300-годдзе Каранацыі Маткі Боскай Чанстахоўскай

Учора, 15 снежня, Сейм Польшчы ўстанавіў год 2017 годам 300-годдзя Каранацыі абраза Чанстахоўскай.


Абраз знаходзіцца ў Яснагорскім каталіцкім манастыры ў польскім горадзе Чанстахова і належыць да ліку самых шанаваных як каталікамі, так і праваслаўнымі святынь Польшчы (дзе лічыцца галоўнай святыняй краіны) і шматлікіх еўрапейскіх краін. Паводле падання, абраз напісаны самім евангелістам Лукой і ў Польшчы таксама завецца Каралевай Польшчы, ці Маці Божай Яснагурскай. А яшчэ — «Чорнай Мадонай» — з-за цёмнага аблічча Божай Маці.


Свята абраза адзначаецца каталікамі 26 жніўня, праваслаўнымі — 19 сакавіка. У Польшчы традыцыйна праводзяцца маштабныя паломніцтвы да абраза, асабліва прымеркаваныя да свята Узнясення Багародзіцы (15 жніўня), у якіх бяруць удзел каталікі шматлікіх краін.


 Паломніцтва да Чанстахова падчас SDM-2016. Фота Алега Грушэцкага


Паводле падання, Чанстахоўская святыня належыць да абразоў Найсвяцейшай Багародзіцы, напісаных евангелістам Лукой у Іерусаліме ў Сіёнскай святліцы. У 66–67 гадах, падчас аблогі горада рымскімі войскамі, хрысціяне збеглі з абразом у мястэчка Пеллу, дзе захоўвалі яго з іншымі святынямі ў пячорах.

Роўнаапостальная царыца Алена падчас наведвання Іерусаліма ў 326 годзе атрымала гэты абраз у дарунак, прывезла яго ў Канстанцінопаль і паставіла ў палацавай капліцы, дзе святыня знаходзілася амаль пяць стагоддзяў.



У канцы XIII стагоддзя галіцка-валынскі князь Леў Данілавіч перавёз абраз у горад Белз, дзе яна ўславілася шматлікімі цудамі. Пасля заваёвы Польшчай заходнерускіх земляў, у тым ліку Галіцка-Валынскае княства, польскі князь Уладзіслаў Апольчык у 1382 годзе перанёс абраз на Ясную Гару, каля Чанстахова, у манастыр паўлінаў. Абраз выкананы на драўлянай панэлі памерамі 122.2 x 82.2 x 3.5 см. На абразе засталіся некалькі разрэзаў, атрыманых, магчыма, ад удару шабляй.



Пры абмеркаванні абвяшчэння 2017 года годам  300-годзя Каранацыі Маткі Боскай Чанстахоўскай бывло прыгадана, што 8 лютага 2017 года спаўняецца 300-я гадавіна каранацыі абраза Чанстахоўскай Божай Маці Каралевы Польшчы каронай папы Клімента XI.

“Сейм Рэспублікі Польшча перакананы ў асаблівым значэнні культу Марыі для нашай Радзімы не толькі ў рэлігійным аспекце, але і грамадскім, патрыятычным і культурным, ўстанаўлівае год 2017 Годам 300-годдзя Каранацыі абраза Маці Божай Чанстахоўскай”, — гаворыцца ў пастанове.

За прыняцце пастановы прагаласавалі 349 дэпутатаў, 30 былі супраць, 24 — устрымаліся.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: