«1937» Байсана, Нарушэвіча і Бубна

Трыё Buben Naruszewicz Baisan запісала імправізацыйную праграму на вершы паэтаў 1930-х.
Праграма на вершы паэтаў 30-х была запісаная жыўцом на студыі дзяржаўнага радыё, яе прэзентацыя адбылася ў праграме «Тэрыторыя гуку». Пад акампанімент гітары Леаніда Нарушэвіча, электроніку Улада Бубна і дэкламацыю Алеся «Байсана» Плоткі загучалі вершы Юлія Таўбіна, Яўгеніі Пфляўмбаўм, Алеся Дудара, Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі. У якасці бонуса ў альбом увайшлі два трэкі на словы Тодара Кляшторнага, якія спрадзюсаваў Улад Бубен.

«Канцэпцыя альбома вельмі простая і сумная: па кожным з паэтаў прайшоўся 37-ы год. Іх лёсы не пакідаюць нас абыякавымі, як і лёсы нашых сем’яў: расстраляны продак Улада Бубена, Іван Мезін, быў апошнім старастам Чырвонага касцёла, пераследаваліся і два прадзеды Алеся Плоткі. Сёння мы імкнёмся вярнуць паэзію 30-х у сучасны кантэкст, калі ўжо не кожны счытае сэнс вокладкі з фарамі машыны пад домам», – сказалі стваральнікі альбому з нагоды рэлізу.

Музыкі працягнуць працу з паэзіяй 1930-х. Цяпер рыхтуецца рэліз альбома «З нажом на Сонца» паводе паэмы «Калі асядае муць» Тодара Кляшторнага.

Паслухаць праграму можна на tuzinfm.by.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!