«Жывая вясна — 2020»: Беларусь другая з 59-ці краін-удзельніц

Сёлета з усіх краін-удзельніц на сайт кампанii «Жывая вясна» паступіла 11669 назіранняў птушак-вестуноў вясны. Ад нашай краіны — 1734. Беларусь заняла 2-е месца, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).
На першым месцы — Ірландыя (1157 назіранняў), на трэцiм — Чэхiя (1155 назіранняў). Месцы размяркоўваюцца паводле колькасці назіранняў адносна колькасці насельніцтва.

Падчас міжнароднай кампаніі ўдзельнікі заносілі на інтэрактыўную карту свае першыя сёлетнія назіранні птушак-вестуноў вясны: белага бусла (927 назіранняў), вясковай ластаўкі (331 назіранне), свіргуля (266 назіранняў), зязюлі (173 назіранні), ластаўкі-зямлянкі (28 назіранняў), шчуркі-пчалаедкі (5 назіранняў) і вялікага зуйка (4 назіранні).

Чым больш на карту дадавалася назіранняў, тым больш насычаны рабіўся колер краіны. Так мы назіралі, як вясна прыходзіць у розныя куткі Еўропы. За апошнія 11 гадоў назіранняў сёлета раней, чым звычайна, у Беларусь прыляцелі белыя буслы (першае назіранне адзначана 1 сакавіка, у папярэднія гады — 4-18
сакавіка), вясковая ластаўка (першае назіранне адзначана 13 сакавіка, у папярэднія гады — 7-15 красавіка), свіргуль (першае назіранне адзначана 10 красавіка, у папярэднія гады 12 красавіка — 4 траўня).

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
— Сярод птушак «Жывой вясны» — толькі дальнія мігранты. Яны найбольш пакутуюць ад чалавека — браканьерства, знішчэнне месцапражыванняў на міграцыйным шляху, разлівы нафты і г. д. Да гэтых праблемаў дадалася і змена клімату. Птушкі прылятаюць як заўсёды, а казуркі і іншыя арганізмы, якія нікуды не ляцелі, ужо прайшлі тыя «смачныя» стадыі, на якія палююць птушкі. Як мы бачым, даты прылёту таксама трохі ссоўваюцца, але не так хутка, як трэба было б. Назірайце за птушкамі, беражыце клімат!

Сёлета ў рамках кампаніі АПБ выпусціла падкаст «Жывая вясна», у ім тры эпізоды: пра птушак-вестуноў вясны, пра міграцыю птушак і інтэрв'ю з арнітолагам Анастасіяй Кузьмянковай пра тое, як стаць арнітолагам і як быць добрым бёрдвочарам.

Менавіта гэта і было тэмай сёлетняй кампаніі — «Як быць добрым птушкаром?» Гэтае пытанне АПБ задала некалькім бёрдвочарам.

«У мaiм разуменнi добры птушкар — той, хто любiць птушак так, каб ім ад гэтай любовi не было горш (як мiнiмум), а было толькi лепей, — лічыць бёрдвочарка Ганна Лычкоўская. — Усё пачынаецца не з вызначальнiка на стале, а зусiм з простых дробязяў. Смецце ў спецыяльны кантэйнер, на ката ашыйнiк са званочкам, на вокны налепкі, каб аб шыбу не разбіваліся птушкі, у кармушку не класці батон.

Птушак падчас назiрання, вядома, не турбуйце, птушанят рукамi не чапайце i абавязкова распавядайце сябрам пра гэтыя правілы! Добра, калi вы да таго ж распаўсюджваеце iнфармацыю пра птушак, праекты па ахове дзікай прыроды — гэта цiкава i карысна. Шмат людзей не ведаюць, што гіль жыве побач не толькi ўзiмку, крумкач i варона не «муж і жонка», а частаваць качак булкамi ўвогуле не трэба. Толькі пасля гэтага ўжо i поспех у вызначэннi птушак па выглядзе цi па голасе можна залічваць».

Каб сярод нас было больш адказных птушкароў, АПБ пераклала адмысловую памятку — 9 найважнейшых правілаў добрага бёрдвочара. У межах кампаніі АПБ зрабілі дзве тэставанкі: правер, наколькі добра ты ведаеш птушак «Жывой вясны» і як добра ты ведаеш свіргулёў. Апошні тэст падрыхтаваны да Міжнароднага дня свіргулёў.

Да гэтай жа даты АПБ зрабіла і відэапамятку пра тое, як дапамагчы свіргулю, які ўпаў на зямлю.

Штогод АПБ атрымлівае дзясяткі лістоў з кранальнымі гісторыямі — на працягу кампаніі ўдзельнікі дзеляцца ўражаннямі ў Вясновым блогу:

«Каля вёскі Кастрыца заўважыў бусла - бачу яго штогод. У яго было белае апярэнне з чорнымі плямамі на крылах. Рады, што ён вярнуўся» — дзеліцца Мікалай з Барысаўскага раёна.

Вось так «Жывая вясна» ляцела ў Беларусь. Дзякуй усім, хто сустракаў птушак разам з «Жывой вясной»! Кампанія «Жывая вясна» ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.


Паводле прэс-рэліза


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: