«НОВЫ ЧАС» АБВЯШЧАЕ КОНКУРС МАЛАДЫХ ЖУРНАЛІСТАЎ ІМЯ АЛЯКСЕЯ КАРАЛЯ — 2018

Вы любіце Беларусь, яе гісторыю і культуру, валодаеце беларускай мовай? Вы лічыце, што Беларусь павінна быць вольнай і дэмакратычнай краінай, дзе выконваюцца законы і паважаюцца правы чалавека? Вы ўпэўненыя, што вам ёсць што сказаць людзям? Вы думаеце, што ваша пакліканне — журналістыка? Але вы не ведаеце, з чаго пачаць? «Новы Час» запрашае вас прыняць удзел у конкурсе імя нашага галоўнага рэдактара Аляксея Караля.

ХТО МОЖА ПРЫНЯЦЬ УДЗЕЛ У КОНКУРСЕ?

Для таго, каб прыняць удзел у конкурсе, не абавязкова мець журналісцкую адукацыю ці досвед журналісцкай працы. Патрэбныя толькі жаданне пісаць, валоданне словам і цікавая тэма. Ваш узрост не павінен быць больш за 30 гадоў.

Калі вы адпавядаеце гэтым крытэрам, чакаем на вашы матэрыялы. Улічыце, калі ласка, што да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца толькі арыгінальныя артыкулы на беларускай мове, якія раней нідзе не публікаваліся.

Артыкулы павінны быць праілюстраваныя ўласнымі (вітаецца) ці пазычанымі (з пазначэннем крыніцы) фота.

Калі вы жадаеце падзяліцца аўдыё- ці відэасюжэтам альбо нават уласным дакументальным фільмам, калі ласка, дасылайце вашы мультымедыйныя матэрыялы. Мы будзем рады пазнаёміць з вашай творчасцю шырокую аўдыторыю і даць карысныя парады.

КОНКУРСНЫЯ ПРАЦЫ БУДУЦЬ АЦЭНЬВАЦЦА Ў ЧАТЫРОХ НАМІНАЦЫЯХ:

  • найлепшы грамадска-палітычны матэрыял
  • найлепшы сацыяльна-эканамічны матэрыял
  • найлепшы культурна-гістарычны матэрыял
  • найлепшы літаратурна-крытычны матэрыял

Матэрыялы прымаюцца да 20 мая 2018 года. Вынікі конкурсу будуць падведзены 29 мая 2018 года — у Дзень нараджэння Аляксея Караля.

Усе матэрыялы, якія пройдуць папярэдні адбор у рэдакцыі «Новага Часу», будуць размешчаныя ў адмысловым раздзеле конкурсу на нашым сайце novychas.by, а некаторыя з іх будуць надрукаваныя ў газеце «Новы Час» і на галоўнай старонцы сайту (удзел у конкурсе азначае згоду на выкарыстанне твора на сайце novychas.by і/ці ў газеце «Новы Час»).

Трох лаўрэатаў конкурсу імя Аляксея Караля назаве рэдакцыя «Новага часу». Яшчэ трох пераможцаў вызначаць чытачы «Новага часу», шляхам галасавання на сайце novychas.by.

УВАГА!

На чацвёртую намінаю — найлепшы літаратурна-крытычны матэрыял — прымаюцца артыкулы, апублікаваны ў "Новым Часе" ў перыяд з 30 мая 2017 года па 20 мая 2018 года. Намінанты і пераможца будуць вызначаны сакратарыятам ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

Лаўрэатаў конкурсу чакаюць каштоўныя падарункі, неабходныя ў прафесійнай дзейнасці, і прапанова далейшай самарэалізацыі ў дружнай камандзе «Новага часу».

Для ўдзельнікаў конкурсу будуць арганізаваныя майстар-класы, якія правядуць вядомыя асобы Беларусі, сярод якіх гісторык і публіцыст Ігар Мельнікаў («Захапляльная гісторыя»), паэт, літаратарка і аўтарка Валярына Кустава («Рэаліці-шоў і шчырыя размовы па-беларуску»), праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч («Нясумныя правы чалавека»); журналіст, намеснік рэдактара «Новага Часу» Сяргей Пульша («Як працаваць з навінамі і аналітыкай»); пісьменніца і аўтарка «Новага Часу» Марыя Мартысевіч («Тэксты пра культуру, якія не пакідаюць чытачоў абыякавымі») і іншыя.

ПАТРАБАВАННІ ДА АФАРМЛЕННЯ МАТЭРЫЯЛАЎ

Усе тэкставыя матэрыялы дасылайце ў электронным выглядзе на пошту «Новага Часу» novychas@gmail.com з пазнакай «КОНКУРС». Адзін канкурсант можа дасылаць некалькі матэрыялаў.

Файл з конкурснай працай павінен утрымліваць назву артыкула і прозвішча аўтара.

Памер тэкстаў не павінен перавышаць 8000 знакаў (у рэдкіх выключэннях да 16000 знакаў) без прабелаў. Памер фота не менш за 800 на 600 і не больш за 2400 на 1800 пікселяў. Фотаздымкі, дасланыя ў якасці ілюстрацыі працы, павінны быць падпісаныя (пазначаны аўтар і крыніца).

Аўдыё і відэаматэрыялы дасылайце ў выглядзе спасылкі на файлы, размешчаныя ў электронным сховішчы (напрыклад, на гугл-дыск).

Таксама канкурсант мусіць напісаць кароткі аповед пра сябе (не больш за 500 знакаў) і даслаць свой фотаздымак.

ЗРАБІЦЕ СВОЙ ПЕРШЫ КРОК У «НОВЫ ЧАС». ПАДЗЯЛІЦЕСЯ ТАЛЕНТАМ! ЧАКАЕМ НА ВАШЫ МАТЭРЫЯЛЫ!