1937 – 2020. «Вечныя вершы» — каб памятаць і не паўтараць (відэа)

«Арт Сядзіба» і KROK FILMS стварылі відэа-праект «Вечныя вершы», у якім нагадваюць пра падзею, што засталася крывавай плямай у гісторыі Беларусі. Вершы трох рэпрэсаваных паэтаў – Алеся Дудара, Зямы Піваварава, Тодара Кляшторнага чытаюць Ганна Севярынец, Віталь Рыжкоў, Уладзь Лянкевіч.
83 гады таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС «амерыканкі» былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР: літаратары, дзяржаўныя дзеячы і навукоўцы.

«Арт Сядзіба» і KROK FILMS стварылі відэа-праект «Вечныя вершы», у якім нагадваюць пра падзею, што засталася крывавай плямай у гісторыі Беларусі. Вершы трох рэпрэсаваных паэтаў – Алеся Дудара, Зямы Піваварава, Тодара Кляшторнага чытаюць Ганна Севярынец, Віталь Рыжкоў, Уладзь Лянкевіч.


Алесь Дудар – «калючы, але пры гэтым нязмушаны, вясёлы чалавек, якога немагчыма было прынізіць».
Алесь – адлічаны за творчасць студэнт БДУ, якога пасля расстралялі за вершы – так можна коратка апісаць яго жыццё. Усяго напрацягу чатырох гадоў ён выдаў пяць зборнікаў вершаў і дзве паэмы, пераклаў на беларускую мову сусветнавядомыя творы: «Анегіна», «Фаўста», «Жаніцьбу Фігара» і шмат яшчэ.

Зяма Півавараў – «качагар, які стаў паэтам, за што і страціў жыццё».
Зяма – для яго творчасць пачалася з БДПУ (тады гэта быў Вышэйшы педагагічны інстытут). У дваццаць чатыры гады ён скончыў універсітэт, працаваў у «Чырвонай змене», друкаваўся ў ленінградскіх часопісах і альманахах, аўтар зборніка вершаў «Лірыка двух нараджэнняў», быў вядомым тэатральным і кінакрытыкам.

Тодар Кляшторны – «з капной густых, саламяна-светлых валасоў на галаве, з блакітнымі, пад колер васількоў, вачыма, ён быў заўсёды неяк па-асабліваму сумны, нейкім смуткам веяла ад яго. Каля ягоных тонкіх бледных губ рана леглі складкі горычы. Ён рэдка смяяўся, і ягоная ўсмешка таксама была заўсёды сумнай».
Тодар – пісьменнік, які мог прынесці ў беларускую паэзію сотні песімістычна-рамантычных вершаў, якімі б мы зачытваліся дагэтуль. Калі б яго не расстралялі. Нават за свае трыццаць чатыры гады паспеў выдаць чатыры зборнікі вершаў, безліч паэмаў і апавяданняў.

Сотні сэрцаў перасталі біцца ў адну ноч. Сотні мараў не спраўдзіліся. Адна вера і надзея на ўсіх жыве і будзе жыць – вольная шчаслівая Беларусь.

У межах праекта творцы таксама запісалі на відэа ўласныя вершы.





Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: