333 малюнкі, народжаныя ў няволі, якія прагнуць свабоды

Да дзевятай гадавіны Плошчы-2010 блогер і актывіст Юрась Навіцкі сабраў віртуальную выставу з малюнкаў і экспанатаў, створаных, альбо прыдуманых падчас адбыцця ім і яго жонкай Таццянай Грачанікавай адміністратыўных арыштаў у 2010-2011 гадах.
Многія працы выстаўляліся і раней. У Юрася былі як сумесныя, так і аўтарскія выставы турэмных малюнкаў у Мінску, Кіеве, Тбілісі, Варшаве, Бруселі, Празе. Але такая вялікая колькасць твораў сабраная разам упершыню.

Так склалася, што цягам году, пачынаючы ад пратэстаў супраць фальшавання прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года і брутальнага іх разгону сілавікамі, Юрась Навіцкі і яго жонка Таццяна Грачанікава разам адседзелі амаль 52 сутак адміністратыўнага арышту за грамадска-палітычную актыўнасць (Юрась меў 3 адміністратыўныя арышты агулам 37 сутак, Таццяна — 15 сутак за удзел у пратэстах пасля выбараў). Пакараных за палітыку да грамадскіх працаў не прыцягваюць, таму вольнага часу ў каморах Акрэсціна і Жодзіна хапала. Цеснату, паўзмрок, задуху, няякасную ежу, хамства ахоўнікаў дапамагала перанесці прага да творчасці.

Юрась маляваў у няволі пераважна эскізы. Гэта пазней яны набылі закончаныя рысы каляровых твораў-ілюстрацый арыштантскага побыту. Маляваў на чым прыйдзецца і што трапляла пад руку, часам нават пальцам і зубной пастай, хаця пераважная большасць малюнкаў рабілася ўсё ж асадкай і алоўкам, які заточваўся краем вечка, што закрывае вочка на жалезных дзвярах для назіральнікаў.

Пакуль выстава віртуальная, але мажліва, калі знойдуцца фундатары-дабрачынцы, калекцыя малюнкаў адкрыецца публіцы ў выглядзе якасных раздруковак на фотапаперы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: