8 новых песень ад Віктара Шалкевіча (прэм'ера!)

На Tuzin.fm выкладзеная складанка песень гарадзенскага выканаўцы, якія не публікаваліся дагэтуль.

У інтэрнэт-складанку ўвайшлі як зусім новыя песні, якія Віктар Шалкевіч упершыню паказаў на сваім «Восеньскім канцэрце» ў Мінску, так і даўнія творы, якія таксама мала хто чуў. Тут гаворка найперш пра «Стрыт-блюз», сваеасаблівае прысвячэнне Мінску. Яна напісаная роўна 25 год таму.

Далей падаем каментары, якія Віктар Шалкевіч зрабіў адмыслова для наведнікаў Tuzin.fm да кожнай прэзентаванай песьні.

«Песня пра места Магілёў»

«Хто не ведае Магілёў — той не ведае нічога ў жыцці. Гэта быў другі горад у Вялікім Княстве пасля Вільні па колькасці кірмашоў, ярмарак. Ёсць там харошы хлопец Дзяніс Васілько, ён мяне вадзіў па старым Магілёве, паказаў дзе стаяла Алейная брама. І я падумаў, што варта напісаць пра гэты горад песню. У кожным вартым увагі месцы павінен быць прынамсі адзін зацяты аматар жаночай прыгажосці і адзін глыбока веруючы Ізраэліт. У Магілёве гэта Валерык і Сымон — прозвішчы вядомыя толькі некаторым і не для ўсіх!»

«Станцыя Аляхновічы»

«Неяк апынуўся на гэтай станцыі паміж Мінскам і Маладэчнам.Была цёплая летняя ноч. Пахла ўсё, ведаеце, як гэта ў нас бывае пры канцы вясны, на пачатку лета. Але тут пачаліся здарэнні, якія чапляліся адно за адно. А далей — усё, як у песні».

«Блюз Вялікі Кастрычнік»

«Ці пісалі вы ў школе сачыненні на тэму: «Калі б я сустрэўся з Леніным»? Не? А я пісаў. І герой гэтай песні пісаў. Гэта версія падзеяў у Петраградзе, праспяваная маладым бацькам сваёй дачцэ».

«Агуркі і памідоры»

«Паэты эксперыментуюць з колерамі! Дубоўка, напрыклад, пісаў пра шыпшыну — зялёны ліст, чырвоны цвет! І я таксама захацеў: памідоры — чырвоныя, агуркі — зялёныя! Разумейце як хочаце».

«Каля Чарговага касцёла»

«Пародыя на слязліва-сентыментальна-лірычна-патрыятычную творчасць пісацелей і паэтав саврэменнасьці! З'явілася яна, калі я пачуў дыск польскага хору з Мінску: пасля сапраўды клясных рэчаў, яны вырашылі азначыць сваё паходжанне: загучалі драўляныя цымбалы, гармонік, жалоснае-сіроцкае спяванне… Вы ўсе пазнаеце гэтую песню. У ёй распавядаецца гісторыя жанчыны, якая была ўсім, а стала нікім».

«Мая каханая, што ў лесе жыве»

«Гэта ўлюбёная песня майго гітарыста і калегі — Юры Хілаўца. Я яе таксама вельмі люблю».

 «Сакулка-Беласток»

«На беластоцкім базары ў 1990-х стаялі ўсе гарадзенскія — ад доктара навук да выхавацеля дзіцячага садка. Гэта песня старых бізнесменаў, якія пачыналі з папяросаў і гарэлкі, а скончылі, дзякуй Богу, не на Акрэсціна, а Гаваямі. Мілыя ўспаміны пра маладосці...».


Паслухаць усе восем песняў можна на партале tuzin.fm/

Песні запісаныя падчас канцэрту Віктара Шалкевіча ў мінскім Тэатры эстрады 29 кастрычніка 2016 году. Бліжэйшы канцэрт выканаўцы пройдзе 12 лютага ў малой залі КЗ «Мінск».

Неўзабаве Віктар Шалкевіч прэзентуе і студыйны альбом. Праца над ім вядзецца на студыі Вячаслава Банкевіча ў Баранавічах.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-02-08 22:41:10
Я здагадваюся, пра якога Сымона з Магілёва гаворыць В. Шалкевіч :) Яго прозвішча Глазштэйн, вось і тут http://belisrael.info/?p=9320 ён фігуруе.

Больш цікавага на «Новым Часе»: