Жыллё са снегу сваімі рукамі. Пад Мінскам праходзіць «ІглуФэст 2018»

Пад Мінскам у гэтыя выходныя праходзіць «ІглуФэст». У суботу дваццаць шэсць чалавек пабудавалі дзевяць снежных дамоў. Некаторыя ўдзельнікі нават засталіся ў іх пераначаваць.
Першы «ІглуФэст» правялі ў Беларусі ў 2007 годзе. Потым прыхільнікі актыўнага адпачынку праводзілі фестываль ажна да 2013 года. Але апошнія чатыры гады пабудаваць грунтоўны снежны гарадок не ўдавалася: снегу заўсёды бракавала. Зараз пашанцавала — на палях пад Мінскам (на беразе Валкавіцкага вадасховішча) нарэшце сабралася дастаткова снегу, каб заняцца снежным домабудаваннем.

Іглу — традыцыйныя дамы эскімосаў. Каб іх пабудаваць, трэба насячы са снегу «цаглін», а потым шэраг за шэрагам выкласці з іх сцяны.
Уверсе іглу звужаецца, утвараючы дах купалам. Такое жыллё добра захоўвае цяпло, а адчувальна сагрэць паветра ўнутры здольны нават слабы агонь свечкі.

Самы якасны снег для пабудовы іголку — той, што злежваецца некалькі тыдняў. «Цагліны» з такога атрымліваюцца шчыльныя і моцныя.

— Каб пабудаваць іглу, трэба набрацца цярпення, — раіць адзін з арганізатараў «ІглуФэста» Аляксандр Лычаўка. — Напрыклад, трэба правільна разлічыць з «цаглінамі». Яны павінны быць досыць вялікімі і масіўнымі, каб вытрымліваць цяжар снегу зверху, але ў той жа час не настолькі цяжкімі, каб іх не змог падняць і трымаць у руках адзін чалавек.

Каб пабудаваць адно іглу, трэба гадзіны тры. Зрэшты, на гэты раз снег добра лепіцца (тэмпература паветра — ледзь вышэй за нуль), так што ў некаторых ўзвесці снежны дом атрымліваецца хутчэй.

Удзельнікі турклуба «Надзір» Аляксандр Ананіч і Георгій таксама будуюць іглу не ў першы раз. Аляксандр успамінае, як для трэніроўкі будавалі іглу ў гарах Архыз ў Карачаева-Чаркесіі. Тады ім здалося, што спаць у іглу зручней, чым у намёце.

Георгій падтрымлівае сябра:

— Я будаваў іглу некалькі разоў, ніколі не браў з сабой намёт. Адразу на іглу спадзяваўся — у ім заўсёды зімой было цяплей, чым у намёце. Наогул у краях, дзе шмат снегу ўсю зіму, іглу будуюць. Лыжнік праехаў па маршруце — у канцы яго пабудаваў іглу. Другі едзе па маршруце — можа ў іглу заначаваць, а потым усім ехаць далей, каб там ужо пабудаваць жыллё, якое пазней дапаможа камусьці.

Самая малодшая ўдзельніца фестывалю — двухгадовая Стася. Яе бацька, Аляксандр Лаханько, будаваў іглу раз шэсць, але ўпершыню ён на фестывалі з сям'ёй. Дзяўчынка з цікаўнасцю назірае, як яе бацькі ўзводзяць снежны дом.

— Дзіцяці проста пабыць тут, паўдзельнічаць у будоўлі снежнага жылля — не складаней, чым снегавіка зляпіць, — распавядае Аляксандр Лаханько. — А вось на ноч з дзіцем у іголку не застанешся, так што ў першы раз за ўсе гады не начую ў іглу, якое сам пабудаваў.

У першы дзень на «ІглуФэсце» пабывала 26 чалавек, двое з іх — дзеці. Некаторыя дарослыя засталіся ў іглу начаваць. Для параўнання: у 2013 годзе «ІглуФэст» сабраў больш за 80 чалавек. Падобна на тое, беларусы ў маласнежныя гады пачалі адвыкаць ад зімы.

 Затое ў гэты раз нарэшце нармальныя такія, беларускія, іглу атрымаліся, — падсумаваў, сыходзячы, адзін з удзельнікаў «ІглуФэста».

Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!