Жыхары Паўночнага пасёлка: «Няхай Дразды знясуць!»

Дэпутат Мінскага гарсавета Ігар Русакевіч у адпачынку. Замест яго на сустрэчу з жыхарамі Паўночнага пасёлка, які запланавалі пад знос, прыйшоў яго памочнік. Размова прайшла надзвычай эмацыйна.


Паўночны пасёлак. Фота Яўген Ерчак. tut.by


Школьны клас у СШ № 172, дзе праходзіла сустрэча, быў запоўнены бітком. Памочнік дэпутата, які сам прадставіўся проста Ігарам Эдуардавічам, адразу разагрэў аўдыторыю:

— Я адразу хачу вас папярэдзіць, каб не было ілюзій з вашага боку наконт дэпутата. Дэпутат гарсавета — гэта нават не дэпутат Нацсходу. Вы самі разумееце, ён працуе на грамадскіх пачатках.

— Але вас выбіралі мы, правільна? — заўважыла адна з ініцыятарак сустрэчы, Таццяна. — І вы павінны адстойваць нашы інтарэсы. Мы выбіраем вас на чатыры гады. І далейшае ваша вылучэнне, даруйце, ад нас залежыць. Вы можаце зрабіць запыт.

— Я ведаю цудоўна і праблемы каналізацыі, і праблемы зносу, і ўсяго астатняга. Ваш зварот будзе вывучаны, будзе зроблены запыт. Але я вам хачу сказаць, што я не ўпэўнены ў тым, што нам прыйдзе не такі ж адказ, як і вам. І для таго, каб вы не мелі проста ілюзій, я кажу так, як яно ёсць.

 Чытайце таксама: Маланка б’е двойчы: Паўночны пасёлак зноў пагражаюць знесці 

Не вытрымаў адзін з мужчын:

— Гэта не можаце, тое не можаце. Што вы можаце? Навошта вас выбіралі? Гаварыльняй толькі займаецеся.

Жыхары пачалі закідваць памочніка пытаннямі пра грамадскія слуханні, аб якіх ніводзін з прысутных не чуў. У выніку, як сцвярджаюць чыноўнікі, жыхары Паўночнага пасёлка далі дабро на знос іх дамоў.

Мужчына: “Ці быў гэты сход? Пакажыце подпісы”.

Ігар Эдуардавіч (прозвішча — Кузьмін. — НЧ.) : “Гэта было ў 172-й школе, гэта было тут. Быў намеснік главы адміністрацыі па будаўніцтву, намеснік па ідэалогіі і г.д. Адміністрацыя раёна абавязана апавяшчаць людзей праз СМІ і іншымі шляхамі — гэта так. А робяць яны гэта ці не — мы гэта не правяраем”.

Таццяна: “Я вам абяцаю, што мы пройдзем увесь Паўночны, кожны дом. Калі кожны паставіць подпіс пад нашым лістом, значыць, людзі не ведалі. І мы дакажам — гэта было нерэальна. Што там за людзі на сходзе былі, незразумела”.

Адна маладая жанчына прапанавала звярнуцца да відэакамер, якія ўсталяваны ў школе. І высветліць, ці былі грамадскія слуханні і хто на іх прысутнічаў. Памочнік дэпутата зазначыў, што ў яго няма права запытваць відэазапісы.

Таццяна паспрабавала ўсяліць у памочніка аптымізму: “Калі вы нас падтрымаеце, прэса нас падтрымае, тэлебачанне падтрымае — паверце, увесь Паўночны падключым — і мы адстаім свой раён. Але мы просім дапамогі”.

Ігар Эдуардавіч: “Мы будзем абараняць вашы правы”

— Якія крокі вы будзеце рабіць. Мы хочам ведаць канкрэтна. Якія?

— Звернемся і ў Заводскі выканкам, і ў Мінгарвыканкам, і ў горадабудаўнічыя арганізацыі.

Жанчына з прысутных: “За нашымі спінамі ўжо ўсё вырашылі. Таму што мы хто? Мы рабацягі. Каторыя ўсё жыццё будавалі — я будавала, мае дзеці будуюць. Напляваць. Дадуць адну халупку якую, пакойчык. І будзьце здаровы. Хаў ду ю ду! Мы ўклаліся ў дамы — вокны памянялі, фундамент памянялі, дахі памянялі. Я не выехала ні на адпачынак, ні на лячэнне. Я будуюся — для таго, каб мець сто метраў. Уся сям’я са мной жыве. І нявестка, і ўнук, і хворая маці была”.

Ігар Эдуардавіч: “Я вам сказаў — я буду вашы інтарэсы абараняць. Чаму вы зараз на мяне нападаеце? Мне што — узяць пісталет і пайсці ўсіх пастраляць?”

“А што нам рабіць? Таксама браць пісталеты і ісці страляць? — абурана адрэагавалі жанчыны. — Вы ў адной запрэжцы працуеце. Калісьці з Нацсходу наша дэпутат нам дапамагла. Але потым яе проста не выбралі. Таму што ёй закрылі ўсюды дарогі”.

Ігар Эдуардавіч: “Добра, я вас пачуў”.

— Вы нас пачулі? Вы нас не пачуеце ніколі! Я хачу класціся спаць і прачынацца з адной умовай, што я буду тут жыць вечна. Я хачу спакойна спаць.

Ігар Эдуардавіч: “Я вам спаць не даю?”

— Так, вы нам не даяце спаць. Разам з уладай.

— Нам патрэбны змагар, які будзе адстойваць нашы правы. Вось тады вы будзеце на сваім месцы. А калі вы хочаце моўчкі, то, даруйце, не займайце чужога месца. А сядзець моўчкі — “добра, я прыму, добра, я перадам, я атрымаю адказ і вам паведамлю” — ён нам перадасць адказы! Гэта як пасярэднік. Нам трэба, каб вы змагаліся. І не моўчкі, а з кулакамі.

Ігар Эдуардавіч: “Я кажу сумленна. Я кажу так, як яно ёсць, разумееце? Таму што маса пытанняў было, калі людзі махалі шашкамі і казалі: “Я дапамагу!” І ні хрэна пры гэтым не дапамагалі. Так навошта мне памылкі іншых рабіць? Вы што Бога чакалі да сябе ў госці?!”

Размова працягвалася каля паўгадзіны. І скончылася, як і пачыналася — на высокіх тонах. Падчас яе, дарэчы, жыхары даведаліся, што дэпутат Русакевіч і яго памочнік, як сказаў апошні, “ужо другі тэрмін на пасёлку”.

Пасля сустрэчы жыхары выказаліся журналісту “НЧ” — і пра ўражанне, і пра план далейшых дзеянняў.

— Гэта жахліва. Адна балбатня. Ён нічога канкрэтнага не сказаў, — сказаў Генадзь Балабановіч. — Навошта тады гэта ўлада патрэбна, калі не адстойваць інтарэсы народа? Для чаго мы іх выбіраем? Каб яны адстойвалі нашы інтарэсы, вырашалі справы ў нашых інтарэсах. А не ў справах кагосьці аднаго ці двух. Яны баяцца слова сказаць. Гэты будзе маўчаць і нічога не скажа.

“Я зусім не задаволена, — падыйшла жанчына. — Чалавек не адказаў зноў ні на адно наша пытанне. Як у адміністрацыі нічога не сказалі, так і тут. Усё нейкія абяцанкі-цацанкі. І ўсё. І зноў нічога”. Суразмоўца ўзгадала, як людзі змагаліся і адстаялі свае дамы некалькі гадоў таму:

— У 2011 годзе у нас быў велізарны сход. Дзе былі усе — і КДБ сядзеў, і АМАП прысутнічаў, стаялі аўтазакі. Таму што нас хацелі ўжо грузіць усіх. Але ў той жа дзень адбыўся выбух у метро. Нас не забралі. Зноў трэба будзе збіраць такі сход велізарны. Гэта ненармальна. Пяць гадоў праходзіць — і цябе зноў пачынаюць калашмаціць.

Жыхары нагадваюць, што ваду і камунікацыю яны праводзілі за свае грошы. Як і ўклалі сродкі ў будаўніцтва дамоў: “Нашы бацькі лес карчавалі, іх ніхто не хваляваў. Ніякіх пазыкаў, усё на сваім пупе. І зараз чамусьці знасіць? А чаму? Няхай Дразды знясуць!”

Галоўны архітэктар паведаміла жыхарам, што будзе “кропкавае выхопліванне прыватнага сектара”. І гэта ўжо робіцца — улады адшчыпваюць тэрыторыі ад прыватнага сектару і будуюць шматпавярховікі. Паводле словаў жыхароў, гэта робіцца, каб не было масавых пратэстаў: “Што значыць выхопліваць? Вось сёння тут дзесяць дамоў знясем. Людзі не змогуць малой колькасцю сур’ёзна ваяваць. Заўтра дзесьці яшчэ дзесяць зруйнуюць. То там шматпавярховік з’яўляецца, то там”.

— Чаму я мінчанка, якая ўсё жыццё пражыла тут, павінна з’язджаць незразумела куды? — далучаюцца іншыя жыхары. — Чаму карэнныя жыхары, якія жывуць 3–4 пакаленні ў гэтых дамах, павінны з’язджаць? І жыць у гэтых мяшках! А хто прыедзе сюды на маё месца? З іншых месцаў прыедуць засяляцца ў шматпавярховікі? Альбо кітайцы? Дык кітайцам, значыць, — калі ласка. А карэннаму жыхару — вон адсюль нафіг!

Пакуль людзі спускаліся па лесвіцы да выхаду — не спыняліся абурацца. Расстроеная маладая жанчына распавяла пра свае расліны, якія набывала і ў калекцыянераў, і за мяжой:

— Я столькі працы ўклала. Незвычайныя гатункі. Тэлебачанне прыязджала і здымала. І ўсё вельмі прыгожа. І гэта вось усё потым проста ўзяць і выкінуць? Паміма таго, што грошы, тут душу ўкладаеш жа! Вельмі шкада. Таксама і дом. Той раз казалі: будуць знасіць. Потым, быццам бы, не. Людзі збіралі грошы, дабудоўваюць дамы. А тут раз — і будуць знасіць. Начамі не спіш, у кампутары сядзіш — праектуеш. Нават той жа вадаём мы рабілі. Ну калі б нам сказалі дакладна, што праз пяць гадоў будуць знасіць, я б не будавала гэты вадаём. Збярэцца подпісаў вельмі шмат. І нават выйдуць людзі на вуліцу. Таму што вельмі згуртаваны Паўночны пасёлак. Я думаю, што людзі будуць выхадзіць і мітынгаваць. А настроены вельмі рашуча.

Блізкасць метро, наяўнасць камунікацый, лес. Гэта ўсё, на думку жыхароў, робіць іх раён спакуслівым кавалкам для забудоўшчыкаў. “Гэта проста жахліва, — кажа яшчэ адзін жыхар, Арцём. — Я ўклаў такія сумы — збіраў 10 гадоў. Я нідзе не адпачываў, я нікога не бачыў. Я з Беларусі не выязджаў. Наогул адмаўляю сябе ва ўсім. Таксама зараз у пазыках. Плачу падаткі ўсюды, працую на знос на дзвюх працах, каб пабудаваць гэты дом. У мяне пайшло 700 мільёнаў старымі грашыма. І тут прыйдуць з бульдозерам і знясуць?! То зараз я наогул не ведаю, што мне рабіць!”.

Актывістка Паўночнага пасёлка Таццяна падсумавала:

— Якія вынікі? Той самы вынік, што было і ў выканкаме. Я думала, чалавек скажа: “Так, я пайду за вас, я буду адстойваць ваш пункт гледжання. А тут усё так вяла. Мы яго вымусілі проста сказаць пра тое, што ён будзе адстойваць нашы правы. Калі б мы так не настойвалі, напэўна, гэта не прагучала б. Вось і ўсё. Ну ён сказаў, што “я буду адстойваць ваш пункт гледжання”. Калі ўбачыў, што народ абураны. А мы будзем збіраць подпісы па ўсім раёне. Пісаць далей. Мы ў пракуратуру горада напішам. Мы будзем вырашаць гэта пытанне вышэй, калі нас не могуць пачуць. Гэта нашы дамы, гэта наша жыццё. Канешне, мы будзем змагацца!

P.S. Дзеянні жыхароў, якія звярнуліся ў розныя інстанцыі з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі грамадскія слуханні, а таксама выключыць знос іх дамоў пад шматпавярхоўкі, не засталіся па-за ўвагай. Адміністрацыя Заводскага раёна прызначыла жыхарам Паўночнага пасёлка сустрэчу 16 лістапада, 17.30 (СШ № 172, вул. Ахоцкая, 141).

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: