастасія Салановіч, БелаПАН
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: