• Колькасць галасоў у конкурсе: 82

Праект «Навінкі»: крэатыўна, шчыра, бескампрамісна

Газета, а потым часопіс «Навінкі» выходзіла з 1998 па 2003 год. Вострая сатыра на актуальныя тэмы, правакацыя... Каманда «Навінак» стварала кантэнт, які падабаўся не ўсім. Але ён быў яркім і шчырым адлюстраваннем сітуацыі таго часу, які і зараз цікава глядзець і чытаць.
90s.by

90s.by

Адразу можа ўзнікнуць пытанне, чаму праект кваліфікуецца як ўдалы, калі газета «Навінкі» ўжо з сярэдзіны 2000-х перастала друкавацца і нават у час свайго росквіту не прыцягвала ўвагу шырокай аўдыторыі? Паспрабую даць адказ на гэтую цалкам слушную заўвагу з пазіцыі чалавека, які зусім нядаўна даведаўся пра дадзены праект.

Рэдакцыйная палітыка «Навінак» вылучалася адмовай ад прынцыпу падзелу беларускага грамадства на «сваіх» і «чужых». Газета, хутчэй, канцэнтравалася на выяўленні хібаў заўважных удзельнікаў грамадскага і палітычнага жыцця Беларусі. Калі праглядваць выпускі «Навінак» у храналагічным парадку, то можна адзначыць, што тыя хібы, якія былі характэрныя абодвум бакам палітычнага жыцця краіны ў той час, так і не змяніліся. Людзі, якія неяк супрацьстаўляюць сябе цяперашняй уладзе, думаюць і дзейнічаюць аналагічна той жа ўладзе, да таго ж, як мне здаецца, нават меней вынікова.

Змястоўны сарказм — гэта тое, чаго вельмі бракуе беларускамоўнай прасторы. У беларускіх медыя хапае крытыкі, а вось якасная сатыра — у відавочным дэфіцыце. Менавіта гэтую нішу і займала газета «Навінкі». Своесаблівым прадаўжальнікам традыцыі «Навінак» сёння можна назваць суполку «Чай з малінавым варэннем» УКантакце. Але ж сітуацыя з цэнзурай у часы існавання «Навінак» была відавочна іншай.
Чаму ж часопіс «Навінкі» ўсё ж такі ўдалы праект? Таму што са сваёй галоўнай задачай — правакацыяй, прыцягненнем увагі да вострых праблем грамадства — яны выдатна спраўляліся. Сатыра больш дзейсная за традыцыйную канстатуючую крытыку. Цікава чытаць інтэрв’ю былога рэдактара Паўлюка Канавальчыка, які ўзгадвае, што яму пагражалі судом не толькі прадстаўнікі ўладных структур, але і прадстаўнікі апазіцыі. Людзі, якія супрацьстаўляюць сябе ўладзе, зусім не прывыклі да кпінаў у свой бок і па магчымасці спрабуюць іх нейтралізаваць.
Чытайце таксама:

«Навінкам» — 20: Эдзік Тарлецкі, Мітрыч і Рональд Мак Дональд

Прыпыненне друку «Навінак» у 2003 годзе — гэта заканамерны крок уласных структур. Нават падаецца дзіўным, колькі часу газета змагла праіснаваць. Каманда выдання паспрабавала змяніць фармат: пачала здымаць відэа, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Накірунак быў абраны падобны, але якасць прадукту атрымалася іншая. У той час, калі гэтыя відэа выходзілі, аўдыторыя, якая мела доступ да іх, была вельмі абмежаваная: не так многа людзей у Беларусі карысталася відэахосцінгамі ў другой палове 2000-х. Але можна адзначыць, што дзеянні каманды «Навінак» былі вельмі перспектыўнымі. Яны спрабавалі заняць тую нішу, якую на той момант яшчэ ніхто не заняў у Беларусі. Нельга, вядома, абмінуць і вечную праблему падобных праектаў у Беларусі — недахоп фінансавання. Можа, пры іншых матэрыяльных магчымасцях была б зусім іншая якасць і колькасць відэа.

Каманда «Навінак» працавала ў новых для Беларусі формах, працавала вельмі шчыра і крэатыўна. Параўноваць іх дзейнасць з нейкім іншым беларускім медыя-праектам вельмі цяжка: для свайго часу яны былі сапраўдным прарывам. Пэўна тое, што ім вельмі бракавала рэкламы. Попыт на такога кшталту праекты ў Беларусі існаваў, але дайсці да мэтавай аўдыторыі не заўсёды атрымлівалася. Часам матэрыялам «Навінак» бракавала якасці, часам — разумення аўдыторыі. Але, безумоўна, «Навінкі» ўвайшлі ў гісторыю як адзін з самых цікавых, удалых і крэатыўнах праектаў незалежнай Беларусі.

Некалькі год таму ў СМІ з’яўлялася інфармацыя, што «Навінкі» збіраюцца ўзнаўляць сваю дзейнасць, рыхтуюцца прадставіць інтэрнэт-праект, але нешта не склалася. На жаль.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!