100 гадоў пасля Вялікай вайны: Першую сусветную пакажуць у коміксах

У галерэі Ў 4 снежня адкрыецца выстава "100 гадоў пасля Вялікай вайны: спадчына і памяць пра Першую сусветную вайну (1914–1918 гг.) у Беларусі і Еўропе".

Доўгі час у Беларусі гісторыя Першай сусветнай вайны і памяць пра яе былі ўсяго толькі фонам для расповеду пра падзеі Кастрычніка 1917 года або пралогам да больш значнай гісторыі Другой сусветнай вайны. Але сёння мы не можам разглядаць гісторыю ХХ стагоддзя, не звяртаючы ўвагі на ключавыя для еўрапейскай мадэрнасці і астатняга свету падзеі Першай сусветнай вайны.

Аўтары выставы прапануюць паглядзець на гісторыю «Вялікай вайны» (як яе называлі сучаснікі) не як на аналіз баявых дзеянняў, а праз оптыку сацыяльнай і культурнай гісторыі. Нас цікавіць тое, што адбывалася з чалавекам цягам 1914–1918 гг. і як трансфармаваліся розныя грамадствы еўрапейскіх краінаў пасля вайны. Мэта праекту — выдзеліць новыя пытанні, якія мы можам задаць сёння, разглядаючы гісторыю пачатку ХХ стагоддзя.

Выстава ёсць вынікам супрацы нямецкага і беларускага бакоў — Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Мінску і Цэнтру публічнай гісторыі Еўрапейскага каледжу Liberal Arts у Беларусі.

Асноўная частка экспазіцыі ўяўляе з сябе выкананую з выкарыстаннем стылістыкі коміксу і тэхнікі калажу візуальную гісторыю вайны і пасляваеннага перыяду. З дапамогаю двух персанажаў з сучаснасці вы зможаце адкрыць для сябе розныя бакі гісторыі вайны: ад мілітарызму і нацыяналізму да пацыфізму і новай ідэі Еўропы, ад гісторыі жаночай эмансіпацыі падчас вайны да гісторыі дзяцінства ў той перыяд, ад феномену ўцекачоў да змены стаўлення да ваеннага гвалту і ваенных злачынстваў. У гэтай гісторыі аб'яднаныя прыклады, узятыя з беларускага кантэксту і гісторыі іншых краінаў — удзельніц Вялікай вайны. Іншыя раздзелы выставы раскажуць пра тое, як мянялася памяць пра Першую сусветную вайну ў Беларусі ды іншых краінах Еўропы цягам ХХ і на пачатку ХХІ стагоддзяў ды якую ролю згуляла ў падзеях вайны прапаганда.
У межах выставы таксама пройдуць публічныя лекцыі гісторыкаў і спецыялістаў з Беларусі і Германіі.
Мэта экспазіцыі і праекту ў цэлым — аб'яднаць мінулае і сучаснасць, крытычна разгледзець падзеі гісторыі на пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі і за яе межамі.

Працоўная група праекту:
Аляксей Братачкін (ECLAB), гісторык
Уладзімір Ляхоўскі (БДУ), гісторык
Наталля Прыступа (БДПУ), гісторык
Антон Рудак, гісторык, незалежны даследчык

Арт-куратарка праекту — Аксана Жгіроўская
Мастачка Насця Стальмахава
Архітэктарка Вольга Кавалеўская
Тэатральная рэжысёрка Валянціна Мароз

У падрыхтоўцы праекту таксама бралі ўдзел фатограф Сяргей Гапон і выпускні_цы канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» ECLAB Аляксандра Бабкова і Павел Міхаленя.

Выстава адкрыецца 4 снежня ў 19:00 і будзе працаваць да 12 снежня (6 снежня галерэя будзе зачынена для наведвання).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!