Жыхара Міёршчыны адправілі на паўтара года ў калонію за анекдот пра Лукашэнку і адно абразлівае слова

Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вартаўніка-жывёлавода Міхаіла Лінтоўскага, якога абвінавацілі ў абразе прэзідэнта (арт. 368 Крымінальнага кодэксу), у судзе Міёрскага раёна адбыўся яшчэ 27 жніўня. Справу разглядала суддзя Ірына Яскевіч, бок дзяржабвінавачання прадстаўляла намесніца пракурора Міёрскага раёна Святлана Раманоўская, піша «Наша Ніва».
Паводле абвінавачання, Міхаіл Лінтоўскі 27 сакавіка 2021 года зняў на тэлефон відэа, у якім выкарыстаў у дачыненні да Лукашэнкі слова, якое «мае негатыўную ацэнку і ненарматыўную форму маўленчага выказвання, якое наносіць шкоду гонару і годнасці кіраўніка дзяржавы, накіраванае на падрыў ягонага аўтарытэту, на фармаванне негатыўнага стэрэатыпу і адмоўнага вобразу Лукашэнкі, у выніку чаго публічна абразіў прэзідэнта».

Пасля мужчына апублікаваў відэа на сваёй старонцы ў «Аднакласніках».

Як расказаў на судзе ўчастковы інспектар Андрэй Талапіла, які выступіў сведкам, пра ролік з абразамі ў адрас Лукашэнкі яму паведамілі некалькі мясцовых жыхароў, якія пазванілі ў міліцыю. Па словах міліцыянта, у відэа было каля 800 праглядаў, калі ён вырашыў выклікаць следча-аператыўную групу для затрымання Міхаіла Лінтоўскага.

Сам абвінавачаны распавёў, што ў той вечар купіў два піва і пайшоў у госці да сястры, дзе яны разам выпівалі. Затым ён пайшоў на працу і распіваў там гарэлку, затым вярнуўся да сястры. Сядзелі і размаўлялі, што заробак маленькі, у адпачынак не адпускаюць. І тады ён зняў відэа на мабільны. У роліку распавёў анекдот пра Лукашэнку, а ў канцы абразіў яго, назваўшы дэбілам.

Ролік выклаў у «Аднакласнікі». Пазней хацеў выдаліць, пакуль ніхто не паглядзеў, але пайшоў на працу і забыўся. Потым прыехалі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі яго.

У абвінавачанага ёсць псіхічныя расстройствы і захворванне — лёгкая разумовая адсталасць, а таксама хранічны алкагалізм.

Суддзя вынес прысуд: 1 год 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Абвінавачанага ўзялі пад варту ў зале суда. Таксама суддзя пастанавіла прыняць меры па прымусовым лячэнні ад хранічнага алкагалізму.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: