10 песень на словы Анатоля Сыса

Выбітны беларускі паэт Анатоль Сыс пайшоў з жыцця 4 траўня 2005 года. З гэтай нагоды мы вырашылі ўзгадаць 10 песень на словы паэта, якія добра сведчаць пра знакавасць постаці Анатоля Сыса для беларускай культуры. Вечная памяць!

Новае Неба – Белая лебедзь

 

Песня “Белая лебедзь” на словы Анатоля Сыса стала адной з самых вядомых песень Каcі Камоцкай і гурта “Новае Неба”. Кася Камоцкая мае не адну песню на словы паэта, але гэтая песня цікавая тым, як Анатолю Сысу атрымалася праз свой верш зрабіць слова “лебедзь” жаночага роду. Сам гэты момант добра сведчыць пра статус Сыса, бо не кожнае наватарства прымаецца знаўцамі мовы – наватарства Сыса прынялі, бо хто яшчэ параўнае вырай з раем?

Надта хочацца ў вырай,
Мая Белая Лебедзь.
А цi хочаце вы ў рай?
Мне так хочацца ведаць.



Палац – Птушка

Анатоль Сыс быў добрым знаўцам беларускага фальклору і традыцый, настолькі добрым, што часам яго вершы прымалі за народныя спевы. Алег Хаменка і гурт “Палац” таксама маюць у сваім рэпертуры песню ”Птушка” на словы Анатоля Сыса. Ну і хто б, пачуўшы, здагадаўся, што яна не народная?



Андрэй Мельнікаў – Слёзы

Андрэй Мельнікаў пачаў спяваць на вершы Анатоля Сыса яшчэ ў пачатку 90-ых. За гэты час у яго назбіралася столькі песень на словы паэта, што ў канцы 2000-ых ён нават планаваў выдаць асобны альбом “Сысаў Псалтыр”, але альбом так і выйшаў. Сярод усіх песень барда на словы Анатоля Сыса можна вылучыць “Слёзы” сваім нестандартным блюзавым гучанннем.

Дарэчы, першы беларускі бардаўскі кліп быў таксама створаны на словы Анатоля Сыса.


Чырвоным па белым – У гэтай краіне

Цікавае прачытанне верша Анатоля Сыса прапанаваў беларускі рэп-гурт “Чырвоным па белым”.

Некалі яны ўдзельнічалі ў трыб’юце Андрэю Мельнікаву, так і з’явілася песня “У гэтай краіне” у рэп-стылістыцы. На жаль, гэта стала адзінай песняй на словы Анатоля Сыса для “Чырвоным па белым”, але гэтай песняй яны засведчылі, што Анатоль Сыс можа гучаць не толькі ў бардаўскай альбо рокавай варыяцыі.
 

Аляксандр Памідораў – Песня пра сына


Аляксандр Памідораў часта выконвае на сваіх канцэртах песні на словы Анатоля Сыса. Па словах Аляксандра Памідорава, смерць Анатоля Сыса – гэта смерць Янкі Купалы канца ХХ стагоддзя. Я асабіста быў на канцэрце, на якім Аляксандр Памідораў ветліва адмовіўся праспяваць “Песню пра сына”, бо для яе патрэбны асобны энергетычны стан. Вершы Анатоля Сыса вылучаюцца сярод іншых сваёй энергетыкай. Нездарма Сыса называюць самыя пасіянарным беларускім паэтам другой паловы ХХ стагоддзя.


Зміцер Вайцюшкевіч – Ружа


Зміцер Вайцюшкевіч адзін з самых вядомых сучасных беларускіх выканаўцаў. Пэўна, праз свае песні ён адкрыў для беларусаў шмат вартых беларускіх паэтаў. Але ж знайсці песню ў рэпертуары Зміцера на словы шэраговага паэта досыць складана. Стварэнне песні на чыесці словы – гэта своеасаблівае прызнанне выканаўцам вартасці паэта. Мае Зміцер Вайцюшкевіч песню і на словы Анатоля Сыса.


Сяржук Доўгушаў – Колькі

Лідар гурта “Vuraj” і вядомы папулізатар беларускага фальклору Сяржук Доўгушаў таксама з’яўляецца вялікім аматарам творчасці Анатоля Сыса. Разам з Аляксандрам Ясінскім яны нават запісалі сумесны альбом на словы Анатоля Сыса і Уладзіміра Караткевіча. “​Сыс — гэта рок, Караткевіч — лірычны раманс” – так характаразуе Сяржук паэта Анатоля Сыса). Дарэчы, у 1992 годзе Анатоль Сыс адкрываў фестываль маладой Беларусі “Басовішча”.



Павал і Алена Аракеляны – Я дарэшты ў тваёй уладзе


“Вядомы беларускі саксафаніт і піяніст Павал Аракелян упершыню прачытаў вершы Сыса і абамлеў: “Ягоная паэзія кранула мяне, як не кранала паэзія ніколі, яна аказалася да болю блізкай і гэта ўсё скончылася паўнавартаснай музычнай праграмай на яго вершы”. “Я дарэшты ў тваёй уладзе” – частка з той праграмы, задуманай у 2012 годзе. У працу над ёй уключыліся таксама джазавая спявачка Алена Аракелян, сястра Паўла, і гітарыст этна-трыё “Троіца” Юры Дзмітрыеў. Песні створаныя і выконваюцца на канцэртах Аракелянаў.”


Вальжына Цярэшчанка – Дух



Для мяне асабіста беларуская музычная сцэна 90-х асацыюецца з трыма жаночымі галасамі – Вальжыны Цярэшчанка, Касі Камоцкай і Веранікі Кругловай. Былі яшчэ жанчыны-выканаўцы, але гэтыя тры прозвішчы першыя, што ўзгадваюцца, калі гаворка ідзе пра жаночы вакал. Усе гэтыя тры жанчыны маюць непаўторны голас, але голас Вальжыны Цярэшчанкі настолькі моцны, што здаецца, што яна магла б выступаць увогуле без мікрафона. У спалучэнні са словамі Анатоля Сыса атрымліваецца неверагодны па энергетыцы мікс, якія пранізлівае наскрозь, нават калі слухаць не ўжывую.


Міхаіл Рубін – Змяіны цар


Скончыць сваю падборку песень на словы Анатоля Сыса я бы хацеў песняй “Змяіны цар” у выкананні Міхаіла Рубіна. Лаўрэат “Бардаўскай восені”(2016) стварае вялікую колькасць песень на вершы розных беларускіх аўтараў, але песні на словы Анатоля Сыса вылучаюцца сваёй рытмікай. Аўтар быццам паказвае для маладых выканаўцаў паэта, на чые вершы ў музычным плане досыць лёгка ствараць песні – яны вельмі рытмічныя, але патрабуюць пэўнага энергетычнага стану для выканання. Мне здаецца, нельга выконваць песні Анатоля Сыса нешчыра. Іх трэба адчуваць.

Песні на вершы Анатоля Сыса маюць таксама Лявон Вольскі, Эдуард Акулін, Антось Звычайны, Ilo&friends, таму калі 10 песень вам будзе мала, ёсць што яшчэ паслухаць.







Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: