19 кастрычніка — 125 гадоў з дня нараджэння Сяргея Палуяна

125 гадоў таму нарадзіўся Сяргей Палуян, беларускі літаратуразнаўца. Максім Багдановіч прысвяціў свой адзіны прыжыццёвы зборнік "Вянок" памяці С. Палуяна. "Ты быў, як месяц, адзінокі: самотна жыў, самотна ўмёр", — напісаў Багдановіч у трыялеце.



Беларускі літаратар Сяргей Палуян, які пражыў усяго 20 гадоў, лічыцца адным з заснавальнікаў нацыянальнай літаратурна-мастацкай крытыкі. Нарадзіўся ён 19 кастрычніка 1890 году ў мястэчку Брагін (цяпер раённы цэнтр) Рэчыцкага павету. Быў трэцім дзіцём у сям’і арандатара Епіфана Палуяна і ягонай жонкі Аляксандры. Усяго ж у гэтай сям’і было 8 дзяцей (пяць дачок і тры сыны).

Праз пяць месяцаў пасля нараджэння Сяргея сям’я пераехала на стала ў вёску Крышычы Юравіцкай воласці Мазырскага павету, дзе ў 1897-м годзе набыла ўласны фальварак.

Цікавасць да кнігаў на роднай мове, забароненых уладаю, прага да вывучэння краязнаўства і культуры роднай старонкі, першыя вершы на роднай мове — усё гэта, напэўна, было дадзена звыш. Бо бацька Сяргея Палуяна быў верным расейскім падданым, таму захапленне сына беларускай мовай ён не разумеў, на гэтай глебе здараліся канфлікты.

   Вучыўся Сяргей Палуян у Мазырскай прагімназіі, дзе зблізіўся з рэвалюцыйнай моладдзю, распаўсюджваў улёткі, адозвы, удзельнічаў у мітынгах пратэсту. Ужо ў 15 гадоў хлопец быў самаадукаваны, прачытаў на той час усе забароненыя творы вядомых пісьменнікаў. Пасля паехаў вучыцца ў гімназію ў Мітаве (цяперашняя Елгава, Латвія). У 1908 годзе увайшоў у кіроўны орган Беларускай сацыялістычнай Грамады.

З-за канфлікту з бацькам, які адмоўна ставіўся да грамадска-палітычнай дзейнасці сына, кінуў вучобу і самавольна пераехаў у Кіеў. Па-сутнасці неразуменне бацькамі светагляду і пазіцый сына і прывяло да трагедыі.

Сяргей Палуян надзвычай імкліва прамільгнуў на небасхіле беларускай літаратуры.

20 красавіка 1910 году ён скончыў сваё жыццё самагубствам. Хоць некаторыя даследнікі выказваюць версію пра забойства паэта. Быў пахаваны на Байкаўскіх могілках, якія знішчаны перад другой сусветнай вайной. Пакінуў пасля сябе пазашлюбнага сына ад каханай дзяўчыны Наталлі.

   Сяргей Палуян — аўтар празаічных твораў “Вёска”, вершаў у прозе “Хрыстос уваскрэс” і іншых. У час пражывання ў Кіеве супрацаваў з часопісам украінскай моладзі “Українська хата”, друкаваўся ў газеце “Рада” і часопісе “Світло”. Рабіў допісы ў “Нашу ніву”. У сваіх “Лістах з Украіны” зрабіў сістэматызаваны агляд культурна-гістарычнага жыцця ўкраінскага народу і беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязяў пачатку ХХ стагоддзя. Аўтар артыкулу “Аб нацыянальнай школе ў Беларусі”, рэцэнзіі на кнігу “Другое чытанне для дзетак беларусаў” Якуба Коласа. Сам складаў літаратурную хрэстаматыю для дзяцей. Сяргей Палуян актыўна выступаў за развіццё беларускай мовы і культуры, а таксама падтрымліваў адраджэнне іншых, паняволеных нацыяў у Расейскай імперыі — украінцаў, чувашоў, якутаў.

   Зборнік твораў Сяргея Палуяна пад назвай “Лісты ў будучыню” быў выдадзены ў час перабудовы ў 1986 годзе. Асобе пісьменніка прысвечаная вядомая паэма Янкі Купалы “Курган”, а таксама ягоны верш “Памяці С. Палуяна”, знакаміты і адзіны зборнік Максіма Багдановіча “Вянок”, верш у прозе “Раны” Ядвігіна Ш. Гэта яскрава сведчыць пра талент і літаратурны ровень пісьменніка, жыццё якога было такім кароткім.

harodniaspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: