Жыхара Горак пазбавілі свабоды за надпіс на прыпынку грамадскага транпарта

У Горках на адзін год калоніі агульнага рэжыму асудзілі 27-гадовага Стэфана Лазавіка, паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі Праваабарончы цэнтр "Вясна". Рамеснік быў незалежным назіральнікам падчас прэзідэнцкіх выбараў-2020. А ў ноч на 12 жніўня на прыпынку фарбай напісаў «Ён прайграў і стаў забіваць. З.. т сыходзь!». Гэты ўчынак кваліфікавалі як злоснае хуліганства.

Фота TUT.BY

Стэфан Лазавік быў незалежным назіральнікам на Горацкім выбарчым участку № 2, піша TUT.BY са спасылкай на праваарончы цэнтр «Вясна». На падзеі ў краіне 9-11 жніўня, як прызнаўся потым Лазавік, ён адрэагаваў эмацыйна. Таму ў ноч на 12 жніўня ён пакінуў надпіс фарбай на адным з прыпыначных пунктах у Горках «Ён прайграў і стаў забіваць. С...т сыходзь!».

Першапачаткова Горацкі РАУС адмовіўся ініцыяваць распачынанне крымінальнай справы за адсутнасцю прыкмет складу злачынства. Нанясенне надпісу кваліфікавалі як адміністрацыйнае правапарушэнне па арт 17.1 КААП (Дробнае хуліганства).

Крымінальная справа была ўзбуджаная праз месяц пасля інцыдэнту — 15 верасня — па ініцыятыве раённай пракуратуры. Лазавіка прызналі падазраваным ужо па крымінальным артыкуле за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці.

Лазавіка судзілі спачатку за 30 жніўня (далі 25 базавых велічынь штрафу за ўдзел у пратэстнай акцыі), а пасля суда зноў адразу затрымалі і склалі пратакол за ўдзел у пратэстах 23 жніўня.

У гэты час у доме Стэфана правялі ператрус, канфіскавалі куртку і фарбу (ён рамеснік). Перад судом у кабінеце начальніка ІЧУ, як сцвярджаў Лазавік, яго шантажавалі. Па словах мужчыны, яму прапанавалі прызнацца ў нанясенні надпісу ў абмен на штраф, а не арышт, і заставацца пад падпіскай на час следства. Ён пагадзіўся.

29 кастрычніка па ініцыятыве пракурора артыкул перакваліфікавалі — ужо як злоснае хуліганства. Суд прызначылі на 26 лістапада. А напярэдадні, 25 лістапада, Лазавіка, па словах праваабаронцаў, да 16.00 выклікалі ў Следчы камітэт, дзе яму прапанавалі запісаць пакаянае відэа з асуджэннем пратэстнага руху. Стэфан Лазавік адмовіўся гэта зрабіць.

У судзе 26 лістапада Лазавіка прызналі вінаватым у злосным хуліганстве. Суддзя Ясковіч прыгаварыла яго да году калёніі агульнага рэжыму.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: