10 практычных парадаў, як абараніць беларускую мову ад зняваг і абраз

Сустракаюцца некаторыя асобы, якія называюць нашу мову або трупам, які трэба хутчэй закапаць, або недарэчным асарці з рускай і польскай мовы, або іншымі абразлівымі словамі. Як гэта спыніць?

Каб спыніць гэткі бруд на адрас беларускай мовы, яшчэ ў 1999 годзе з прапановы Рыгора Васілевіча, што ў тым часе быў старшынём Канстытуцыйнага Суду, у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях быў уведзены артыкул «Парушэнне заканадаўства аб мовах». На сённяшні дзень гэты арт. 9.22 КаАП гучыць наступным чынам:

Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моваў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе — цягнуць накладанне штрафу памерам ад чатырох да дзесяці базавых велічынь.

Разам з тым цікавым і недарэчным выглядае той факт, што 17 гадоў гэты артыкул быў сапраўды мёртвым — першы прыцягнуты да адказнасці за знявагу беларускай мовы грамадзянін з’явіўся толькі ў жніўні 2016 году. Ім стаў былы спартовы журналіст з Мазыра Дзмітры Шчарбатых. Пасля ў студзені 2017 году за абразу беларускай мовы былі прыцягнутыя да адказнасці былы міліцыянт з Гомеля Васіль Варушчанка і былая судовая выканаўца з Рэчыцы Яўгенія Чацвяртная. Васіль Варушчанка стаў першым грамадзянінам, які быў пакараны паводле арт. 9.22 КаАП праз суд, дзе да яго была ўжытая максымальная санкцыя. Дзмітры Шчарбатых і Яўгенія Чацвяртная да суду не дайшлі, бо прызналі сваю віну і былі ў спрошчаным парадку пакараныя адпаведнымі тэрытарыяльнымі раённымі выканкамамі з ужыцьцём мінімальнай санкцыі.

Што паўплывала на тое, што толькі тры чалавекі да сённяшняга часу прыцягнутыя да адказнасці за абразу беларускай мовы? Вядома, гэта не адсутнасць фактаў абраз — з імі мы, на жаль, сустракаемся даволі часта. Справа хутчэй у тым, што аб існаванні арт. 9.22 КаАП большасць грамадзян наогул ня ведала да апошняга часу, а калі і ведала, то не распачынала працэдуру прыцягнення да адказнасці, бо ня ведала, як гэта правільна зрабіць.

Усе пералічаныя выпадкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за абразу беларускай мовы з’явіліся пасля маіх заяваў, а таму, каб кожны беларус мог у выпадку неабходнасці абараніць родную беларускую мову і свае моўныя правы ў мяне ёсць 10 парадаў, як гэта зрабіць найбольш проста і эфектыўна.

1. Калі ў сацыяльных сетках вы пабачылі каментар, які абражае беларускую мову, то для пачатку прапануйце таму, хто абразіў яе, выбачыцца за свае словы і выдаліць каментар. Калі чалавек адэкватны і сапраўды не жадаў абразы, ён гэта зробіць без аніякіх пытанняў. Калі ж не, то не застаецца нічога іншага, як напісаць заяву аб прыцягненні яго да адказнасці паводле арт. 9.22 КаАП.

2. Перад тым, як пісаць заяву зрабіце скрыншоты абразлівых каментароў і допісаў, скрыншоты старонкі ў сацыяльнай сетцы таго, хто абразіў мову, а таксама збярыце як мага больш інфармацыі пра гэтага чалавека з адкрытых крыніц — сацсетак і інтэрнэту. Гэта дапаможа вам пасля ў напісанні заявы, а органу, што вядзе адміністрацыйны працэс — у складанні пратаколу і ў росшуку асобы, у дачыненні да якой ён вядзецца.



3. Правам складаць адміністрацыйны пратакол паводле арт. 9.22 КаАП надзеленыя раённыя і гарадcкія выканаўчыя камітэты, а таксама адміністрацыі раёнаў у гарадах. Таму ня трэба дасылаць заяву ў пракуратуру, органы ўнутраных спраў, адміністрацыю прэзідэнта і іншыя ўстановы, бо яны ўсё роўна перашлюць вашу заяву ў райвыканкам, а вы толькі страціце час.

4. Тэрмін прыцягнення да адказнасці паводле арт. 9.22 КаАП складае 2 месяцы з моманту ўчынення правапарушэння. Напрыклад, Яўгенія Чацвяртная свой абразлівы каментар пакінула 1 сьнежня 2016 году, а пастанова аб прыцягненні яе да адказнасці была вынесеная 31 студзеня 2017 году — у апошні дзень, калі гэта яшчэ было магчыма зрабіць.

1 лютага пакараць яе ўжо было б нельга. Напрыклад, праз сканчэнне тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ня быў у 2010 годзе пакараны ў адпаведнасці з арт. 9.22 КаАП рэктар Мінскага інавацыйнага ўніверсітэту, прафесар Мікалай Суша, які на маю прапанову даць пісьмовы зварот па-беларуску паведаміў наступнае:

В соответствии со ст. 17 Конституции Республики Беларусь государственными языками в Республике Беларусь являются белорусский и русский. Если Вы, господин Случак, не владеете одним из государственных языков — русским, то советую Вам заняться его изучением. Изучив русский язык, Вы тем самым сможете поднять свой культурный уровень и несколько расширить имеющийся у Вас кругозор. Желаю Вам успехов в изучении русского языка. Это тем более важно, что одним из критериев определения культурного уровня человека всегда считалось владение им не одним, а двумя или несколькими языками.

Таму, калі вы вырашылі падаваць заяву, то рабіць гэта трэба максымальна хутка, бо справы за абразу мовы часта патрабуюць лінгвістычнай экспертызы, неабходна знайсці і апытаць таго, хто пакінуў абразлівы каментар, лісты па пошце таксама забіраюць некалькі дзён, дый у адміністрацыйных камісій райвыканкамаў яшчэ няма практыкі працы па арт. 9.22 КаАП, што ў выніку прыводзіць да таго, што справа зацягваецца. Таму вам трэба дзейнічаць хутка.

5. Не трэба спрабаваць пераканаць чалавека, які абразіў беларускую мову, што ён не мае рацыі, пасля таго як вы прапанавалі яму выбачыцца, а ён гэта не зрабіў — так вы толькі страціце час і сапсуяце сабе настрой. Таксама ні ў якім разе не абражайце гэтага чалавека, не апускайцеся да яго ўзроўню.

6. Не звяртайце ўвагі на відавочна фэйкавыя старонкі ў сацсетках — прыцягнуць іх уладальнікаў да адказнасці наўрад ці атрымаецца. Лепш паскардзіцеся на іх адміністратарам сацсетак і суполак, каб іх забанілі, а іх каментары — выдалілі. Вы павінны разумець, што нявартыя ўвагі людзі, якія баяцца выказацца ад свайго імя — маральна вы іх ужо перамаглі, бо ў вочы абразы яны вам ніколі ня скажуць. Як немагчыма абразіцца на тое, што неразумнае кацяня зрабіла шкоду на падручнік беларускай мовы, так і нельга пакрыўдзіцца на абразлівыя выказванні фэйка на адрас беларускай мовы.

7. Сам тэкст заявы мусіць быць максымальна змястоўны і разам з тым невялікі аб’ёмам — гэта спросціць успрыманне яе органам, які вядзе адміністрацыйны працэс, і дазволіць вырашыць пытанне максымальна хутка і якасна. У якасці прыкладу можна разгледзець заяву аб прыцягненні да адказнасці Васіля Варушчанкі:

1 снежня 2016 году ў 23 гадзіны 38 хвілін у суполцы «Сильные Новости» — новостной паблик Гомеля» па адрасе https://vk.com/gomeltoday у сацыяльнай сетцы Вконтакте пад запісам https://vk.com/wall-44883411_598753 жыхар г. Гомель Васіль Варушчанка (Василий Ворущенко https://vk.com/huevi_paren) пакінуў наступны запіс:

«Белорусский язык — это разлагающий и загнивающий труп, который уже давно порабы закопать поглубже!», чым парушыў артыкул 9.22 «Парушэнне заканадаўства аб мовах» Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, публічна абразіўшы дзяржаўную беларускую мову.

У адпаведнасці з артыкулам 9.22 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, артыкулам 3.30 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прашу прыцягнуць пазначанага грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасці.

Як бачым, тэкст звароту невялікі, але перадае ўсе асноўныя моманты. Да яго таксама прыкладзіце і раздрукоўкі скрыншотаў выказванняў.

8. Таксама варта да заявы ў якасці дадатковага даведкавага матэрыялу далучаць копіі працэсуальнай практыкі па аналягічных справах — райвыканкамам будзе лягчэй арыентавацца ў адміністрацыйным працэсе па вашай заяве, бо, як ужо адзначалася, практыкі па прыцягненні да адказнасці паводле арт. 9.22 КаАП амаль няма. Як і вам патрэбная інструкцыя па напісанні заявы, так і райвыканкамам патрэбная інструкцыя і накірунак у правільным вядзенні адміністрацыйнага працэсу паводле вашай заявы. Таму вы можаце прыкладаць да сваіх заяваў дакументы, змешчаныя ніжэй.

9. У выпадку, калі нехта назваў беларускую мову, мёртвай

можна выкарыстоўваць у сваёй заяве экспэртнае заключэнне лінгвістычнай экспертызы выказванняў Васіля Варушчанкі, якое зрабіў загадчык катэдры расейскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага універсытэту імя Францішка Скарыны, прафесар Уладзімер Коваль:

Называючы беларускую мову трупам, аўтар выказвання вызначае беларускую мову як мёртвую, нежывую, гэта значыць тую, што не выконвае свае асноўныя функцыі сродку паўсядзённай камунікацыі, інструмента захавання і перадачы разнастайнай інфармацыі. Прыметнік «загніваючы» з’яўляецца блізкім па значэнні да «мёртвы, нежывы» і з’яўляецца ў адносінах да беларускай мовы негатыўна-ацэначным. Такім чынам, відавочна, што жывая беларуская мова, якая актыўна выкарыстоўваецца мільёнамі носьбітаў як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі, вызначаецца аўтарам як мёртвая, нежывая. Дадзенае выказванне супярэчыць ня толькі рэчаіснасці, але і з’яўляецца абразлівым для носьбітаў беларускай мовы — дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь, згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі.

У дадзеным выпадку гэтая цытата дазволіць не праводзіць дадатковую лінгвістычную экспертызу, што павялічыць шанцы на тое, што адміністрацыйны працэс укладзецца ў 2 месяцы і асоба, што абразіла беларускую мову, будзе прыцягнутая да адказнасці.

10. Трэба разумець, што галоўная мэта гэткіх заяваў — не перавыхаванне або пакаранне канкрэтнага чалавека, а змяншэнне агульнай колькасці абразаў і зняваг на адрас беларускай мовы і парушэнняў моўных правоў беларускамоўных грамадзян. Таму пашырайце гэту кароткую інструкцыю, каб той чалавек, чыю мову абразілі, меў магчымасць яе правільна і проста абараніць, і каб той, хто абражае ці абражаў мову, бачыў і памятаў, што за ягонае распальванне варожасці на моўнай глебе існуе мэханізм пакарання.

Хочацца спадзявацца, што гэтыя 10 парадаў дапамогуць вам абараніць беларускую мову і вашы моўныя правы, а абразаў беларускай мовы, як і любой іншай мовы, стане менш.

 Паводле Радыё Свабода



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: