«25 сакавіка»: Зміцер Вайцюшкевіч стварыў песню і кліп на верш Уладзіміра Някляева

25 сакавіка да 102-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі грамадскія кампаніі «Будзьма беларусамі!» і «Годна» прэзентуюць кліп і песню «25 сакавіка» ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча на верш Уладзіміра Някляева.
Зміцер Вайцюшкевіч распавёў пра стварэнне песні:

У студзені я ехаў на машыне і падумаў, што не ведаю песні пра 25 сакавіка, дзе б гучалі менавіта гэтыя словы – 25 сакавіка. Таму я звязаўся з Уладзімірам Някляевым і папрасіў яго напісаць верш. Так нарадзілася песня.


25 САКАВІКА

Калі мы з табой мужчыны,
Калі мы не ветры ў полі,
Калі любім мы Айчыну
Як сябе – і нават болей,
Дык тады скрозь нашы целы,
Скрозь пакуты ўсе і болі
Між аблок чырвона-белых
Пралятаюць птушкі волі.

ПРЫПЕЎ:
25-га сакавіка
Лёд зімовы ламае рака,
І лунае, як ластаўка,
25-га сакавіка.
25-га сакавіка
У руцэ – каханай рука,
Напаўняе душу да крайка
25-га сакавіка.

Калі мы з табой мужчыны,
Калі носім гэта званне,
Нам з табой няма спачыну
Ні ў каханні, ні ў змаганні.
У каханні да жанчыны,
Што праводзіла ў дарогу,
У змаганні за Айчыну,
Што нам дадзеная Богам.

Кліп на гэтую песню быў зняты творчым аб’яднаннем «Інакш».

Сёння, 25 сакавіка, Зміцер Вайцюшкевіч стане госцем анлайн-свята «Годны Дзень Волі», якое ладзіць Каманда БНР100.

Абставіны ў Беларусі і свеце вымусілі ўсіх заяўнікаў масавых мерапрыемстваў да Дня Волі адмовіцца ад сваіх планаў. У 2018 і 2019 годзе Каманда БНР100 здолела арганізаваць яркія святы, таму яны вырашылі не пакідаць сябе і беларусаў без Дня Волі і ў гэтым годзе ды арганізаваць адзначэнне БНР102 у новым фармаце, які прадыктавалі час і надзвычайная сітуацыя ў свеце.

Каментуе Павел Белавус:

– Гэта новы і ўнікальны для нас досвед арганізацыі свята ў абсалютна незвычайных умовах. Наша задача – з дапамогай сучасных новых медыя аб’яднаць беларусаў у розных кутках зямлі і праз анлайн-трансляцыю з насычанай праграмай і цікавымі гасцямі стварыць атмасферу агульнай еднасці і салідарнасці, злучыць разам беларусаў, для якіх Дзень Волі – галоўнае нацыянальнае свята, якое трэба годна адзначаць у любых умовах. А яшчэ мы стварылі адмысловую старонку BNR.by, дзе прэзентавалі план дэцэнтралізацыі, які падкажа беларусам, як самастойна адзначыць Дзень Волі.

Трансляцыя анлайн-свята «Годны Дзень Волі» пачнецца ў 18.00 на сайце Hodna.by і ва ўсіх сацыяльных сетках «Годна».

Арганізатары спадзяюцца, што анлайн-трансляцыю падхопяць папулярныя беларускія СМІ і блогеры, а беларусы дапамогуць праз сэрвіс Molamola.by пакрыць выдаткі на яго правядзенне. На дадзены момант сабрана 50% ад патрэбнай сумы. Падтрымаць збор сродкаў можна тут.

Паводле прэс-рэлізу


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: