Жыхары вёскі Пятралевічы жывуць без пітной вады

У народзе кажуць, што ад стану пітной вады залежыць наша здароўе. Гадоў 5-7 таму ў вёсцы Пятралевічы Слонімскага раёна дзеці пачалі хварэць жаўтухай. І прычынай стала дрэнная якасць пітной вады.



Вяскоўцы напісалі заяву ў раённую санэпідэмстанцыі. Прыехала праверка. Узялі на аналізы ваду з вясковых студняў. І, сапраўды, аказалася, што ваду з усіх калодзежаў вёскі нельга піць.

Нітраты перавышалі дапушчальныя нормы. А ў некаторых студнях яны перавышалі норму ў 40 разоў. Санэпідэмстанцыя дазволіла піць вяскоўцам ваду толькі кіпячоную, а дзецям зусім нельга яе ўжываць.

Пасля сталі вазіць ваду ў вёску ў бочках. Дзякаваць Богу, вёска Пятралевічы знаходзіцца амаль у рысе горада. Таму Слонімскі водаканал пачаў праводзіць работы па бурэнню свідравіны.


Але пасля гэтага вада ў многіх студнях знікла зусім — і нават тая, якую нельга піць. Ды з цягам часу не сталі ў вёску прывозіць і пітную ваду ў бочках.

Вяскоўцы пачалі абурацца дзеяннямі слонімскіх вертыкальшчыкаў. Таму на адным са сходаў было вырашана абмеркаваць пытанне цэнтральнага водазабеспячэння вёскі.

Усе людзі ўзрадаваліся такой прапанове, але радасць была нядоўгай, бо чыноўнікі са Слонімскага райвыканкама сказалі, што цэнтральнае водазяспячэнне вёскі будзе зроблена толькі за кошт вяскоўцаў. Кожны вясковец павінен аплаціць ад 1330 да 2000 беларускіх рублёў. Але для вяскоўцаў гэта даволі вялікія грошы, і не ўсе іх могуць дастаць з кішэні і аплаціць. Праўда, людзі пагадзіліся аплаціць падводку трубаў да сваіх дамоў, але не ўвесь праект.


Па словах грамадскага актывіста Слоніма Віктара Марчыка, у Слонімскім райвыканкаме сродкі на правядзенне цэнтральнай трубы водазабяспячэння ў вёсцы Пятралевічы ёсць і выдаткаваныя, але чыноўнікі хочуць ажыццявіць гэты праект за кошт людзей. Таму пакуль жыхары вёскі Пятралевічы шмат гадоў жывуць без пітной вады. І пытанне гэта ніяк не вырашыцца наконт вяскоўцаў.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!