Вы праглядаеце старонку конкурсу маладых журналістаў імя Аляксея Караля за 2016 год.
Матэрыялы апошняга конкурсу можна знайсці тут.

  • Колькасць галасоў у конкурсе: 57

Акадэмічныя свабоды: пытанне ў мазгах

У Сусветны дзень моладзі, які адзначаецца 10 лістапада, нельга не задацца пытаннем: якая будучыня ў беларускіх ВНУ, асабліва пасля таго, як наша краіна далучылася да Балонскага працэсу? На жаль, адказ на яго не святочны.


Замежная мова як рухавік

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у Беларусі навучаюцца больш за 16 тысяч замежных студэнтаў з 92 дзяржаў. Міжнародным мовай для навучання прызнаная англійская. Тым не менш, праграмы замежных моваў у ВНУ Беларусі скарачаюцца.

У тым жа БДУ англійскую, нямецкую і французскую для няпрофільных спецыяльнасцяў вырашылі скараціць амаль удвая. Што ж рабіць студэнтам, якія хочуць мець зносіны з замежнымі калегамі, падарожнічаць і вучыцца ў Балонскай сістэме?

Выйсце знайшлі цяпер ужо былыя студэнты фізічнага факультэта БДУ. Яны арганізавалі «Student English Club».

«Ідэя пачала зараджацца, калі я і два маіх сябра вырашылі, што нам трэба больш практыкі на замежнай мове. Мы да гэтага доўга вывучалі англійскую мову ў школе, універсітэце, на курсах, але гутарковай практыкі катастрафічна не хапала», — распавёў адзін з заснавальнікаў клуба Ілля Карусейчык.

За год працы клубу ўдалося не толькі правесці дзясяткі заняткаў з выкладчыкамі англійскай, але і запрасіць на адкрытую лекцыю ў БДУ экс-пасла Вялікабрытаніі Бруса Бакнела, правесці конкурс эсэ на тэму Балонскай сістэмы і акадэмічнай свабоды студэнтаў, а таксама адправіцца ў Віленскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе гэтую свабоду ўбачыць на практыцы.

«Важная ідэя, якая ляжыць у аснове клуба — спроба актывізаваць студэнтаў, прымусіць іх перастаць плыць па плыні, узяць уласную адукацыю ў свае рукі. Задумацца над адукацыяй у цэлым, над адукацыйнымі працэсамі ў Беларусі. Інфармаваць студэнтаў, распавядаць ім пра Балонскі працэс, праграмы абмену», — падкрэслівае Карусейчык.


Самакіраванне дэкаратыўнае



Эксперты ў сферы адукацыі не лічаць «Student English Club» праявай студэнцкай волі, а толькі падкрэсліваюць паказную лаяльнасць ВНУ ў дачыненні да студэнцкіх ініцыятыў. Што да сапраўднага самакіравання, то яны прыгадваюць рух «#студентыпротив» і акцыю «Марш студэнтаў», калі ў 2015 годзе студэнты БДУ пратэставалі супраць увядзення платных пераздач.

«Дазвол на студэнцкія ініцыятывы можа давацца толькі пры адной умове: калі гэта істотна не змяняе палітыку ва ўніверсітэце. Калі студэнты хочуць прымаць рашэнні ў студэнцкім самакіраванні, універсітэт гэта ўсяляк забараняе. Патрэбны нейкі клуб па інтарэсах — калі ласка. Гэта не структура самакіравання. Таму не трэба падмяняць гэтыя рэчы. У аснове структуры самакіравання ляжыць кіраванне. Гэта значыць, магчымасць уключацца ў сістэму прыняцця рашэнняў пра лёс універсітэта. На жаль, нават асобны студэнт цяпер не можа на гэта ўплываць», — распавядае загадчыца кафедры сацыяльнай работы, кіравання і сацыяльнага права РГСУ ў Мінску Святлана Мацкевіч.

Гэтаму ёсць некалькі прычын: у большасці студэнтаў слаба выяўлена цікавасць да акадэмічных свабодаў і магчымасць аб’ядноўвацца, каб вырашаць праблемы навучання. Ці здольныя студэнты сапраўды мяняць адукацыйную палітыку?

«Самі студэнты кажуць аб праблеме артыкулявання сваіх інтарэсаў у ВНУ. Самакіраванне адыгрывае, хутчэй, дэкаратыўную ролю, яго задача — КВЗ і конкурсы прыгажосці (на фоне велізарнай колькасці гендэрных стэрэатыпаў у грамадстве). Структуры самакіравання, калі яны ёсць, не могуць уплываць на адукацыйную палітыку ва ўніверсітэтах. Тыя, хто прымае актыўны ўдзел у самакіраванні, з аднаго боку, праяўляюць актывізм, з другога — гэты актывізм часцяком падобны на канфармізм у негатыўным сэнсе», — адзначае эксперт і аўтар даследавання «Праблемы мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі: сацыяльныя і гуманітарныя навукі» Аляксей Братачкін.



Erasmus — фандрайзінг беларускіх ВНУ

У БДУ пачала дзейнічаць праграма некрэдытнай мабільнасці «Erasmus плюс». Акадэмічная мабільнасць адбываецца ў рамках двухбаковых пагадненняў з партнёрскімі ўніверсітэтамі. Таксама дзейнічае міжнародная крэдытная мабільнасць, міжурадавыя і міжведамасныя пагадненні, і разнастайныя міжнародныя стыпендыяльныя праграмы.

«Для таго, каб было выдзелена фінансаванне, еўрапейская ВНУ, што зацікаўлена ў супрацоўніцтве з БДУ, падае заяву на фінансаванне гэтага супрацоўніцтва ў сваёй краіне. Калі ВНУ атрымлівае грант — мы пачынаем сумесную працу», — распавядае галоўны спецыяліст па «Erasmus + Individual Mobility», начальнік аддзела міжвузаўскага супрацоўніцтва ўпраўлення міжнародных сувязяў БДУ Людміла Ганчар.

Эксперты ж адзначаюць, што мабільнасць студэнтаў складае толькі частку Балонскага працэсу — абмен і мабільнасць. Падобныя праграмы ў цэлым з’яўляюцца сродкам дадатковага фінансавання беларускіх ВНУ.

«Мабільнасць — гэта сродак, а не мэта. У Беларусі пад «Erasmus» працуюць пэўныя структуры ва ўніверсітэтах з вызначаным фінансаваннем. Там ідзе спецыфічны фандрайзінг. Любы ўніверсітэт зацікаўлены ва ўключэнні ў гэтыя праграмы з пункту гледжання фінансавага складніку. Мабільнасць — гэта ўсяго толькі інструмент для дасягнення вызначаных мэтаў. Хочацца крычаць: «Зразумейце саму мэту, а не захапляйцеся сродкамі», — адзначае Святлана Мацкевіч.

Але нават пабыўшы на стажыроўцы за мяжой і пабачыўшы, як ідуць справы са студэнцкімі свабодамі ў Еўропе, не ўсе студэнты разумеюць, што такое Балонская сістэма.


Балонская прастора: што насамрэч?


Экс-пасол Вялікабрытаніі Брус Бакнел у мінулым годзе падзяліўся са студэнтамі БДУ бачаннем Балонскай сістэмы, у якой вучацца яго сыны. І распавёў, што думаюць еўрапейцы, калі чуць пра Балонскі працэс.

Першае — гэта акадэмічныя свабоды. Наяўнасць акадэмічнага братэрства і студэнцкай асамблеі. Другое — інстытуцыянальная аўтаномія. Гэта значыць, што кожны ўніверсітэт можа валодаць сваім статутам, наборам правоў і свабод, а таксама вядзе ўласнае развіццё.

У еўрапейскіх універсітэтах дзейнічае правіла: «Вучоба, выкладанне і даследчая дзейнасць». Гэта значыць, кожная з гэтых трох частак прымяняецца да ўсіх удзельнікаў працэсу: як да студэнтаў, так і да выкладчыкаў.

Трэцяе — эфект спаборніцтваў. Паколькі Балонскі працэс уяўляе сабой адкрытае навучанне для людзей з усіх краін, то і спецыялістаў, якія прэтэндуюць на пэўную працу, становіцца больш і больш з кожным годам. «Яшчэ трэба памятаць: вышэйшая адукацыя — гэта не толькі тэарэтычныя веды, але і практыка», — адзначаў Брус Бакнел.

Пра недахоп практыкі беларускіх студэнтаў кажуць і шматлікія эксперты. А практыка на натуральных спецыяльнасцях — матэматыка, фізіка і гэтак далей — адсутнічае з-за немагчымасці арганізаваць новую скарочаную праграму і адсутнасць студэнцкай матывацыі да змены.

«У студэнтаў зараз «спажывецкі» інтарэс. Яны атрымліваюць адукацыйную паслугу, уключаюцца ў сістэму рынкавых адносін. Кіраўніцкія справы — гэта палітыка. Гэта адукацыйная палітыка, а не рынак і грошы», — распавядае Святлана Мацкевіч.




Містыфікацыя Балонскага працэсу

Яшчэ адна неабходная ўмова выканання акадэмічных свабод і самакіравання студэнтаў адлюстравана ў Дарожнай карце Балонскай сістэмы, якую Беларусь павінна выканаць да 2018 года. Эксперты сышліся ў меркаваннях, што асобныя пункты карты Беларусі давядзецца выканаць.

«Дарожная карта — нядрэнны дакумент, і да 2018 года Беларусь, хутчэй за ўсё, выканае некаторыя пункты (напрыклад, створыць нацыянальную рамку кваліфікацый і пачне выдаваць дадаткі да дыпломаў еўрапейскага ўзору). Пры гэтым многія істотныя пункты — напрыклад, выбары рэктараў, павага да акадэмічных свабодаў, незалежнае студэнцкае самакіраванне — будуць праігнараваныя. У беларускіх умовах і немагчыма ўявіць сабе іх паўнавартасную рэалізацыю», — адзначае эксперт «Ліберальнага клуба» Вадзім Мажэйка.

Іншыя эксперты дадаюць, што вымушаныя саступкі будуць рабіцца ў фармальным варыянце.

«Многія рэчы ва ўніверсітэтах гранічна фармалізаваныя. Гэта і вучоныя саветы, якія не прымаюць рашэнняў. Фіктыўна-адміністрацыйны падыход, хутчэй за ўсё, будзе прымяняцца ў далейшым пры доказе таго, што Беларусь усё ж такі прытрымліваецца Балонскіх прынцыпаў. Але ў такім выпадку задача Балонскага камітэта — «агаляць» гэтую фіктыўнасць, рабіць гэтыя рэчы публічнымі. Не даваць магчымасць моцна загульвацца беларускім ВНУ, а прымушаць перыядычна думаць пра стан адукацыі. А не апраўдвацца і не спісваць на Балонскі працэс многія няўдачы былых рэформаў», — робіць выснову Святлана Мацкевіч.

Рэфармаваць сістэму студэнцкага самакіравання радыкальнымі метадамі не атрымаецца. Для гэтага кожнаму асобнаму студэнту, выкладчыку, навуковаму супрацоўніку неабходна шмат часу і цярпення. Перш за ўсё, акрамя вучобы ва ўніверсітэце, трэба яшчэ і вучыцца самому. Інтэлектуальны застой у сістэме адукацыі вырашаецца самімі студэнтамі, якія павінны знайсці адказ на пытанне: «Што такое акадэмічныя свабоды, і што я хачу ад іх атрымаць?»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!