20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча

29 сакавіка 2016 году памёр Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі, аўтар вершаванага раману «Родныя дзеці», зборнікаў «Лісьце трыпутніку», «На флейце самоты» і іншых. У 1985-1995 гадах Гілевіч працаваў дэпутатам у Вярхоўнага Савету БССР ХІ і ХІІ склікання, распавядае Радыё Свабода.

Яркі, высокі, прыгожы, артыстычны, — ён нязменна прыцягваў увагу і быў такім жа запамінальным, як і яго творы. Нястомны трыбун, паэт адкрыта-публіцыстычнага гучання (уплыў яго любімых Янкі Купалы і Пімена Панчанкі), ён быў таксама выключным сатырыкам («Сказ пра Лысую гару», створаны супольна з Міколам Аўрамчыкам) і выдатным навукоўцам.

Яго — стваральніка па-сапраўднаму народнага твора «Родныя дзеці», аўтара тэкстаў да папулярных песень, выключнага педагога — любілі і чыталі, не толькі нацыянальна заангажаваная публіка, але і просты люд, звычайныя беларусы.

Памятаю, як сустрэў аднаго вясёлага паштальёна ў Давыд-Гарадку і ён мне напамяць дэкламаваў цэлыя раздзелы з «Родных дзяцей». І называў сярод любімых паэтаў толькі два прозвішчы — Якуб Колас і Ніл Гілевіч. Сапраўдная і непадманная адзнака таленту, вартая самых высокіх (але мала каму вядомых, акрамя тых, хто іх атрымоўвае) літаратурных прэмій.

1. Яго вельмі любіла Ларыса Геніюш

Даволі крытычная да многіх беларускіх пісьменнікаў Ларыса Геніюш, пра Ніла Гілевіча ва ўсіх лістах выказвалася з нязменнай любоўю і пашанай:

«Было выступленне Ніла Гілевіча — па сіле сваёй і смеласьці магло смела спаборнічаць з выступленнямі Тарашкевіча ў польскім сойме. (...) Я люблю нашага Ніла». 

Ларыса і Ян Геніюшы з сынам Юркам перад вайной у Празе.

Дарэчы, ад нараджэння выдатны прамоўца, Ніл Гілевіч, мог без падрыхтоўкі ладзіць гадзінныя выступленні і рабіў гэта (ці на кафедры, ці на мітынгах, ці на сустрэчы з чытачамі) заўсёды ярка, тэмпераментна і артыстычна, не адпускаючы ўвагу публікі ні на хвіліну.​

2. Яго першая прафесія — паштальён

Адразу ж пасля Вялікай айчыннай вайны Гілевіч ўладкаваўся працаваць паштальёнам у калгасе.

На вечарынах, застольлях, сьвятах ён выдатна выконваў народныя песні, які ведаў велізарную колькасць.

Іван Мележ і Ніл Гілевіч. Пачатак 1970-х гг. (з архіву сям’і І. Мележа)

3. Дакараў сябе за вернападданасць

«У сваёй манаграфіі «Акрыленая рэвалюцыяй. Паэзія „Маладняка“ я напісаў, што Алесь Гарун, Ядвігін Ш., Францішак Аляхновіч і іншыя не зразумелі характару Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, яе высакародных мэтаў і задач і таму не прынялі яе. А трэба было напісаць: „Занадта добра зразумелі і таму не прынялі“. Зразумелі галоўнае: нацыянальнай свабоды беларускі народ пры бальшавіках мець не будзе. Такога ў 1958 годзе я напісаць не мог. Быў яшчэ, так бы мовіць, вернападданы», — пісаў Ніл Гілевіч.

У 2015 годзе Ніл Гілевіч атрымаў прэмію «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава

4. Шкадаваў, што шмат часу займаўся перакладамі

«Шкадую, што займаўся перакладамі ў такім аб’ёме. Маю на ўвазе, што я даў беларускаму чытачу таўшчэзны баўгарскі раман, дзве аповесьці, шмат апавяданняў, казкі югаслаўскіх народаў і г.д. Гэта я не павінен быў рабіць. Паэзія — мая стыхія, а без перакладаў прозы можна было абысьціся спакойна. (...) мог бы я трошкі больш сілы пакінуць на сваё. Сям-там я трохі перастараўся. Што зробіш — назад не адкруціш».

5. Дапамог Зосьцы Верас, з якой нарадзіўся ў адзін дзень

«...мне ўдалося выправіць адну страшную несправядлівасць у адносінах да яе. Яна ж не была нават сябрам нашага Саюзу пісьменнікаў, маючы вялікі літаратурны стаж. А значыць — не атрымлівала пенсіі. І мне ўдалося паспрыяць ёй, з дапамогай Генадзя Каханоўскага, бо была адна фармальнасць. Кандыдат у СП мусіў абавязкова жыць у Беларусі, а Зоська Верас жыла пад Вільняй. Дык Каханоўскі меў сваю хату ў Маладзечна і прыпісаў да сябе нейкую бабульку, ніхто там не разбіраўся. Перашкода была знятая, і я тут жа, без прыёмнай камісіі (быў жа першым сакратаром саюзу) — адразу на прэзідыум, і ўсе падтрымалі. Літаральна назаўтра — па тэлефоне сярдзіты голас з ЦК КПБ, загадчык аддзелу Антановіч: «Што вы робіце? Вам не хапала ў Саюзе пісьменнікаў гэтай старэчы?». Я кажу: «Вельмі не хапала. Вы проста не маеце ўяўлення, што гэта за чалавек, колькі яна зрабіла для нашай літаратуры і культуры».

Зоська Верас

6. Не любіў трасянку, хоць і выкарыстоўваў яе ў сваім рамане ў вершах «Родныя дзеці»

«Я катэгарычна супраць трасянкі. Яна — пераходная ступень да поўнай ліквідацыі беларускай мовы. Спачатку, як у базарных бабаў, цераз адно слова — трасянка, а потым замест трасянкі — руская мова. Вось і ўсё. Трасянка — з’ява пачварная, іншай ацэнкі быць не можа».

7. Быў перакананы, што палітычныя партыі для Беларусі непатрэбныя

«У нашай сытуацыі — лепш бяз партый. Партыя — гэта група, групка са сваімі групавымі інтарэсамі. А нам патрэбны адзін вялікі рух нацыянальных патрыётаў. Усенародны. Усебеларускі».

8. Скептычна ставіўся да лацінкі

)Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў

)Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў

Міхал Дубянецкі, Алесь Адамовіч, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў і Ніл Гілевіч. Здымак Уладзімера Крука

​«У апошнія гады ў нас усё часьцей чуюцца галасы, што беларускае пісьмо дзеля збліжэння з Еўропай трэба пераводзіць з кірыліцы на лацініцу. І робяцца нават практычныя спробы друкаваць тэксты лацінскім алфавітам. Ініцыятыва гэта — кур’ёзная (калі ўвогуле не правакацыя). За зменай алфавіту — змена пісьменства, а гэта значыць асуджэнне на смерць усёй нашай літаратурнай спадчыны, якую немагчыма — усю! — перавесьці на новае пісьмо. У свой час бальшавікі зрабілі такі дзікі гвалт у Сярэдняй Азіі: традыцыйнае арабскае пісьмо замянілі кірылічным, якое зусім не прыдатнае для перадачы іх жывога маўлення».

9. Лічыў, што камунізм і сталінізм — розныя рэчы

«Што агульнага было ў сталінізме з камунізмам? Па-мойму, амаль нічога. Галоўныя ідэалы камунізму — чалавечнасць, брацтва, свабода асобы. Як і ў запаветах Хрыста. Ні першага, ні другога, ні трэцяга ў тым грамадска-палітычным ладзе, які ўстанавілі правадыры Кастрычніка, бальшавікі — не было. Дык і не трэба тое, што было, называць камунізмам».

10. Быў майстрам аўтографаў

Паводле Яўгена Стасевіча: «Характэрнай асаблівасцю Ніла Гілевіча зьяўляецца тое, што ён вельмі сур’ёзна ставіцца да аўтографаў на кнігах. Вось паглядзіце, што ён напісаў мне на кнізе „Родныя дзеці“: „Яўгену Дзянісавічу і Ніне Іванаўне Стасевічам. Прыміце, сябры дарагія, / Эпічную споведзь маю, / Ёсць мова — народ не загіне, / На гэтым стаяў і стаю. / І праўды вышэйшай, чым гэта, / Няма на зямлі для паэта“. Ніл Гілевіч — майстар аўтографаў. Кожны з ягоных аўтографаў — гэта міні-твор, закончаная думка».

11. Здзіўляўся, чаму Васіль Быкаў хоча прасіць прабачэння ў Аляксандра Салжаніцына

«Быкаў шкадуе, што не папрасіў у Салжаніцына прабачэння за свой подпіс пад патрабаваннем групы пісьменнікаў — выгнаць аўтара „Архіпелага ГУЛАГа“ за межы СССР. (Насмрэч, апублікаваны ў «Правде» ліст Быкаў не падпісваў. У самім лісце ўтрымлівалася крытыка Салжаніцына і Сахарава, але патрабавання выгнаць кагосьці з іх за межы СССР не было. — РС) Што шкадуе — гэта добра, але... Але чаму ён ні слова не сказаў у асуджэнне Салжаніцына, калі той апублікаваў злую імпершавіністычную рэч „Как обустроить Россию“? Чаму яго не абразіла, што Салжаніцын хоча бачыць Беларусь — Бацькаўшчыну Быкава, краіну Быкава, дзяржаву Быкава — губэрняй Расіі? Ну тады, у 1974-м, ён мог памыляцца, не ўсё ведаў пра Салжаніцына. А адкуль жа такі піетэт, такая пашана да ворага незалежнай Беларусі ў 2001-м? Асабіста я зразумець гэта не магу».​

12. Ніводная з яго 15-ці п’ес не была пастаўлена

«Відаць, я ня маю неабходных драматургу здольнасцяў. П’есу трэба прабіваць, што ўмелі рабіць мае знаёмыя і сябры. Трэба ісці ў міністэрства культуры, да галоўнага рэжысэра і г.д. Я — палец аб палец не ўдарыў. Вось прачытаў Валеры Анісенка маіх „Родных дзяцей“ і папрасіў зрабіць лібрэта для радыёп’есы. Я зрабіў. П’еса пару разоў прагучала па радыё, былі добрыя водгукі, выдатныя акторы прымалі ўдзел. Але сапраўды ніводзін тэатр не заўважыў, не звярнуў увагі на мае драматычныя творы».

13. Самым вялікім творам Янкі Купалы называў «Раскіданае гняздо»

«...я хацеў бы, каб быў экранізаваны самы вялікі, самы таленавіты твор Купалы — драма „Раскіданае гняздо“. За дзясяткі гадоў у нас звялі яе да сацыяльнай тэмы, да цяжкога лёсу беларускага селяніна. Але ж п’еса ня толькі пра гэта, і перш за ўсё не пра гэта. „Раскіданае гняздо“ — гэта Беларусь, гэта Дом наш нацыянальны. І пра гэта, дарэчы, пісалі яшчэ на пачатку 1920-х гадоў Максім Гарэцкі й Змітрок Бядуля. (...) Дык вось, разбуранае, раскіданае гняздо — гэта наша краіна раскіданая, гэта наша дзяржава зруйнаваная, якую на нашых вачах даруйноўваюць, каб нічога не засталося. Вось каб пра гэта зьняць фільм, дык было б сапраўды беларускае кіно. Хто б яго мог бы паставіць? Мікалай Пінігін, які паставіў у тэатры „Тутэйшых“ і „Сымона-музыку“. Ён змог бы. Але ці дадуць яму гэта зрабіць? Вельмі сумняюся».

14. Параўноўваў Кацярыну II з фашыстамі

Вокладка кнігі Ніла Гілевіча «У віры быцця»

Вокладка кнігі Ніла Гілевіча «У віры быцця»

Ніл Гілевіч, здымак 2014 году

«Паводле гітлераўскага плана „Ост“ жахлівы лёс чакаў Польшчу і польскі народ. Чытаю: „З гэтага часу палітычная роля польскага народа закончаная. Ён аб’яўляецца рабочай сілай, больш нічым... Мы даб’ёмся таго, каб сьцёрлася навекі само паняцце Польшча. Ніколі ўжо не адродзіцца Рэч Паспалітая ці якая-небудзь іншая польская дзяржава...“ (...) Дакладна такі ж лёс чакаў і нас, беларусаў... гэта быў фашызм. А што было вось гэта — не толькі задуманае, але і рэалізаванае ва Усходняй Еўропе за 150 гадоў да гітлераўскага плана „Ост“? Чытаю: „Замирить Белую Русь силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя“. Вось так: і не стане краіны Беларусь, і не стане беларускага народа, нават памяці пра яго... Дасведчаны чытач успомніў: гэта сказала імпэратрыца Кацярына II у 1796 годзе, прыгрэбшы Беларусь да Расіі. Ужо дзвесце гадоў ажыццяўляецца гэты зусім „нефашысцкі“, зусім „нефашысцкі“ план!»

15. Лічыў, што для Беларусі больш карысныя змены не эвалюцыйныя, а рэвалюцыйныя

«Адна партыя ці група не зьменіць нічога. Толькі Майдан зменіць. Як ва Украіне: быў Януковіч — і няма Януковіча. Выйшаў народ. Таму ўсе свядомыя змагары за беларускую Беларусь павінны рыхтаваць народ. А ён выйдзе тады, калі будзе гэтак жа нацыянальна выхаваны і патрыятычна настроены, як украінскі народ».

16. Песню «Касіў Ясь канюшыну» называў псеўданароднай і грубай

«У 1950-я ды і ў 1960-я гады з эстрады, у радыёканцэртах часам гучала і беларуская народная песня, але — толькі жартоўная, для забавы, як «Чабарок», «У месяцы верасні», крыху пазьней — псеўданародная, грубая «Каб сядзела на ўсю лаву» («Касіў Ясь канюшыну»).

17. Абураўся, чаму беларусы не пяюць гімн

«Мяне абурае: чаму грамадзяне Беларусі не пяюць свой дзяржаўны гімн? Ніхто і нідзе! Не пяюць у вялізных залях удзельнікі святочных урачыстасьцяў, гэта значыць людзі ідэйныя, палітычна сьвядомыя. Я сказаў бы: адборныя грамадзяне краіны! І не пяюць! Не пяюць футбалісты і іншыя спартоўцы на стадыёнах пры ўздыме дзяржаўнага сцяга, а таксама ж гарачыя патрыёты Радзімы. І не пяюць! Толькі імітуюць пяянне, злёгку раззяўляюць роцікі безгалоса, — так, як зіхаюць, разводзячы шчэлепы, выкінутыя на бераг рыбіны».

18. Лічыў, што самае галоўнае для краіны — мова, а толькі пасля нацыянальная сімволіка

«Гады два назад мяне папракнулі, што я недаацэньваю значэнне Герба і Сцяга. Гэта не зусім так. Проста я быў упэўнены, што сёння для нас важней за ўсё — Мова, на першым плане павінна быць Мова! Будзе Мова — будзе нацыянальная свядомасць і будзе Беларусь. Не будзе Мовы — не будзе Беларусі. Вось чаму пісаў: „Ну будзе Герб, будзе Сцяг, а Мовы не будзе — і што? У 1920-я гады і без Герба і Сцяга ваўсю ішла беларусізацыя“. Значыць, галоўнае — Мова. На гэтым этапе — Мова! Нацыянальна свядомы народ падыме і Сцяг і Герб».

Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч. 1993 год.

19. Быў перакананы, што кожнаму маладому літаратару трэба каля сэрца насіць старонкі дзённіка Кузьмы Чорнага

«Сцяпан Александровіч даў мне пачытаць дзённік Кузьмы Чорнага. (...) Уражанне было страшнае. Дык вось праз што прайшоў гэты вялікі, геніяльны пісьменнік — праз якія пакуты, і ў якім стане, у якіх думах адыходзіў з жыцця! Я не спытаў, дзе ён браў гэтыя аркушы — пытаць пра такое было не прынята, бо гэта была наша дысыдэнцкая літаратура. Наша, беларуская... Помню, тады ж падумаў: у нас, у Беларусі, кожнаму, хто ўступае ў жыццё, кожнаму юнаку і дзяўчыне, якія загадваюць пра сваю будучыню, трэба каля сэрца насіць старонкі дзённіка Кузьмы Чорнага і перачытваць нанач жахлівыя радкі гэтага дакумента. Іначай ніколі маладыя людзі не зразумеюць, чаму нам так цяжка жыць, чаму ў нас такое робіцца. Бо ў людзях — у псіхіцы, у маралі — засталося тое, што было. Яго трэба выкараніць на генным узроўні. Але спачатку трэба прачытаць дзённік Кузьмы Чорнага».

Адзін з апошніх здымкаў Ніла Гілевіча. Марафон "Я люблю Беларусь", падчас якога "Малады фронт" віншаваў выбітных прадстаўнікоў нацыянальнай эліты са святам любові. Мінск, 14 лютага 2016 году

20. Абураўся, калі паблажліва ставіліся да беларускай савецкай літаратуры

«Многія з сённяшніх маладых заяўляюць: мы будзем іншымі, чым нашы папярэднікі, пісьменнікі савецкага часу. Мы ня будзем ідэйнымі. Будзем — пазаідэйнымі. Будзем як мага далей ад сацыяльнасьці. Але ў такім разе — на каго, на якога чытача разлік? На шырокага? На масавага? Не трэба баяцца гэтага слова: мара кожнага пісьменніка — каб яго чыталі многія, масы. І масы чыталі! Кнігі Мележа, Брыля, Караткевіча, Казько, Стральцова і іншых разыходзіліся велічэзнымі накладамі. Чыталі і зачытваліся. Бо было цікава. Бо — вельмі таленавіта напісана пра жыцьцё, пра чалавека. І вось — цяпер кнігі многіх папярэднікаў замоўчваюць. Бо, ці бачыце, „савецкія“. Бо — належаць да „сацыялістычнага рэалізму“. Таленавітыя беларускія пісьменнікі ніколі ў літаратурныя гульні не гулялі. Яны працавалі. Яны тварылі. Яны пісалі кнігі, за якія не сорамна не толькі перад сваім народам, але і перад цэлым сьветам. Чым хутчэй гэта зразумеюць „суддзі“ — тым будзе лепш. Не толькі для літаратуры, але і для Беларусі».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!