• Колькасць галасоў у конкурсе: 39

Феномен «Глуша», ці 13 парадаў для тых, хто хоча змяніць сваю малую радзіму

На Бабруйшчыне ў вёсцы Глуша разгарнулася грамадская кампанія па ўшанаванні памяці беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. Восенню там прэзентавалі арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча», краўдфандынгам сабралі грошы на бюст пісьменніка. 
Неяк «Новы Час» нагадваў, што за 25 год не з'явілася ні бюста, ні шыльды, якія былі б прысвечаныя беларускаму пісьменніку і грамадскаму дзеячу Алесю Адамовічу. І гэта тэрмінова трэба выпраўляць.

Прайшоў час — мы бачым іншую Глушу. За апошні год узгадкі пра яе ў медыя павялічыліся ў дзясяткі разоў. Здаецца, што да асобы Алеся Адамовіча ўлады дагэтуль ставяцца з асцярогай, бо ён пісаў і выказваўся на «нязручныя» тэмы: Чарнобыль, Курапаты, вайна... Да гэтага часу яго творы не ўключаныя ў школьную праграму, але пры гэтым мясцовыя ўлады ахвотна падтрымалі ідэю з ушанаваннем яго памяці.

«Адамовіч павінен быць адным з тых, хто аб'ядноўвае нас, беларусаў, нягледзячы на палітычныя погляды. Бо гэта наша агульная спадчына, іншай нам не дадзена», — кажа мясцовы актывіст Андрусь Архіпенка.

Насамрэч шмат вядомых беларускіх дзеячаў бяруць свае карані менавіта з вёсак. Але калі прыязджаеш туды, то, як правіла, магчымасці дазнацца пра гэта няма.

Мы сустрэліся з Андрусём, які ўласна і распачаў вялікую кампанію па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча на яго малой радзіме. Сам Андрусь нарадзіўся ў Бабруйску, яму 29 год, працуе ў адным з мінскіх рэстаранаў. «Новы Час» распытаў актывіста пра тое, як ладзіць праекты ў маленькіх мястэчках, як канструктыўна супрацоўнічаць з уладамі і ў чым паспяховасць феномена Глушы. На падставе гутаркі мы сфармулявалі 13 практычных парадаў, якія будуць карысныя тым, хто хоча змяніць сваю малую радзіму.

1. Выкарыстоўвай усе магчымыя інструменты актыўнасці, нават палітычныя

— Яшчэ два-тры гады таму мае веды пра Алеся Адамовіча абмяжоўваліся толькі тым, што гэта пісьменнік, які штосьці пісаў на тэму вайны. Дагэтуль многія беларусы ставяцца да яго гэтак жа, як і я раней.

У 2016 годзе я браў удзел у парламенцкіх выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты. У той выбарчай кампаніі таксама ўдзельнічала і старшыня глушанскага пасялковага Савету Марыя Сушчанка. Тады мы і пазнаёміліся. Цікава цяпер усведамляць, што ў іншых абставінах у звычайным жыцці мы наўрад ці пазнаёміліся б з ёй.

Хоць мы і выстаўляліся ад адной выбарчай акругі, канкурэнтамі адзін аднаго не лічылі. Мая перадвыбарчая кампанія была больш сканцэнтравана на Бабруйскай крэпасці, што таксама з’яўляецца культурна-гістарычнай каштоўнасцю, якую трэба адраджаць. Пры гэтым я хацеў больш даведацца пра іншыя праблемы, з якімі сутыкаецца акруга, ад якой я балатуюся ў дэпутаты. Тады Марыя Сушчанка распавяла мне больш падрабязна пра глушанскія праблемы і сітуацыю з Алесем Адамовічам. Мяне гэта вельмі зацікавіла і доўга не адпускала…
Удзел у выбарах таксама даў мне ўнікальную магчымасць зразумець людзей са свайго горада і раёна, якія ў іх патрэбы, чаго яны хочуць, як яны думаюць.

Пасля выбараў я вырашыў з’едзіць у Глушу і паразмаўляць з тутэйшымі. Я ведаў, што хутка будзе 90-годдзе з дня нараджэння Алеся Адамовіча. Паразмаўляўшы з дачкой пісьменніка Наталляй Аляксандраўнай, мы прыйшлі да высновы, што гэтую вялікую дату трэба неяк адзначыць. І няхай гэта будзе помнік Адамовічу на яго малой радзіме ў Глушы. З гэтага ўсё і пачалося.

2. Прыслухоўвайся да меркавання большасці, але рабі па-свойму

— У студзені 2017 года я вырашыў паўдзельнічаць у «Кірмашы праектаў» ад грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». На ім я прэзентаваў праект з бюстам пісьменніка Алеся Адамовіча. Але ў адказ атрымаў толькі крытыку, асноўным аргументам якой быў вельмі вялікі кошт — каля 30-40 тысячаў долараў.

Я разумеў, што сабраць гэтую суму ў Беларусі сваімі сіламі будзе вельмі складана. Мне казалі: «Кідай гэтую марудную справу, ты нічога не вырашыш». Таксама запэўнівалі, што супрацоўнічаць з дзяржаўнымі органамі бессэнсоўна. Але я не засяроджваўся моцна на гэтых словах. Я пачаў шукаць інфармацыю далей. У выніку іншыя скульптары сказалі, што ўсталяванне бюсту будзе каштаваць у разы менш. І вось менавіта ў той момант я зразумеў: «А гэта рэальна!»

3. Пачні рабіць, а каманда аднадумцаў падцягнецца

— На «Кірмашы праектаў» я прадстаўляў праект адзін. Хіба што папрасіў знаёмага, каб той расправацаваў 3D-макет месца, дзе мусіць быць усталяваны бюст Алеся Адамовіча. Гэты макет я выклаў у сацсеткі. Адразу ж са мной звязалася журналістка «Бабруйскага кур’ера» Марына Малчанава і спытала, калі я пайду ў райвыканкам. На той момант я пакуль не планаваў туды ісці. Але ёй адказаў, што збіраюся на наступным тыдні. То-бок Марына, якая потым стала часткай маёй каманды, адразу выступіла гэткім рухавіком, сама таго не ведаючы. Пазней да нас далучыліся вядоўца моўных курсаў «Мова нанова» ў Бабруйску Алеся Лацінская і дырэктарка тайм-клуба «13:87» Наталля Халанская.


4. Выкарыстоўвай сучасныя тэхалогіі для прасоўвання ідэі

— Калі мы схадзілі з Марынай ў Бабруйскі райвыканкам, нас выслухалі і падтрымалі ідэю з бюстам. Але на рэалізацыю патрэбны былі грошы. Мы вырашылі збіраць іх праз краўдфандынг на Talaka.org. Мы вырашылі стварыць петыцыю на Petitions.by, каб даведацца, наколькі гэта патрэбна беларусам і хто нас гатовы падтрымаць.

Пасля гэтага пачаўся актыўны этап збора подпісаў.

За ўвесь час мы назбіралі 625 папяровых подпісаў і 311 электронных. Гэтыя подпісы мы адправілі ў Міністэрства культуры і Магілёўскі аблвыканкам. Пры гэтым Мінкульт чамусьці электронныя подпісы не прыняў, спасылаючыся на спіс дакументаў, якія трэба прыкласці да іх згодна з заканадаўствам. Пісьмовыя ж подпісы ўлады ўзгаднілі без аніякіх праблемаў. Цікава, што гэта быў адзін і той жа зварот, але адказы прыйшлі розныя. Я быў вельмі здзіўлены.

Мэтай кампаніі па зборы подпісаў не было атрыманне нейкага дазволу. Галоўнае — прыцягненне ўвагі, падрыхтоўка глебы і ацэнка падтрымкі людзей.

З гэтых крокаў прозвішча Адамовіча пачало гучаць часцей і гучней. Людзі пачалі цікавіцца, хто гэты пісьменнік і што ён пісаў.

5. Публічныя мерапрыемствы — добрая нагода заявіць пра свой праект

— Публічныя мерапрыемствы вельмі важныя ў кампаніях, дзе ты збіраеш грошы, бо людзям трэба паказаць, што за той ці іншай ініцыятывай стаіць жывы чалавек. Яшчэ ў краўдфандынгавай кампаніі заўсёды трэба прыдумляць інфанагоды, каб нагадваць людзям пра збор сродкаў.

Адной з такіх інфанагодаў была прэмія імя Алеся Адамовіча. Гэта традыцыйная прэмія ПЭН-цэнтра, якая праводзіцца з 1995 года. Я папрасіў арганізатараў, каб напрыканцы мерапрыемства таксама далі слова, дзе я мог бы нагадаць людзям пра кампанію па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча. У 2018 годзе прэмію атрымаў Аляксандр Лукашук. Ён распавёў, як некалі Адамовіч падпісаў яму сваю кнігу словамі: «Алесю ад Алеся». З гэтымі словамі Аляксандр Лукашук вырашыў перадаць грашовую частку прэміі Наталлі Адамовіч на ўсталяванне бюста пісьменніку. Наталля ў сваю чаргу перадала грошы мне як каардынатару грамадскай кампаніі. Гэта было вельмі нечакана для нас усіх.

 Праз гэтае мерапрыемства і жэст Наталлі Аляксандраўны мы паказалі, што мне давярае дачка пісьменніка. Таму грошы пойдуць акурат на справу. На прэміі прысутнічала шмат журналістаў, і мы гэтым таксама скарысталіся. І ў дадатак да ўсяго атрымалі частку грошай.

6. Шукай пляцоўкі для прасоўвання сваёй ідэі, напрыклад, выбары

— Дарэчы, у 2018 годзе я зноў балатаваўся ў дэпутаты, але ўжо ў Бабруйскі гарадскі Савет дэпутатаў. Але мне тут ужо было неважна, прайду я ці не. Я выкарыстаў выбарчую пляцоўку для збору подпісаў за ўсталяванне помніка Алесю Адамовічу.

7. Выкарыстоўвай лідараў грамадскага меркавання ў кампаніях

— Каб прыцягнуць увагу да збора сродкаў, мы запусцілі флэшмоб #ЧытаемАдамовіча. Я пачаў наўпрост пісаць знакамітым людзям Беларусі, грамадскім дзеячам, каб падтрымалі ідэю флэшмоба. Першым адгукнуўся заснавальнік і саўладальнік беларускага інтэрнэт-рэсурсу TUT.BY Юрый Зісер. Паўдзельнічаць у зборы сродкаў я не прасіў. Але праз некаторы час ён пералічыў вялікую суму грошаў на рахунак. Мы былі прыемна здзіўленыя, бо такую вялікую суму адразу ніхто раней не ахваряваў. Юрый Зісер сваім прыкладам прыцягнуў шмат людзей да нашай кампаніі.

На збор сродкаў адгукнуўся і палітык Алег Гайдукевіч. Дзесьці год таму ён выказаўся: «Што вы збіраеце грошы на Чарнобыльскі шлях? Ёсць жа рахунак на музей Алеся Адамовіча, лепш бы туды гэтыя грошы пералічыліі!» Але тады на гэта ніхто не звярнуў асаблівай увагі. Праз некаторы час на рахунак на бюст было пералічана 500 рублёў. Пасля гэтага ён размясціў пост у фэйсбуку з заклікам да палітычных лідараў таксама падтрымаць збор сродкаў.

На апошні дзень збору сродкаў у нас было каля 80% ад патрэбнай сумы. У фэйсбуку я зрабіў адаведны пост. Праз некаторы час атрымліваю каментар, дзе Юрый Зісер напісаў, што Святлана Алексіевіч прасіла патэлефанаваць ёй. Яна таксама выказала жаданне дапамагчы.

Так паспяхова завяршылася нашая краўдфандынгавая кампанія. Агулам мы назбіралі каля шасці тысячаў долараў. Гэтыя грошы пойдуць на працу скульптара, адліўку, пастамент, транспартаванне.

8. Шукай праекты і ідэі, якія можна выкарыстаць у сябе

— Калі яшчэ праходзіў збор подпісаў за ўсталяванне бюста Алеся Адамовіча, у Бабруйску пачала дзейнічаць магілёўская Школа гарадскіх ініцыятываў «Цяпліца». На адным з першых заняткаў яе прадстаўнікі распавядалі, што яны паспелі зрабіць у Магілёве. Сярод іншага — Сцяна вершаў (на шэрагу магілёўскіх будынкаў змяшчаюцца радкі з вершаў дзесяці беларускіх паэтаў). І я падумаў тады: «А можа таксама ўзяць нейкую цытату з твора Адамовіча і змясціць яе на прыпынку?» Вось так і нарадзілася ідэя з прыпынкам Алеся Адамовіча.

На Школе гарадскіх ініцыятываў у Бабруйску адразу ўдзельнічала каля 40 ідэй. Праз галасаванне з іх выбралі тры, сярод якіх — «Прыпынак Адамовіча». Мы з камандай напрацавалі спіс дзеянняў, неабходных для рэалізацыі нашай ідэі. Праз тыдзень пасля прэзентацыі праекта я прыйшоў да дырэктаркі клуба «13:87» Наталлі Халанскай і сказаў: «Ну, давайце рабіць!» Адразу ў нас сфармавалася каманда з пяці чалавек. І яшчэ мая маці шостая.

На агульных сходах каманды мы распрацавалі анонсы, прэс-рэліз, конкурс эскізаў прыпынка Алеся Адамовіча. Але адзінае, што не зрабілі — гэта афішу, бо ў нас не было дызайнера. Дарэчы, у нас і дагэтуль вялікая праблема з дызайнерам, які б на валанцёрскіх пачатках змог бы нам дапамагаць.

Нядаўна адбылася цікавая гісторыя — мне патэлефанаў жыхар вёсцы Пабокавічы, што на Бабруйшчыне, адкуль родам Платон Галавач. Ён сказаў, што хоча па нашым прыкладзе зрабіць прыпынак Галавача ў гэтай вёсцы.

9. Паспрабуй данесці сваю ідэю праз мастацтва 

— Што тычыцца арт-аб’екта «Прыпынак Адамовіча», то першапачаткова гэта быў конкурс эскізаў. Але эскізаў мы так і не дачакаліся, таму вырашылі на падставе дасланых ідэй зрабіць штосьці адзінае. Тое, што атрымалася зноў вырашылі прэзентаваць на «Кірмашы праектаў», і знайшлі падтрымку.

Мастакоў мы шукалі самі. Глядзелі, чые працы і стыль нам падабаюцца. У выніку мы спыніліся на мінскім мастаку Аляксандру Благім (KONTRA). Прычым у яго ўжо быў падобны досвед, напрыклад, мурал Уладзіміра Караткевіча ў Рагачове.

Ён зрабіў эскіз, і літаральна за тыдзень мы ўзгаднілі яго з Бабруйскім райвыканкамам. Але ў чыноўнікаў была асцярога наконт партрэта пісьменніка на прыпынку. Баяліся, што сапсуюць, дамаляваўшы вусы яму ці яшчэ што. Але мясцовыя яго берагуць. Дагэтуль на прыпынку няма ніводнай рэкламкі нават.

За два дні «Прыпынак Адамовіча» быў гатовы. Прэзентацыю мы вырашылі зрабіць на фестываль «Глушанскі хутарок», які тут праходзіць штогадова.

10. Размаўляй з дзяржаўнымі органамі

— За час працы з дзяржаўнымі структурамі я зрабіў выснову, што трэба проста размаўляць і прыслухоўвацца да іншых. Такія звычайныя чалавечыя правілы. Чыноўнікі — таксама людзі, проста са сваімі поглядамі і меркаваннем. І калі ты хочаш нейкага канструктыву ў супрацы — трэба шукаць кампрамісы.

Напрыклад, калі на пачатку конкурса эскізаў «Прыпынак Адамовіча» мы папрасілі Бабруйскі райвыканкам размясціць у сябе на сайце інфармацыю пра конкурс, яны згадзіліся. У мяне пыталі ўсе, як я гэта зрабіў. А я проста папрасіў. Гэта нескладана.

Прыкладна гэтак жа я размаўляў і з працаўнікамі ДЭУ. Першапачаткова прыпынак у Глушы быў нахілены, яго трэба было выправіць. Я адразу пайшоў у ДЭУ і папрасіў іх зрабіць гэта. Праз два тыдні яго выраўнялі. Я не пісаў ніякіх зваротаў, не збіраў подпісы і не дасылаў скаргі, я проста па-чалавечаму папрасіў. Такая ж гісторыя была і з падрыхтоўкай прыпынку да малявання. Трэба было патынкаваць, пагрунтаваць яго. ДЭУ таксама хутка ўсё зрабілі. Прычым усе іх працы нам не каштавалі ні капейкі. То-бок, у праекце «Прыпынак Адамовіча» нам толькі трэба было аплаціць працу мастакоў (прыкладна 750 долараў).

11. Удзельнічай усюды, бо досвед — самая каштоўная рэч у любым праекце

— Ідэя «Глуша Адамовіча» ўзнікла даўно, але больш структураванай стала падчас конкурса ў Social Weekend, фінал якога адбудзецца 16 траўня.

Мая каманда адразу пастаівлася скептычна, баяліся, што мы не пацягнем столькі ўсяго разам. Але ў Офісе еўрапейскіх экспертызаў і камунікацый мяне пераканалі, што трэба ўдзельнічаць. Я падаў заяўку з праектам «Стварэнне турыстычнай інфраструктуры і экскурсія». Як гэта будзе выглядаць і ў якой форме, я бачыў вельмі туманна. Падчас народных галасаванняў мы амаль увесь час трымаліся ў дваццатцы. Мы рабілі шмат інфармацыйнай працы, каб нас падтрымалі ў гэтым конкурсе. Напрыклад, прасіў настаўнікаў, якія са мной звязваліся, каб яны, распавядаючы пра пісьменніка Алеся Адамовіча ў школе, казалі вучням і пра нашыя ініцыятывы.

Самай моцнай падтрымкай для нас стала пісьменніца Святлана Алексіевіч. Тое, што яна прагаласавала за наш праект у народных галасаваннях Social Weekend, падштурхнула і натхніла іншых людзей зрабіць тое ж самае. Такім чынам для прасоўвання праекта мы прыцягнулі лідараў грамадскага меркавання.

У выніку мы трапілі ў фінал. Да таго ж мы шмат з кім пазнаёміліся, сябруем, абменьваемся інфармацыяй і ідэямі. Напрыклад, мы плануем далейшую супрацу з інклюзіўным тэатрам Гагарына з Гомеля.

Мы разумеем, што нічога ідэальнага не бывае. Напрыклад, нашая памылка была ў тым, што мы, не скончыўшы збор подпісаў, пачалі конкурс эскізаў на «Прыпынак Адамовіча». Калі мы пісалі пра конкурс, мы тут жа ўзгадвалі кампанію па зборы подпісаў, і наадварот. Таму шмат хто блытаўся.


12. Стаў шмат задач для адной глабальнай мэты

— Асноўная мэта нашай кампаніі — адкрыццё ў Глушы музея Алеся Адамовіча. Мы разумеем, што калі музей з’явіцца ў месцы, у якім адсутнічаюць іншыя цікавыя аб’екты, то ён доўга не працягне. Ён проста будзе заўсёды ў мінусе, што ўскладніць яго існаванне, а таксама дасць нагрузку на мясцовы бюджэт. Музей павінен працаваць як установа, а калі ён не будзе прыносіць ніякага прыбытку, то гэта бессэнсоўна. Трэба, каб чалавеку, які прыедзе ў вёску ў музей, было чым заняцца яшчэ.

Акрамя арт-аб’екта «Прыпынак Адамовіча» і бюста пісьменніка, мы плануем яшчэ шмат цікавостак. Ідэй, насамрэч, шмат, толькі часу не хапае на ўсё.

Сярод ідэй, напрыклад, эка-сцежка з адсылкай да твораў Адамовіча ў стылі фэнтазі. Але для гэтай ідэі нам патрэбныя бізнес-партнёры. Таксама хочам усталяваць інфармацыйныя стэнды каля месцаў, звязаных з пісьменнікам. Добра было б размясціць мапу цікавых аб’ектаў Глушы.

Таксама думаем пра віртуальны музей. Мы жывем у сучасным свеце, і яго тэхналагічныя прадукты трэба актыўна выкарыстоўваць.

Сярод ідэй — інтэрактыўная экскурсія па творах Алеся Адамовіча. Але гэта ўжо больш камерцыйны праект, які можна прапанаваць турыстычным фірмам


13. Выкарыстоўвай розныя адукацыйныя праграмы і курсы для свайго праекта

— Я разумею, што для таго, каб займацца музеем, патрэбная пэўная адукацыя. Бо паводле адукацыі я выкладчык гісторыі і агульнасацыяльных дысцыплінаў. Таму цяпер праходжу навучанне ў «Музейнай Акадэміі», якую сумесна ладзяць Фонд «Культурная спадчына і сучаснасць», Беларускі камітэт Міжнароднага Савета Музеяў «ІСОМ» і Інстытут Гётэ. Прайшло толькі пару заняткаў, але ўжо я дазнаўся шмат нюансаў, пра якія цяжка было б даведацца самастойна.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!