101 цуд Беларусі ў адной кнізе

У Бібліятэцы Цёткі 17 траўня прэзентавана кніга Яраша Малішэўскага «Дзіцячы атлас Беларусі. Замкі, крэпасці, бажніцы». У ілюстраванай энцыклапедыі сабрана інфармацыя пра 101 сапраўдны скарб і цуды з усіх куткоў Беларусі — старажытныя замкі, мураваныя крэпасці, драўляныя бажніцы… Як добра вядомыя, так і тыя, пра якія вы магчыма не чулі, але пажадаеце наведаць, прачытаўшы гэтую кнігу.

Беларуская зямля багата на гістарычную спадчыну. Нягледзячы на тое, што многія шэдэўры беларускага дойлідства былі знішчана за часы ліхалеццяў, зруйнаваны падчас войнаў і ўзарваны ў савецкія часы, шмат чаго, на шчасце, атрымалася захаваць, частка з гэтага аднаўляецца. Беларусам ёсць чым ганарыцца і ёсць што паказаць. Пра гісторыю гэтых шэдэўраў, пярлінаў беларускай архітэктуры можна даведацца з кнігі Яраша Малішэўскага «Дзіцячы атлас Беларусі. Замкі, крэпасці, бажніцы», якая нядаўна выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Кніга будзе аднолькава цікава як дзецям, дзякуючы шыкоўным ілюстрацыям, так і дарослым, якія з яе змогуць даведацца шмат цікавай інфармацыі, а магчыма — і выправіцца ў шлях па тых мясцінах. Альбо адзначыць у кнізе мясціны, у якіх ужо пабывалі, — зафарбаваўшы сэрца, якое ў энцыклапедыі намалявана каля кожнага помніка архітэктуры. Чытаецца кніга вельмі лёгка. Бо інфармацыя ў ёй пададзена не сухім энцыклапедычным стылем, а амаль мастацкім словам, з цікавымі фактамі. У гэтым заслуга аўтара, гісторыка Яраша Малішэўскага — адныго з найбольш вядомых у краіне беларускамоўных гідаў, які і сам зведаў багата гэтых мясцін, і пра якія можа апавядаць гадзінамі. А таксама пра гісторыю іх пабудовы і уладароў.
 Яраш Малішэўскі

 Яраш Малішэўскі

На прэзентацыю кнігі ў бібліятэцы Цёткі прыйшло шмат цікавых гасцёў — беларускія літаратары, музыканты, гісторыкі, журналісты. Многія з іх так ці інакш звязаны з мясцінамі, пра якія вядзецца ў кнізе.

Вандроўка з атласам па Беларусі пачалася з касцёла Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі, што ў Вішневе Валожынскага раёна. Касцёл — помнік дойлідства ранняга барока з элементамі рэнесансу, пабудаваны ў першай палове ХVII ст. З гэтымі мясцінамі цесна звязаны галоўны рэдактар «Мастацкай літаратуры» Віктар Шніп.
 Віктар Шніп

 Віктар Шніп

Ён распавёў пра свае сустрэчы з ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім, перакладчыкам Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову, які выконваў свае святарскія абавязкі ў Вішнева з 1953 года і якога ў свой час прапанавалі прызнаць святым. Віктар Шніп, вядомы сваімі дзённікавымі запісамі, першыя свае нататкі пра Вішнева зрабіў яшчэ ў красавіку 1985 года, і ўжо мае каля дзесяці запісаў пра гэты прыгожы і таямнічы куток Беларусі.
Віншаванні ад Віктара Шніпа

Незвычайны цуд адбыўся і падчас прэзентацыі. Вядоўца Аксана Спрынчан падрыхтавала сюрпрыз — каля ста цыдулак з надпісамі мясцін і помнікамі архітэктуры, якія варта наведаць. Кожны цягнуў на ўдачу, абраць ці падкласці было не магчыма.
Цыдулкі з помнікамі архітэктуры

І Віктар Шніп, на дзіва, выцягнуў цыдулку менавіта з вішнёўскім касцёлам Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі. Віктар Шніп зазначыў, што гэтая кніга — найлепшая з усіх выдадзеных за апошні час выдавецтвам.
Віктар Шніп са шчаслівай цыдулкай

Віктар Шніп са шчаслівай цыдулкай

Пахваліў веды аўтара і мовазнавец Юры Пацюпа, які прызнаўся, што ён хоць і выкладаў дзесяць гадоў гісторыю беларускай культуры, ведае толькі малую частку таго, што ведае Яраш Малішэўскі пра беларускія помнікі дойлідства і архітэктуры. Сам жа Пацюпа распавёў пра адзін з самых старажытных замкаў Беларусі — Лідскі. У тых мясцінах прайшло ягонае дзяцінства, і да 7 год ён не чуў іншай мовы, акрамя своеасаблівага дыялекту, які панаваў на той час на Лідшчыне.
 Юры Пацюпа

 Юры Пацюпа

Пахваліў веды Малішэўскага і паэт і журналіст Міхась Скобла, які назваў Яраша «акадэмікам замказнаўства» і прапанаваў і далей развіваць гэтую тэму. А сам апавёў пра сапраўдны цуд і таямніцу беларускай архітэктуры — Свята-Міхайлаўскаю царкву ў Сынкавічах, якую па легендзе заснаваў вялікі князь Вітаўт у падзяку за тое, што ў мясцовых лясах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы. Сам Малішэўскі называе царкву сапраўдным прыкладам беларускага дойлідства. Царква, якая ў выпадку неабходнасці магла служыць непрыступнай фартэцыяй. За яе паўтараметровымі сценамі можна было доўгі час хавацца і трымаць абарону, чаму цалкам спрыяла яе архітэктура з вежамі і вузкімі байніцамі.  
 Міхась Скобла

 Міхась Скобла

Паэтэса і этнакультуролаг Антаніна Хатэнка распавяла пра Ружаны, вядомых палацам Сапегаў. Магчыма, у дзяржаве, нарэшце, знойдуцца грошы, каб і яго адрэстаўраваць, і ён стане не менш прывабны для турыстаў, чым Нясвіж ці Мір. Пад адной з легенд, ад замка вялі прасторныя падземныя хады ў Слонім і Косава. І ў свой час Антаніна з сябрамі хацела іх знайсці і прайсціся па нім з паходнямі. Праўда, надзея так і не спраўдзілася.
Антаніна Хатэнка

А гісторык-архівіст Вольга Бабкова апавяла пра свае ўражанні ад не менш цікавых мясцінаў — Крэва.
Вольга Бабкова

Вольга Бабкова

Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі падзяліўся цікавымі гісторыямі са сваіх даследаванняў. Аказваецца, Смаляны, што пад Оршай, якімі ў розныя часы валодалі князь Канстанцін Астрожскі, каралева Бона Сфорца, а потым — князі Сангушкі, вядомы дыванамі Сангушка. І іх шануюць, як ні дзіва, японскія воіны-самураі! Гэтак у музеі горада Кіёта ёсць дыван, дакладна парны з тым, што знаходзіцца ў саміх Смалянах.
Ігар Сурмачэўскі

Ігар Сурмачэўскі

Падзялілася сваімі адкрыццямі і гісторык мастацтва Галіна Флікоп-Світа. Дзякуючы архівам ёй пашанцавала даведацца, што жыровіцкі іканастас з’яўляецца самым старажытным у Беларусі. Ён быў створаны ў 1676 годзе. А яшчэ яна распавяла цікавосткі пра Кажан-гарадок, што ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. У Свята-Мікалаеўскай царкве, пабудаванай напачатку ХІХ ст. першапачаткова як уніяцкая, дагэтуль захаваліся алтары з уніяцкіх часоў.
Галіна Флікоп-Світа

Галіна Флікоп-Світа

Прэзентацыя кнігі была настолькі разнастайнай і цікавай, што доўжылася тры гадзіны. Паміж выступамі ладзіліся конкурсы з прызамі на веданне гісторыі і адметных фактаў пра архітэктурныя скарбы Беларусі. А сам Яраш пры дапамозе беларускіх музычных інструментаў ствараў адпаведную атмасферу. Прагучала нават свістулька знойдзеная пры раскопках у Мірскім замку. Яе адшукалі на глыбіні трох метраў, а яе ўзрост ацэньваецца ў 500 год. Гучалі таксама (ужо сучасныя) акарына і дудкі. А Альжбэта Малішэўская-Спрынчан, вучаніца 4-га класа музычнай школы, выканала некалькі кампазіцый на беларускіх цымбалах.
Альжбэта Малішэўская-Спрынчан

Альжбэта Малішэўская-Спрынчан

Вельмі цёпла сустрэлі яшчэ аднаго госця — вядомага музыку Піта Паўлава (гурт N.R.M.), які пазнаёміў з прэм’ерай сваёй песні, выканаў песні з альбому «Зброя. Золата. Кабеты» і разам з усімі праспяваў добра вядомую ўсім «Простыя словы».
Піт Паўлаў

Піт Паўлаў

Песня «Простыя словы»


Песня «Простыя словы»

 Заваражыў таксама і фолк-гурт «Астроўна», выканаўшы архаічныя песні: вясельную «На моры хісткая кладка», русальную «Рана, ды ўзыйду на гору» і песню, якую яны запісалі падчас фальклорнай экспедыцыі ў палескі Бездеж — на карагод Стрылка «Бяроза белая».
 Фолк-гурт «Астроўна»

 Фолк-гурт «Астроўна»

Напрыканцы хочацца толькі дадаць словы аўтара: «Нашыя помнікі — адзін з тых падмуркаў, на якіх і будуецца ўсведамленне сябе, як чалавека, што ведае свае карані. І яны даюць моц — жыць і ствараць. У кожным з іх — свая магія. І я спадзяюся, што гэтая кніга дапаможа вам пазнаёміцца з імі — на старонках, а пасля ў вандраваннях па такой прыгожай, найлепшай у свеце краіне — Беларусі».

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: