Жыхары Брэста сабраліся на мітынг «Не свінцоваму заводу!»

У Брэсце 10 лістапада праходзіць тэматычны мітынг кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ Ірыны Амельянчук. Яна балатуецца па Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 2.
Адзін з папярэдніх мітынгаў у Брэсце

Адзін з папярэдніх мітынгаў у Брэсце

Акцыя ў рамках перадвыбарнай агітацыйнай кампаніі Амельянчук арганізавана на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Мітынг пачаўся а 12:00 выкананнем песні «Жыць» на музыку кампазітара Ігара Мацвіенка з народным тэкстам супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам.

У мітынгу ўдзельнічае каля 150 чалавек, у тым ліку старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі. Людзі, якія сабраліся, трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі руху «За Свабоду», жоўтыя шары і жоўтыя сцягі са словам «Жыць» як сімвалам барацьбы супраць акумулятарнага завода.

«Я прыехаў у Брэст, каб падтрымаць герояў беларускага супраціву, людзей, якія амаль выйгралі бітву за здароўе і бяспеку пражывання ў Брэсце, тых, хто не спалохаўся рэпрэсій, пагроз, фальшывых крымінальных спраў, тых праціўнікаў завода, якіх не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты або знялі з перадвыбарчай гонкі», — заявіў БелаПАН Рымашэўскі.

Давераная асоба Амельянчук, праціўніца завода Алена Макарэвіч, якую не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 3, распавяла на мітынгу пра шматлікія парушэнні пры праектаванні і будаўніцтве завода. «22 месяцы мы стаім на варце закона. Мы шчыра хацелі дапамагчы дзяржаўным структурам разабрацца ў сітуацыі з акумулятарным заводам і ліквідаваць памылкі, выяўленыя нашымі актывістамі. 22 месяцы перапіскі, хаджэнні па інстанцыях паказалі, што ні адна дзяржструктура не зацікаўленая вырашаць пытанні па сутнасці. На тысячы зваротаў мы атрымалі тысячы адпісак. Але мы ня будзем спыняцца і будзем дамагацца канчатковага закрыцця завода», — падкрэсліла Макарэвіч.

У гэты ж час на брэсцкай плошчы Леніна ў чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

«Сёння на плошчу прыйшло каля 70 чалавек, — паведаміў БелаПАН актывіст Дзмітрый Бекалюк. — Мы абмеркавалі апошнія навіны, звязаныя з гэтым прадпрыемствам, і яшчэ раз паказалі, што жыхары рэгіёну супраць гэтага небяспечнага для жыцця людзей прадпрыемства». Пасля гэтага прысутныя прынялі ўдзел у агітацыйным пікеце кандыдата ў дэпутаты Ігара Маслоўскага. Абласны лідэр сацыял-дэмакратаў балатуецца ў Брэсцкай-Пагранічным акрузе № 4. Пікет таксама быў прысвечаны сітуацыі вакол акумулятарнага завода.

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!