Жыхар Баранавічаў аплочвае крэдыт, якім не карыстаўся

Андрэй Казлоўскі асцерагаецца, што вярнуць свае грошы яму атрымаецца толькі праз два гады, калі жанчына, асуджаная за крадзеж яго крэдытнай карткі, выйдзе з турмы і пачне працаваць.


Вясной 2015 гады Андрэй узяў у банку крэдыт на 60 мільёнаў рублёў, каб купіць аўтамабіль. Аб асабістым аўто сям'я марыла даўно. Муж і жонка з дзецьмі часта ездзяць у госці да цешчы, якая жыве ў 500 кіламетрах, і дабірацца ўсёй сям'ёй на цягніках доўга і дорага.
 
Але скарыстацца грашыма Андрэй Казлоўскі не паспеў. Сяброўка яго жонкі скрала крэдытную картку і выдаткавала амаль усе грошы, якія былі на рахунку.
 
Пакуль ішло следства, Андрэй вымушаны быў пазычаць грошы ў знаёмых і сваякоў, каб аплачваць ўзносы па крэдыце, якім не карыстаўся. Следства тлумачыць, што ўтрымліваць грошы з зарплаты ў сяброўкі жонкі Андрэя няма магчымасці, бо ў яе двое непаўнагадовых дзяцей. У банку сцвярджалі: «на каго аформленая крэдытная дамова, той і павінен плаціць». Андрэй спадзяваўся, што суд вырашыць яго праблему.
 
Суд адбыўся ў сакавіку. Жанчыну, якая скрала картку, прызналі вінаватай і прызначылі ёй пакаранне — 2 гады пазбаўлення волі. Таксама яе абавязалі выплаціць Андрэю Казлоўскаму 10 мільёнаў рублёў за маральную шкоду і 55 мільёнаў у кошт пагашэння асноўнага доўгу і працэнтаў па крэдыце, расходаў на адваката.
 
— Але я ні капейкі з гэтых грошай не атрымаў! У мяне па інваліднасці пенсія — 2,4 мільёна, з іх 2,2 мільёна плачу за крэдыт, якім не карыстаўся, — кажа Андрэй. — І плаціць яшчэ два з паловай гады.
 
У судзе мужчыну сказалі, што калі былая сяброўка яго жонкі будзе працаваць у турме, то нейкія грошы яму будуць пералічваць. Але, па словах Андрэя, яго папярэдзілі, што гэта не больш  за 200-300 тысяч у месяц.
 
— Яны ж там капейкі атрымліваюць. А калі зладзейка не будзе працаваць — прыйдзецца чакаць, калі яна вызваліцца і працаўладкуецца, — кажа Андрэй. — Яна будзе сядзець, а я буду плаціць крэдыт. Ні грошай, ні аўтамабіля. Вось і ўся справядлівасць.


Паводле intex-press.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: