7 модных брэндаў адзення з нацыянальным характарам

Як адзявацца з годнасцю і гонарам? Хто шые сукенкі для сапраўдных лэдзі? І як адшукаць свой нацыянальны код? Аўтарка Радыё Свабоды Яна Шыдлоўская склала спіс модных брэндаў адзення з беларускім характарам.

1. Honar


Модны беларускі брэнд Honar Паўла Доўнара і Карыны Адзесенкі — гэта, перадусім, стыль, якасць і індывідуальны падыход. Сямейная пара стварае мадэлі ўласнымі рукамі, аздабляючы кожную рэч арыгінальным ці інтэрпрэтаваным беларускім арнаментам. Honar распрацаваў мужчынскую і жаночую лінейкі адзення, якое варта і модна насіць штодзень. Гэта некалькі дзясяткаў мадэляў спадніц, нагавіц, сукенак, кашуляў, маек, жакетаў і блуз для жанчын і кашулі, майкі, світшоты і нагавіцы для мужчын. Кожная мадэль паўстае пад уласным самабытным імем: ты надзяеш ня проста адзежу, а кашулю «Ярыла», спадніцу «Дрэва жыцьця» ці сукенку «Купалле». Набыць адзеньне Honar можна, наведаўшы шоў-рум брэнду на вуліцы Куйбышава альбо скарыстаўшыся паслугамі інтэрнэт-крамы www.honar.by. Сачыць за акцыямі і абнаўленнямі ўладальнікі брэнду запрашаюць праз сацыяльныя сеткі.



2. KRASA



Адметныя рысы беларускага брэнду KRASA — жаноцкасць і вытанчанасць. Яго вырабы разлічаныя на тых, хто ў штодзённым, прафесійным і асабістым гардэробе аддае перавагу сукенкам. Пад цалкам жаноцкім брэндам, перадусім з бавоўны, а таксама з сучасных і якасных сінтэтычных тканін, шыюцца выключна сукенкі для сапраўдных ледзі. Стрыманыя, яркія, смелыя ці далікатна-вытанчаныя, у кветкі, у клетку, з карункамі, доўгія і кароткія, сукенкі KRASA маюць асаблівы настрой і характар, якія дапаўняюць вобраз сваіх уладальніц. KRASA прысутнічае на модных маркетах, выставах дызайнерскага адзення, у дзяржаўных крамах — такіх, як, прыкладам, «Няміга», — актыўнічае ў сацыяльных сетках. Створаны два гады таму, беларускамоўны брэнд стаў цалкам пазнавальным.


3. LSTR Adzieńnie



Смелы і дзёрзкі, натхнёны ўсім беларускім стыль, уласцівы моднаму брэнду LSTR Adzieńnie, знайшоў сваіх прыхільнікаў і заняў моцную пазіцыю на модным беларускім рынку. Кашулі, світшоты, худзі, пола, цішоткі, штаны, камізэлькі, курткі і аксэсуары LSTR Adzieńnia ўпрыгожаныя нацыянальнай сымболікай, выявамі беларускіх герояў, сярод якіх — Тадэвуш Касцюшка, Эмілія Плятэр, Кастусь Каліноўскі, Усяслаў Чарадзей, прынтамі, якія адлюстроўваюць славутыя падзеі і перамогі беларускай гісторыі. LSTR, натхнёны гісторыяй, заклікае ўсіх шукаць сілу і гонар ва ўласным гістарычным мінулым. Нездарма за аснову лагатыпу брэнду ўзяты дзяржаўны сымбаль ВКЛ — «Калюмны». Лукбук калекцыяў LSTR Adzieńnia можна паглядзець тут (www.lstr.by), а таксама праз сацыяльныя сеткі. Дарэчы, на рэсурсах LSTR Adzieńnia змешчана шмат цікавых гістарычных фактаў, якія пашыраюць кола асацыяцыяў, звязаных з мадэлямі брэнду. Адзенне LSTR можна знайсці ў гандлёвых цэнтрах Coolman і «Маскоўска-Венскі», а таксама ў этнацэнтры «Рагна» на вуліцы Караля.



4. Sakolka



Пад брэндам Sakolka ствараюцца аўтарскія рэчы дызайнера Вадзіма Пракопчыка. Гэта мужчынскія і жаночыя майкі, аздобленыя сымбалямі, сярод якіх асабліва вылучаецца распрацаваная Міхаілам Баярыным калекцыя «Крывіцкія руны». Цяпер іх дваццаць, кожная мае значэнне і можа стаць аздобай вашага адзення. Ня менш цікавая калекцыя брэнду называецца «Нацыянальны код». У яе аснове дзесяць лічбаў, вядомых сваім і незразумелых чужым: 1362, 1410, 1514, 1517, 1588, 1794, 1830, 1863, 1918, 1991. Ідэя геніяльная, увасабленне стылёвае і лаканічнае. Асартымэнт брэнду паступова пашыраецца за кошт жаночых, мужчынскіх і дзіцячых маек, пола, світшотаў, бэйсболак, а таксама смелых, часам гумарыстычных ідэй, адлюстраваных на іх. Сярод іншых брэнд вылучаецца і арыгінальным пакаваннем сваёй прадукцыі. Так, адным з фірмовых пакункаў Sakolki стаў слоік з выявай фірмовага лягатыпу. За жыццём брэнду варта сачыць праз сацыяльныя сеткі.


5. Jamido Monofaktura



Заснавальніца брэнду — дызайнер Настасся Ямінская, якая ва ўласнай майстэрні стварае шчыры, сардэчны тэкстыль. Майстар працуе пераважна з лёнам, на які мэтадам шаўкаграфіі ўручную наносяцца малюнкі раслін. З тканіны паўстаюць неверагоднай прыгажосці абрусы, сурвэткі, шалікі, спадніцы, сукенкі. Вясновая пяшчотна-далікатная калекцыя сукенак ад Jamido Monofaktura для жанчын і дзяўчат разлічаная на тых, хто ў адзенні аддае перавагу натуральнаму стылю, падкрэсліваючы прыродную прыгажосць.

6. Mark Formelle Vyshyvankees



Mark Formelle прысутнічае на модным рынку каля дваццаці гадоў. Цяпер кампанія мае шэсць уласных прадпрыемстваў у адносна невялікіх гарадах краіны — Заслаўі, Старых Дарогах, Віцебску, Слуцку, Уздзе і Барысаве. Пад брэндам Mark Formelle шыецца адзенне для ўсёй сям’і для працы і адпачынку, спорту, сну, распрацаваныя калекцыі хатняга адзення, цёплай і тэрмабялізны. Таксама Mark Formelle ведаюць як вытворцу бялізны, шкарпэтак і панчох. Трэндам сваёй новай летняй калекцыі кампанія зрабіла беларускія традыцыі — Mark Formelle Vyshyvankees. Рэчы, упрыгожаныя арнаментам, сярод якіх жаночыя і мужчынскія шорты, майкі і нават шкарпэткі, ужо паступаюць на продаж у фірмовыя крамы. Мяркуючы па водгуках у сацыяльных сетках, Vyshyvankees чакае поспех.

7. Fainy.by



Брэнд Fainy.by спэцыялізуецца на шматграннай машыннай вышыўцы на разнастайных рэчах і прадметах, у вялікай ступені — і на адзенні. Ягоны дэвіз — прыгажосць у кожнай рэчы. Верхні радок у каталогу дызайнаў брэнду займаюць беларускія арнаменты. 17 варыянтаў узору, сярод якіх «Прыяднанне», «Багацце», «Рух», «Сям’я», «Маці», «Гонар», актуальныя цяпер «Сонца» і «Вясна», могуць быць вышытыя на розных відах адзення. Аздобіць арнаментам можна майкі, лонгслівы, світшоты, а таксама ўласнае адзенне кліента. Прадукцыя брэнду Fainy.by ствараецца на сучасным абсталяванні з ужываннем шырокай колеравай гамы экалагічных, высакаякасных нітак. Цалкам з калекцыяй дызайнерскай вышыўкі можна пазнаёміцца тут (www.fainy.by ).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: