Жыхару Магілёва прыгразілі, што забяруць дачку, калі ўбачаць яе на пратэставых акцыях

У Магілёве Сяргею Лапуціну, былому кіраўніку гарадскога штабу экс-прэтэндэнта на прэзідэнцтва Валера Цапкалы, вынеслі пракурорскае папярэджанне за ўдзел у пратэставай акцыі непаўналетняй дачкі, паведамляе «Свабода». 

Прысутнасць дачкі там зафіксавала міліцыя і накіравала матэрыялы ў камісію ў справах непаўналетніх Кастрычніцкага райвыканкаму.

На камісіі 1 кастрычніка Сяргей Лапуцін падпісаў дакумент аб азнаямленні з афіцыйным пракурорскім папярэджаннем. Па ягоных словах, у ім гаворыцца, што на несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах ён ставіць пад небяспеку сваю дачку. Яму прыгразілі: у выпадку паўторнага з’яўлення дзіцяці на падобных акцыях будзе ставіцца пытанне пра сацыяльна небяспечнае знаходжанне дачкі ў сям’і і яе могуць нават забраць ад бацькоў.

«Мне давялі, што ўдзел 6-гадовай дачкі на такіх мерапрыемствах непажаданы, — расказаў Лапуцін. — Яны не сказалі, што ён незаконны, але менавіта непажаданы, бо я не магу гарантаваць на такіх акцыях ёй бяспеку падчас затрымання».

Суразмоўца кажа: на ягонае пытанне, ці азначае гэта, што на масавыя гарадскія мерапрыемствы таксама пажадана не хадзіць, адказалі, што яны ўзгодненыя з адміністрацыяй і там бяспеку гарантуе міліцыя, а на несанкцыянаваных акцыях такіх гарантыяў няма.

Сяргей Лапуцін лічыць, што пракурорскае папярэджанне яму вынеслі, бо ўлада шукае слабыя месцы, каб спыніць ягоны ўдзел у акцыях пратэсту. На яго склалі ўжо тры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

«Яны бачаць, што пратаколы мяне не спыняюць і не палохаюць, таму знайшлі слабае месца, на якое можна націснуць: гэта сям’я і дзіця», — мяркуе актывіст.

Журналіста на пасяджэнне камісіі не пусцілі, патлумачыўшы, што «ён загадзя не звяртаўся з такім пытаннем». Акрамя таго, прагучаў аргумент, што імёны сяброў камісіі з’явяцца ў інтэрнэце, калі на пасяджэнні будзе прысутнічаць прэса.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: