25 кастрычніка — інтэрнэт-прэм'ера «PARTY-ZAN фільма»!

Андрэй Курэйчык і творчае аб’яднанне «Bez Buslou Art», як і абяцалі, прадставяць 25 кастрычніка гучную інтэрнэт-прэм'еру беларускай камедыі «PARTY-ZAN фільм».

Пра гэта рэжысёр і сцэнарыст стужкі Андрэй Курэйчык афіцыйна паведаміў на сваёй старонцы. Напярэдадні мінулага Новага года фільм быў прадстаўлены ў беларускіх кінатэатрах, падчас чаго не абышлося без кур'ёзнага скандалу з боку чыноўнікаў міністэрства культуры — у стужцы шукалі фрагменты, якія маглі бы быць аднесены да рэкламы прадукцыі сексуальнага характару, але так і не знайшлі .

А на днях адбылася міжнародная прэм'ера стужкі — фільм быў паказаны на міжнародным фэсту кінакамедыі «Усміхніся, Расія!» на якім беларуская незалежная камедыя апынулася ў ліку пераможцаў!

Іранічная камедыя пра маладых беларусаў — бізнесмена і праграміста, якія апынуліся ў цэнтры прыгод вакол здымак фільма пра вайну, атрымаў узнагароду за «Шматграннасць камедыі». Журы фэсту адзначыла што «PARTY-ZAN фільм» прадэманстраваў рэдкую жанравую шматграннасць, аб'яднаўшы элементы камедыі сітуацый, сатыры і трагікамедыі. Беларускае кіно ў Туле прадстаўлялі рэжысёр і прадзюсар фільма Андрэй Курэйчык, прадзюсар і кампазітар Дзмітрый Фрыга і выканаўца галоўнай ролі Аляксандр Тарасаў. Удзельнікамі фэставага конкурсу стала больш за 60 камедый з Расіі, Нямеччыны, Індыі, Італіі, Таджыкістана, Казахстана і іншых краін.


Прыз рэжысёру фільма ўручала прэзідэнт фэсту Ала Сурыкава (рэжысёр знакамітых камедый «Чалавек з Бульвара Капуцынаў», «Жадаю ў турму», «Дзве стрэлы» і інш.). Прымаючы ўзнагароду рэжысёр Андрэй Курэйчык адзначыў, што гэта рэдкі прарыў незалежнага беларускага кіно ў гэтым жанры.

Пасля паказу стужкі на фэсце Андрэй Курэйчык падзяліўся сваімі ўражаннямі:

«Гэта першая прэм'ера айчыннай незалежнай поўнаметражнай камедыі на вялікім кінаэкране ў Расіі за шмат гадоў. Хоць фільм выключна беларускі, які іранізуе над гранямі беларускага быцця, ён апынуўся зразумелым і цікавым расійскаму гледачу. Зала смяялася. А песні на беларускай мове выклікалі апладысменты».


«PARTY-ZAN фільм» стаў самым паспяховым беларускім навагоднім рэлізам у Мінску за ўсю гісторыю беларускага кіно, толькі трохі саступіўшы ў навагодні ўік-энд расійскаму гістарычнаму блокбастару «Вікінг». У фільме здымаліся як маладыя беларускія акцёры: Аляксандр Тарасаў, Аляксандр Душачкін, Аліса Аўчыннік, так і зоркі айчыннага кінематографа: Эвеліна Сакура, Анатоль Кашпераў, Аляксандр Ефрэмаў, Сяргей Уласаў, Аляксандр Кулінковіч, Юры Навумаў і іншыя. У фільме гучыць толькі айчынная музыка на беларускай мове.

Інтэрнэт-прэм'еру фільма можна будзе паглядзець 25 кастрычніка на партале TUT.BY!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!