Жыхары Фаніпаля выступілі супраць будаўніцтва мабільнай вышкі каля гімназіі і жылога дома

«Аб якім здароўі дзяцей можа ісці гаворка, калі стадыён гімназіі і гульнявыя пляцоўкі будуць у зоне моцнага электрамагнітнага выпраменьвання», — паскардзіліся МЛЫН.BY жыхары дамоў № 13 карпусоў 1 і 2 па вуліцы Брэсцкай у Фаніпалі.
Саракаметровую вежу сотавай сувязі кампаніі МТС цяпер будуюць паміж жылымі дамамі і Фаніпальскай гімназіяй. Завяршыць усе працы на аб'екце плануюць да 22 жніўня 2019 года. Гараджанам такое суседства не падабаецца, яны ўпэўненыя, што электрамагнітнае выпраменьванне ад вышкі адаб'ецца на здароўі іх дзяцей. Таму патрабуюць перанесці будпляцоўку вышкі ад навучальнай установы ў прамысловую зону.

Зрабіць гэта наўрад ці атрымаецца. Бо, па словах прадстаўнікоў мясцовай улады, будаўніцтва вышкі адбываецца ў рамках закона і ў адпаведнасці з дзеючымі нормамі.

Ніякай небяспекі будынак не ўяўляе, выпраменьвання ад яго будзе не больш, чым ад мабільнага тэлефона, — растлумачыў старшыня Фаніпальскага гарвыканкама Уладзімір Караневіч. — Для ўстаноўкі гэтай базавай станцыі кампаніяй атрыманы дазвол Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта, станоўчае заключэнне будаўнічай экспертызы і заключэнне цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Пасля запуску абсталявання таксама будуць праведзены фактычныя замеры сыходзячага ад яго электрамагнітнага выпраменьвання.

Свае словы кіраўнік горада падмацаваў адпаведнымі дакументамі.

У санітарна-гігіенічным заключэнні № 1022-ап, датаваным 19.12. 2018 г., значыцца 6 праектаў разлікаў санітарна-ахоўных зон і зон абмежавання забудовы радыётэхнічных аб'ектаў СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы». Сярод іх 4 мачты сувязі (у в. Кучкуны Валожынскага раёна, у в. Сысуны Маладзечанскага раёна, у в. Ходаково і в. Дубовы лес Мінскага раёна) і дзве вежы (у Фаніпалі і в. Медведино Вілейскага раёна).

У заключэнні за подпісам намесніка галоўнага ўрача Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вячаслава Калячкі напісана, што ўсе гэтыя праекты «адпавядаюць патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва». Таксама ўдакладняецца, што пры ўводзе ў эксплуатацыю аб'ектаў, кампаніі неабходна прадаставіць санітарныя пашпарты для ўзгаднення ў ГУ «Мінскі абласны ЦГЭОЗ» і правесці інструментальныя замеры узроўняў шчыльнасці патоку энергіі электрамагнітнага выпраменьвання на прылеглых тэрыторыях.

Варта адзначыць, што па жаданні жыхароў вымярэнні узроўняў электрамагнітнага поля супрацоўнікамі цэнтра гігіены могуць быць праведзеныя і ў жылых дамах, размешчаных побач. Выпраменьванне павінна быць не вышэй за дапушчальны ўзровень электрамагнітнага поля для насельніцтва ў Беларусі — 10 мкВт/см².

Па дакументах пацерпіць толькі невялікая зялёная зона: прыбяруць травяное покрыва плошчай 106 м2, але пазней адновяць 42 м2. За сапсаваны газон кампанія абавязаная будзе выплаціць 16 базавых велічыняў (392 рубля) Дзяржынскаму ЖКГ.

Другое пытанне, якое цікавіць гараджан, чаму МТС не можа ўсталяваць сваю вежу ў прамысловай зоне, якая займае большую частку тэрыторыі горада і дзе няма жылых дамоў, школ і іншых сацыяльных аб'ектаў? Яго адрасавалі аператару сотавай сувязі, але адказ пакуль атрымаць не ўдалося.

У цяперашні час пытанні бяспечнай для здароўя насельніцтва ўстаноўкі і эксплуатацыі базавых станцый сотавай рухомай электрасувязі рэгламентуюцца санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі «Гігіенічныя патрабаванні да ўсталёўкі і эксплуатацыі сістэм сотавай сувязі» (рег. № 14 ад 01.02.2010 г). Дадзены дакумент ўсталёўвае ў Рэспубліцы Беларусь гранічна дапушчальныя ўзроўні электрамагнітнага поля для насельніцтва, працоўных месцаў асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў, і жанчын у перыяд цяжарнасці — 10 мкВт/см² (Тэрыторыя жылой забудовы і месцаў масавага адпачынку; памяшканні жылых, грамадскіх і вытворчых будынкаў) . Якія-небудзь забароны або абмежаванні на размяшчэнне базавых станцый сотавай сувязі на любых аб'ектах і тэрыторыях, у тым ліку ў жылы забудове, адсутнічаюць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: