10 беларускамоўных песень яднання

У час вулічных акцый сёлета можна пачуць і расійскамоўную песню Сяргея Міхалка «Воины света», і песню «Муры» Яцака Качмарскага, перакладзеную з польскай, і «Перемен» Віктара Цоя. А мы вырашылі ўзгадаць беларускамоўныя песні яднання.


У спіс не трапілі народныя песні, бо як заўважыў беларускі паэт Анатоль Сыс: «У гэтай краіне ня маю я песьні, якая б народнай была і маёй».

1. Мы выйдзем шчыльнымі радамі. Словы Макара Краўцова, музыка Уладзіміра Тэраўскага.

Гімн Беларускай Народнай Рэспублікі быў напісаны ў 1920 годзе, калі дэ-факта БНР ужо не існавала. Аўтар словаў Макар Краўцоў і аўтар музыкі Уладзімір Тэраўскі загінуць у савецкай турме ў канцы 1930-х. У 1990-я гэтая песня трапіць у лік прэтэндэнтаў на статус гімна незалежнай Беларусі, але прапанова не будзе прынятая. Ці можа гэта песня стаць гімнам – пытанне дыскусійнае, але тое, што яна можа аб’ядноўваць беларусаў, відавочна.

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.

На бой! За шчасьце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі,
На бой — усе да аднаго!

Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й убачыць той,
Хто сьмее нам нясьці прымусы
I першы выкліча на бой.

Браты, да шчасьця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы народзім
Жыцьцё Рэспублікі сваей!

2. Пагоня. Словы М. Багдановіча, музыка М.Равенскага.

Песня «Пагоня» на словы Максіма Багдановіча вядомая ў самых розных варыяцыях. Многія беларусы хацелі б бачыць гімнам сваёй краіны менавіта е. Цяжка не пагадзіцца, што «Пагоня» дакладна больш натхняючая, чым існуючы гімн. Калі б яе спявалі беларускіх спартоўцы, можа і перамог у іх было б больш.

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах —
Успомню Вострую Браму сьвятую
I ваякаў на грозных канях.

У белай пене праносяцца коні, —
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...

Маці родная, Маці-Краіна!
Не усьцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

3. Фронт. Музыка і словы Сяржука Сокалава-Воюша.


Сяржук Сокалаў-Воюш з’яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай аўтарскай песні незалежнай Беларусі. Яго голас часта можна было пачуць на беларускіх імпрэзах у 80-я і 90-я гады мінулага стагоддзя. Першы альбом Сяржука Сокалава-Воюша з’явіўся толькі ў 2001 годзе, калі пік папулярнасці аўтара-выканаўцы ўжо прайшоў, але нягледзячы на ​​гэта яго песні ведаюць тысячы беларусаў. Песня «Фронт» вылучаецца сярод іншых твораў барда: акрамя ўвасаблення ідэі пратэсту тут гучыць заклік да аб'яднання, да стварэння адзінага фронту барацьбы.

Айчына, сьветлы вобраз твой -
Нязьменны наш маяк!
Хай цемра ладзіць нам канвой,
Я добра бачу, як
Працяг суседняга пляча
Жыве ў маім плячы,
I людажэрам крумкачам
Нас не перамагчы!
Фронт! Фронт! Фронт! -
Ён маё і тваё абуджэньне,
Ён народу майго Адраджэньне
Фронт! Фронт! Фронт!
Там сталініст, там бюракрат -
Рабы старых ідэй.
Яны ствараюць штурматрад -
Вандэі ўсіх вандэй.
Яны вядуць сьмяротны бой -
Ярлык, дубінка, газ,
I не валодаюць сабой,
Пачуўшы наш адказ!
Я цьвёрда веру ў свой народ,
Абуджаны ад сну -
Вясны адчуўшы надыход,
Вітае ён вясну.
Якія б беды не былі
Запомні добра ты -
Каб жыць і выжыць на зямлі
У Фронт яднай шыхты!

4. Не быць скотам («Ляпис Трубецкой»). Словы Янкі Купалы, музыка Сяргея Міхалка.


У Сяргея Міхалка ёсць шэраг песень, якія патэнцыйна маглі бы трапіць у нашу дзясятку, але выбар паў на песню «Не быць скотам». Песня на словы Янкі Купалы з’яўляецца маніфестам, зваротам да самых шырокіх колаў грамадзян Беларусі і валодае магутным кансалідуючым патэнцыялам. Калі ў 19 стагоддзі прыхільнікі Кастуся Каліноўскага ў якасці пароля выкарыстоўвалі пытанне: «Каго любіш?» І атрымлівалі ў адказ: «Люблю Беларусь!», то ў наш час «– Хто ты гэткі? – Свой, тутэйшы» таксама можа стаць такім жа апазнавальным знакам для аднадумцаў.

Хто ты гэткі?
— Свой, тутэйшы.
Чаго хочаш?
— Долі лепшай.
Якой долі?
— Хлеба, солі.
А што болей?
— Зямлі, волі.
Дзе нарадзіўся?
— Ў сваёй вёсцы.
Дзе хрысціўся?
— Пры дарожцы.
Чым асвенчан?
— Кроўю, потам.
Чым быць хочаш?
— Не быць скотам.

5. Мая краіна («Новае неба»). Словы Міхала Анемпадыстава, музыка Касі Камоцкай.

Песня «Мая краіна» гурта «Новае Неба» на словы Міхала Анемпадыстава нарадзілася ў сярэдзіне 1990-х на фоне падзей, якія тады адбываліся ў краіне, і стала гімнам для той часткі грамадства, чыя «краіна пад белым сцягам с чырвонай стужкай».

Я люблю, калi свецiць сонца
Рана ранкам праз фiранкi.
Я люблю пах свежае кавы,
Я люблю смак смажанай бульбы.
Мне падабаецца дым цыгарэтаў,
Мне падабаецца водар парфумы.
Я люблю халодныя блюзы,
Я люблю свае джынсы старыя.
Я жыву ў гэтай Краiне.
Мая Краiна пад белым снегам,
Мая Краiна пад белым сцягам,
Пад белым сцягам з чырвонай стужкай.
Я з цягам часу стануся птушкай,
Раскiну крылы, зраблю тры крокi
I падымуся па-над зямлёю
Туды, дзе вецер i дзе аблокi,
Над Краiнай пад белым снегам,
Над Краiнай пад белым сцягам,
Пад белым сцягам з чырвоной стужкай
Мая свабода.
Мая свабода - з ветрам нязгода
Ды асалода супрацстаяньня.
Мая свабода - човен падводны
Памiж Сцылаю ды Харыбдай,

Мая свабода - дом папяровы
Памiж Гамораю ды Садомам,
А там за домам край невядомы
Пад белым снегам, пад белым сцягам.
З цягам часу складанымi сталi
Законы гульнi
А неяк раней усё проста было
I мы былi;
Мы проста iшлi, мы проста стаялi,
Мы проста жылi i памiралi
У сваiх дамох папяровых,
У сваiх падводных чоўнах
Памiж Сцылаю ды Харыбдай,
Памiж Гамораю ды Садомам,
Памiж Сцылаю ды Харыбдай,
Памiж Гамораю ды Садомам,
У Краiне пад белым снегам,
У Краiне пад белым сцягам,
У Краiне пад белым снегам,
У Краiне пад белым сцягам,
Пад белым сцягам
з чырвонай стужкай
Мая свабода...

6. Радыё Свабода («Ulis»). Словы Фелікса Аксёнцава, музыка Вячаслава Кораня. 


Гурт «Ulis» адзін з нешматлікіх беларускіх гуртоў, альбомы якога выдаваліся на вініле. Песня «Радыё Свабода» на словы Фелікса Аксёнцава, якая пабачыла свет ў 1990 годзе, стала адной з самых вядомых кампазіцый гурта і лічыцца гімнам перамен. Матыў гэтай песні відавочна пераклікаецца з матывам «Radio Free Europe» (1981) амерыканскага рок-гурта «R.E.M.», але запісваліся яны ў вельмі розных умовах і ўспрымаюцца, вядома, па-рознаму. «Радыё Свабода» і зараз працягвае сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі і з’яўляецца адным з нешматлікіх СМІ, якое асвятляе вулічныя акцыі ў нашай краіне ў відэафармаце.

Радыё Свабода,
Мы твае хвалi і подых.
Не пакiне нас надзея.
Там, дзе няма цемнаты,
Ведаюць нас.
Белы сцяг па-над намi.

Радыё Свабода,
Мы твае вусны і словы.
Цi павiнен я быць шчырым?
Там, дзе няма цемнаты,
Слухаюць нас.
Белы сцяг па-над намi.

Радыё Свабода,
Мы твае сэрцы і вочы.
Я і ты адыйдзем назаўжды.
Там, дзе няма цемнаты,
Сустрэнемся мы.
Белы сцяг па-над намi.

Радыё Свабода...
Смага нам палiць сэрцы.
Гэта Радыё Свабода...
Там, дзе няма цемнаты -
Наша вада.
Белы сцяг па-над намi.

Радыё Свабода,
Мы твае хвалi і подых.
Не пакiне нас надзея
Там, дзе няма цемнаты,
Ведаюць нас.
Белы сцяг па-над намi.

7. Гэта МЫ! Словы і музыка Андрэя Мельнікава. 

13 кастрычніка 1996 года на касетах выйшаў альбом барда Андрэя Мельнікава «Гэта МЫ». Песні альбома – гэта адлюстраванне падзей першых гадоў незалежнасці Беларусі. Загалоўная песня альбом стала адной са знакавых беларускіх песень пратэсту 90-х. Праз некалькі гадоў Кася Камоцкая і гурт «Новае Неба» сыграюць яе ў жорсткай рокавай аранжыроўцы і песня набудзе новае прачытанне.  

Калі нехта кажа: «Бывай!» — гэта шчэ не значыць — канец.
І хаця ў канвульсіях край, рана канстатаваць смерць.
І хаця не відаць — куды, і надзея — ні на каго,
Ты паслухай: звіняць званы.Гэта з намі гаворыць Бог.

Гэта — скрозь цемру прамень. Гэта — вецер, што рве смугу.
Гэта — новы сонечны дзень. Гэта — праз забароны рух.
Гэта — годна падняты сьцяг. Гэта — шыхт, што гатовы ў бой.
Гэта — крыж на тваіх плячах. Гэта — людзі разам з табой.
Гэта — тысячы моцных ног, што пячатаюць цьвёрды рытм.
Гэта — не яны бачыць Бог: гэта — мы! Гэта — мы!

Ты пачуеш: зьвіняць званы. Калі здольна пачуць душа
Голас продкаў з далечыні, голас, што не заглушыць час,
Голас памяці гэтай зямлі, гэтых рэчак, гэтых лясоў,
Тых народаў, што тут жылі… Ты паслухай: мацнее звон.

Гэта — скрозь цемру прамень. Гэта — вецер, што рве смугу.
Гэта — новы сонечны дзень. Гэта — праз забароны рух.
Гэта — годна падняты сьцяг. Гэта — шыхт, што гатовы ў бой.
Гэта — крыж на тваіх плячах. Гэта — людзі разам з табой.
Гэта — тысячы моцных ног, што пячатаюць цвёрды рытм.
Гэта — не яны, бачыць Бог, гэта — мы! Гэта — мы!

Калі нехта кажа: «Бывай!» — гэта шчэ не значыць — канец.
І хаця ў канвульсіях край, рана канстатаваць сьмерць.
І хаця не відаць — куды, і надзея — ні на каго,
Ты паслухай: звіняць званы. Гэта з намі гаворыць Бог.

8. Сонца нам дапаможа («Я нарадзіўся тут»). Музыка і словы Лявона Вольскага. 

Песня «Сонца нам дапаможа» на словы і музыку Лявона Вольскага пабачыла свет у 2000 годзе ў рамках супольнага праекта беларускіх музыкаў «Я нарадзіўся тут». З таго часу песню часта можна пачуць на розных беларускіх імпрэзах, а таксама ў якасці саундтрэка да відэаролікаў, дзе прадстаўлены кадры беларускіх вулічных акцый.  

Над нашай зямлёю – неба.
Пад нашым небам – зямля.
На нашай зямлі трава й вада,
I дрэвы, промні сьвятла.

Нас гэта зямля нарадзіла
Яе малако мы пiлi,
I ўсё, што ў жыцьці дае нам сілы,
Ёсьць на нашай зямлі.

Сонца нам дапаможа.
Яно любіць нас.

Дарэмна канкістадоры
Сьпяваюць песьню вайны,
Заваяваць наша сонца i зоры
Ніколі ня змогуць яны.

Нас любiць калматае сонца,
Нас любiць месяц сiвы.
I сонца i месяц дадуць нам моцы
Для нашае барацьбы.

Сонца нам дапаможа.
Сонца нам дапаможа.
Яно любiць нас.

Мiнуць у тумане стагодзьдзі,
I сталь спарахнее ўшчэнт,
А мы тут былi, i мы тут будзем,
Пакуль iснуе гэты сьвет.

Сонца нам дапаможа.
Сонца нам дапаможа.
Сонца нам дапаможа.
Яно любiць нас.

9. Будзь разам з намі («Крама»). Словы Зміцера Лукашука, музыка Ігара Варашкевіча, Андрэя Лявончыка. 
Песня «Будзь разам з намі» гурта «Крамы» на словы Зміцера Лукашука з іх першага альбома «Хворы на рок-н-рол» стала сапраўдным хітом у беларускамоўных колах, але слухаюць яе не толькі беларускамоўныя: песню можна пачуць, напрыклад, на стадыёне «Цэнтральны» ў Гомелі перад гульнямі мясцовай каманды.  

Я гляджу ў неба
Сэрца б'ецца толькі думкай адной.
Я гляджу ў неба
Там шлях апошняй песні маёй.
Я гляджу ў неба
Побач з ёй лунае светлы анёл.
Крыкну я ў неба:
– Будзь з намі, калі сюды прывёў!

Будзь разам з намі,
Ахіні крылом нас, светлы анёл.
Будзь разам з намі,
Сярод бруду і вострых камянёў.
Будзь разам з намі,
Калі ўстане шэраг ценяў ля нашых дзвярэй.
Будзь разам з намі
І не хавай ад нас вачэй.

Паднясуць віна табе і кавалак хлеба,
Скажуць: ты прадвеснік новых падзей.
А што цябе чакае - крыж ці дарога ў неба?
Кім станеш ты, анёл, для гэтых людзей?

Будзь разам з намі,
Сярод цемры і жудасцяў начэй.
Будзь разам з намі,
Мы пройдзем з табой свой шлях хутчэй.
Будзь разам з намі,
Але не трэба нам рабіць лягчэй.
Будзь разам з намі, -
І гэта ўсё, што трэба нам!

Паднясуць віна табе і кавалак хлеба,
Скажуць: ты прадвеснік новых падзей.
А што цябе чакае - крыж ці дарога ў неба?
Кім станеш ты, анёл, для гэтых людзей?»

10. Тры чарапахі (N.R.M.). Словы і музыка Лявона Вольскага. 

Песня «Тры чарапахі» гурта «N.R.M» з'явілася ў складзе аднайменнага альбома ў 2000 годзе і стала адной з самых вядомых беларускамоўных песен, можна нават сказаць, зрабілася народнай, таму не ўключыць яе ў гэты спіс было наўпрост немагчыма.

Калi раптам адчуеш камунальныя пахi
I жыцьцё цябе возьме ў пятлю.
Зразумееш тады, што тры чарапахi
Па ранейшаму цягнуць Зямлю.
Калi выйдзеш у горад, цi залезеш у горы,
I з людзьмi ўсталюеш кантакт.
Зразумееш тады, што i сёньня i ўчора
Наша месца на трох кiтах.

Гэй, ла-ла-ла-лай, ты не чакай, сюрпрызаў ня будзе.
Гэй, ла-ла-ла-лай, ты не чакай, ты не чакай.

Не было Галілея i Боба Марлея,
Не было Сальвадора Далi.
Нi Ленiна, нi Ленана, нi Карла Лiнэя,
А кiты, чарапахi былi.

Гэй, ла-ла-ла-лай, ты не чакай, сюрпрызаў ня будзе.
Гэй, ла-ла-ла-лай, ты не чакай, ты не чакай.

Каб любiць Беларусь, нашу мiлую Маму,
Трэба ў розных краях пабываць!
Зразумееш тады - пад тваiмi нагамi
Тры сланы нерухома стаяць.

Гэй, ла-ла-ла-лай, ты не чакай, сурпрызаў ня будзе.
Гэй, ла-ла-ла-лай, нiхто не чакае, i ты не чакай!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: