Жыхарам некалькіх вёсак забаранілі святкаваць Купалле

Жыхары вёсак Зазер’е, Гарадзішча і аднайменнага пасёлку, што месцяцца абапал Гарадзішчанскага возера на Піншчыне, сёлета не змаглі разам адсвяткаваць традыцыйнае Купалле — з вогнішчам і спевамі, паведамляе Свабода.

«Жыхары нашых населеных пунктаў сабраліся адсвяткаваць Купалле, але ўсіх разагнала міліцыя. Сказалі, навошта сабраліся на мітынг?» — напісала Свабодзе Надзея з пасёлку Гарадзішча.

Прадавачка мясцовай крамы звесткі пацвердзіла.

«Так, Купалля ў пасёлку не было. Ніхто не ведае, чаму. Нічога не сказалі. Раней мы выяжджалі на такія святы, быў гандаль, а цяпер не было каманды. Людзі разышліся па хатах, нехта святкаваў, але паасобку», — паведаміла жанчына.

Жыхар пасёлку Гарадзішчы Аляксандар расчараваны, што традыцыя разам святкаваць Купалле ў ноч на 7 ліпеня ў іх мясцовасці перарвалася з невядомай яму прычыны.

«У нас каля пасёлку возера, Гарадзішчанскае завецца. Каля яго ёсць цудоўны лужок — там шмат гадоў праводзілі Купалле. Туды і з Зазер’я шмат людзей прыходзіць, і пад’яжджаюць з іншых месцаў, бо там траса непадалёк праходзіць. Некалькі сотняў людзей звычайна збіралася, да паўтысячы бывала. Сельсавет забяспечваў канцэрт, сцэну рабілі. З «Пінскдрэва» прывозілі драўляныя адкіды, каб вогнішча было чым разводзіць, не паліць шыны. І цяпер 6-га ўвечары, як звычайна, людзі туды пацягнуліся, шмат хто на машынах паехаў, а там сустракае міліцыя і кажа раз'яжджацца. „Не збірайцеся, не чыніце мітынгу, нічога не
будзе“ і гэтак далей. А з сельсавету гэтак нічога і не патлумачылі, чаму Купалля няма
», — апавёў Аляксандар.

У версію пра тое, што Купалле забаранілі праз каронавірус, на які ёсць хворыя ў пасёлку, Аляксандар не верыць.

«Прычым тут каронавірус? Раней міліцыя ніколі такія святы не забараняла. Прыедуць, пастаяць, паглядзяць за парадкам і з'едуць. А тут адразу — нельга збірацца, забаронена праводзіць мітынгі. Усё зразумела — далі загад зверху», — мяркуе Аляксандар.

Ён прасіў не называць свайго імя і не даў кантактаў людзей, якія б маглі пацвердзіць ягоныя словы: «Проста яны пабаяцца што сказаць».

Памочнік дзяжурнага па Пінскім РАУС сказаў, што не ведае, чаму міліцыянты не дазволілі мясцовым жыхарам сабрацца каля Гарадзішчанскага возера на Купалле. «Гэта да начальства, а яго сёння няма», — сказаў дзяжурны.

Тэлефон Градзішчанскага сельскага савету раніцай у суботу не адказваў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: