Жыхара Віцебска будуць судзіць за публікацыі ў сацсетках афішы «Жывога ланцуга»

Віцябляніну Аляксею Прохараву паведамілі, што ў дачыненні да яго распачатая адміністрацыйная справа за правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 23.34 КаАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). Пратакол склалі супрацоўнікі аддзялення міліцыі Віцебскага раёна.
Фота са старонкі Аляксея Прохарава ў Фэйсбуку

Фота са старонкі Аляксея Прохарава ў Фэйсбуку

Паводле міліцэйскага пратаколу, Аляксей Прохараў зрабіў 3 снежня на сваіх старонках у сацыяльных сетках Facebook і «Вконтакте» публікацыі, якія ўтрымлівалі заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – «Жывым ланцугу за права быць незалежным» у Мінску. Як мяркуюць міліцыянты, гэтым самым Прохараў парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34).

Аляксей Прохараў паведаміў, што разгляд адміністрацыйнай справы адбудзецца 26 снежня ў судзе Віцебскага раёна. Пачатак судовага паседжання ў 11.00.

Хто менавіта будзе судзіць віцябляніна, пакуль невядома.

У размове з «Віцебскай Вясной» Аляксей Прохараў прызнаўся, што не ведаў нават пра існаванне такога артыкулу ў Адміністрацыйным кодэксе.

«Упершыню з гэтым сутыкаюся. Ці лічу я сябе вінаватым?.. Ну, паводле літары закону, які зараз дзейнічае, так, нібыта я парушыў. Але, з другога боку, тут жа пытанне незалежнасці краіны! Дык за што тады судзіць?..» — сказаў Аляксей Прохараў.

Зміцер Міраш, vitebskspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: