Жыллё для шматдзетнай сям'і ў Слуцку пабудавалі з золата?

Маці шасцярых дзяцей на працяу шасці гадоў шукае праўду пра будаўніцтва дома з дапамогай дзяржаўных субсідый.
Шмадзетная маці са Слуцка нават праз шэсць гадоў не можа зразумець, чаму яна мусіла заплаціць больш за 100 мільёнаў рублёў за будаўніцтва жылля, маючы дзяржаўную субсідыю.

Пра складаную гісторыю будаўніцтва льготнага жылля для шматдзетнай сям’і Веры Няронскай па адрасе 1-ы завулак Урыцкага, 18 у Слуцку карэспандэнт НЧ распавядала яшчэ вясной 2018 года.

Тады жанчына скардзілася, што нават пры недахопе квадратных метраў ёй чамусьці не хапіла вылучанай з лішкам дзяржаўнай субсідыі на будаўніцтва і прыйшлося даплаціць яшчэ 103 мільёны рублёў з уласнай кішэні, улезці ў вялікія пазыкі па выплаце камерцыйных крэдытаў.

Вера Няронская спрабавала даведацца аб прычынах непамернай дарагавізны будаўніцтва жылля ў параўнанні з іньшымі дамамі для шматдзетных сем’яў у Слуцку: звярталася да кіраўніцтва жыллёва-будаўнічага кааператыву №37, ва ўсе ўладныяі кантрольныя ўстановы. Сабрала валізку папер. З таго часу прайшло два гады.
Вера Няронская

Вера Няронская


Ці задаволеная жанчына вынікамі перапіскі і як жыве зараз яе сям’я? Пра гэта карэспандэнт НЧ пагутарыла з Верай Няронскай.

У маім жыцці адбыліся цудоўныя змены, — усміхаецца жанчына, — вось яна, самая галоўная змена і прыбытак — 6-месячны Багданчык.

Зараз у сям’і ўжо шасцёра дзяцей, двое з якіх наведваюць школу. Па словах шматдзетнай маці, апошнія два гады перапіскі з уладамі не прывялі ні да якіх вынікаў. Яна так і не атрымала доступу да дакументаў па будаўніцтве. Рэспубліканскія інстанцыі адфутбольвалі яе ў абласныя, а тыя — у Слуцкі райвыканкам. Райвыканкам адсылаў да кіраўніцтва жыллёва-будаўнічага кааператыву. А з ім перапіску немагчыма ажыццяўляць па элементарнай прычыне: ён не мае нават юрыдычнага адрасу. Высветлілася, што пытанне цяжка вырашыць нават праз судовыя інстанцыі, паколькі былая старшыня ЖБК раптоўна скончыла жыццё самагубствам. Бухгалтарка ЖБК заяўляе, што не мае дачынення да справы з будаўніцтвам, паколькі яна адтуль ужо звольнілася.

Канцоў не знайсці, — уздыхае жанчына. — Паспрабую праз суд звярнуцца да былога бухалтара кааператыву, каб яна ўсё ж прадаставіла ўсе каштарысы па будаўніцтве. Я нікога не хачу абвінавачваць, не хачу казаць, што хтосьці «нагрэў рукі» на будаўніцтве майго жылля і маіх суседзяў, але мне здаецца, што тут штосьці не так. Ну не мог наш дом каштаваць больш за суседні дом для шматдзетных сем’яў, бо нічога «залатога» мы тут не мелі. Дзіўна, што дзяржаўныя кантрольныя органы адмовіліся ад сур’ёзнай праверкі, хаця тут былі задзейнічаны немалыя дзяржаўныя грошы. Яшчэ больш дзіўна, што немагчыма атрымаць доступ да папер, звязаных з будаўніцтвам дома.

Каб выплаціць крэдыты, пераехалі ў вёску, дзе працуе муж, — працягвае гаспадыня дома. — Паколькі жыллёвай плошчы ў горадзе для пражывання ўсёй нашай сям’і недастаткова, а жыць там да таго ж і холадна, сельскагаспадарчае прадпрыемства выдзеліла ўвосень для пражывання дом у вёсцы Кірава. Ільгот пры аплаце камунальных паслуг мы не маем, затое ўзаралі ўчастак вакол дома, будзем саджаць у агародзе бульбу, агародніну, зеляніну. Дзеці вельмі задаволеныя, паколькі ёсць мачымасць больш часу праводзіць на паветры. А летам будзе на стале свая гародніна, усё неяк весялей.

На пытанне аб дзяржаўнай дапамозе дзецям суразмоўца адказала, што атрымлівае штомесячную адрасную выплату памерам у 970 рублёў на сям’ю. Сярэднямесячны заробак мужа складае прыкладна 400 рублёў. Калі ўсё скласці, атрымліваецца сямейны бюджэт у 1300-1400 рублёў. На 8 чалавек гэта не так ужо і многа, паколькі кватэрны крэдыт яшчэ не выплачаны. Доўг складае каля 1,5 тысячы долараў. Вера Анатольеўна не хавае сваёй зацікаўленасці ў тым, каб разам з дзяржаўнай дапамогай кожны член сям’і мог мець хаця б пражытачны мінімум.

Двое дзяцей ходзяць у школу. Пры падрыхтоўцы да школы атрымліваем на іх яшчэ па 55 рублёў, але іх хапае толькі на школьныя прыналежнасці. Зразумела, што на гэтыя грошы нельга купіць ні форму, ні абутак.

Вера Анатольеўна ўсё яшчэ мае надзею даведацца праўду аб фінансавых затратах на будаўніцтва дома для шматдзетных сем’яў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: