Жыхары Гомеля: Атрымліваем заробак — адразу едзем на закупкі ва Украіну

Людзі едуць у суседнюю краіну абуць і апрануць сябе ды сваіх дзяцей. Купляюць там і шмат патрэбнага для хатняй гаспадаркі - посуд, прадметы побыту і нават рыбацкія снасці.



Рэкламны білборд ў Чарнігаве, арыентаваны на беларусаў. Хоць і з памылкай, але на беларускай!


На рынках Чарнігава шмат беларусаў нават у будні. Едуць сюды пераважна жыхары Гомеля, Брагіна і іншых памежных раёнаў - хто грамадскім транспартам, а хто і на ўласных аўтамашынах. На вуліцы Шчорса, дзе размешчаныя найбліжэйшыя да чарнігаўскага вакзала аптовыя склады і крамы, - дзясяткі легкавікоў з беларускімі нумарамі.
 
 
З адной з іх высаджваюцца трое: бацька, маці, сын-падлетак. Яны з Гомеля. «Мы прыязджаем раз на месяц, калі атрымаем заробак. Заробак малы - у Гомелі яго практычна ні на што не хапае», - распавядае беларуска.
 
 
Жанчына тлумачыць, што ейная сям'я ездзіць у Чарнігаў апрануцца, абуцца, набыць некаторыя прадукты і бытавыя рэчы. «Тут удвая танней, чым у нас - можна напалову дзяліць адразу. Беларускія тавары вельмі дарагія. Кашуля, напрыклад, калі яна добрай якасці, моладзевага крою - гэта ўжо 580 тысяч. Ёсць і вышэйшыя кошты. Або сукенка на мяне - 800 тысяч, мільён, а то і больш. Гэта ў беларускіх рублях у нашых крамах. Тут сукенкі такія напалову танней, дакладна - тысяч 500 на нашыя грошы. У грыўнях гэта 600-700, верх ужо - 800 грыўняў. Дзіцячыя тавары нашмат танней - адзенне, цацкі, калыскі, ровары», - распавядае жыхарка абласнога цэнтра.
 
 
Быццам бы падводзячы вынік размовы, яна кажа, чаму едуць гамяльчане ў суседні Чарнігаў. «У асноўным апранаюцца і дзяцей сваіх апранаюць. І абуваюць таксама. Тут танней усё для дома, гаспадаркі - посуд і ўсялякая іншая дробязь. Акрамя таго, садавіна, арэхі - усё гэта ў іх танней», - кажа яна.
 
 
Выгадна купляць ва Украіне і рэчы для розных аматарскіх заняткаў, напрыклад, рыбалоўства. Пра гэта распавядае муж гамяльчанкі.
 
 
«Мужчыны купляюць тут неабходнае для рыбалкі. Практычна ўсё танней - і спінінг, і вуды. Я тут раней для зімовай рыбалкі браў вуды. У нас яны 35-45 тысяч, тут - 25 грыўняў. Боты зімовыя для рыбалкі купляў - на нашы грошы 140 тысяч, а ў нас такія - 250-300 тысяч», - распавядае гамяльчанін.
 
 
Наконт таго, чаму ва Украіне танней, меркаванні розныя. Іншая беларуска, якая прыехала ў Чарнігаў - Алена - мяркуе, што, нягледзячы на цяжкае эканамічнае становішча, на вайну, разгорнутую сепаратыстамі пры падтрымцы Расіі на паўднёвым усходзе, Украіна не адгарадзілася ад імпартных тавараў, якія завозяць з Турцыі, Польшчы, некаторых іншых краін. Гэта стварае канкурэнтнае асяроддзе, не дае расці коштам на тавары ўласных вытворцаў. «Чаму танныя тавары? Тут жа побач заходнія межы. Адусюль ідзе пастаўка - яны ж не адмовіліся ад шматлікіх паставак. Адусюль. І Польшча больш любіць Украіну, чым Беларусь», - кажа яна.
 
 
Гомельскі незалежны эканаміст Мікалай Новікаў мяркуе, што беларусаў на шоп-туры ў Украіну штурхаюць яшчэ і невысокія рэальныя даходы большасці сем'яў. Намінальна ў Беларусі ўсе даўно ўжо мільянеры, а ў рэальнасці многія па  ўзроўні даходу не нашмат адрозніваецца ад украінцаў.
 
 
«Рэальныя даходы не растуць. А калі ўзяць Гомельскую вобласць, то грашовыя даходы - адныя з самых нізкіх у краіне. Гамяльчане маюць найбольшы працэнт бедных людзей, хоць мы ў лідарах у прамысловай вытворчасці. У нас шмат буйных прадпрыемстваў, але заробкі не падвышаюцца, а кошты ідуць уверх. Спрыяе інфляцыйная крэдытная палітыка дзяржавы, пры якой кошты ўсё растуць і растуць. Відавочна, што Украіна - гэта такая аддушына, дзе чалавек можа купіць сабе нешта танней. Цяжка зараз краіне і асобнаму чалавеку. Таму думаю, што колькасць нашых падарожнікаў ва Украіну будзе толькі павялічвацца».

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: