25 новых патэнцыйных хітоў. Абвешчаны лонг-ліст конкурсу «Заспявай-5»

Абвешчаны лонг-ліст конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай-5», які праводзяць партал TuzinFM разам з фондам «Вяртанне». У яго трапілі 25 канкурсантаў.
Сёлета музыкам ад 16 да 30 гадоў прапанавалася зрабіць песню з верша аднаго з лаўрэатаў літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. У журы ўвайшлі спявачка і кампазітарка Наталля Куніцкая (Mustelide), музыка Алесь-Францішак Мышкевіч (The Superbullz, Volski), спявачка і педагог Ірэна Катвіцкая (Akana, Kazalpin, Warsoba), саўндпрадзюсар Андрэй Акатаў (Belsat Music Live), музыка і выкладчык Алег Хаменка («Палац»), а таксама арганізатары конкурсу — кіраўнік парталу TuzinFM Сяргей Будкін і кіраўнік фонду «Вяртанне» Павал Бераговіч.

У выніку ў лонг-ліст конкурсу «Заспявай-5» трапілі 25 выканаўцаў. Цяпер іх чакае жывое праслухоўванне журы, па выніку якога будуць адабраныя 3 фіналісты, з якімі будзе праведзеная індывідуальная праца. Яны дадуць канцэрты пры падтрымцы вядомых выканаўцаў і прэзентуюць студыйныя версіі сваіх конкурсных песень. Па выніку будзе абраны пераможца, які атрымае яшчэ і 1500 BYN на рэалізацыю сваіх творчых задумаў. Таксама ўсе, хто падаў заявы на «Заспявай-5» атрымаюць магчымасць паўдзельнічаць у трохдзённай адукацыйнай сесіі, якая пройдзе ў снежні. Адмыслоўцы правядуць з музыкамі вакальныя трэнінгі, распавядуць як прадаць сваю музыку, як выпрацаваць свой візуальны стыль, як працаваць са СМІ ды дадуць іншыя карысныя парады.  

«Заданне было даволі няпростым, і мы радыя, што канкурсанты не збаяліся, не паленаваліся і добра папрацавалі з сучаснымі паэтычнымі тэкстамі. Па выніку вершы натхнілі музыкаў на стварэнне цікавай ды арыгінальнай музыкі і мы маем вялікую колькасць патэнцыйных хітоў. Гэтыя заяўкі безумоўна натхняюць і радуюць. Мы ў захапленні!», – кажа сузаснавальнік і прадзюсар конкурсу Сяргей Будкін і раіць усім беларускім выканаўцам у незалежнасці ад узросту звяртацца да сучаснай беларускай паэзіі.

Конкурс «Заспявай» праводзіцца з 2014 года. Яго мэта — адкрыць для маладых музыкаў свет беларускай сучаснай паэзіі і паспрыяць таму, каб добрыя вершы сталі песнямі. Пераможцамі ў намінацыі «Спяваная паэзія» станавіліся Віталь Варанко, Naviband, Paulinn, Helious. 

Паслухаць дэма-версіі лонг-ліста конкурсу можна тут.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!