«А нашая канстытуцыя ў дварах і на лесвіцах туліцца...» Ганна Севярынец напісала верш пра пратэсты

Верш пра сённяшнія падзеі ад Ганны Севярынец, які яна апублікавала ў сябе ў фэйсбуку.


Можа, і ёсць канстытуцыі, што пішуцца не на вуліцах.
Над іхнымі фармулёўкамі плыве кабінетны пах.
А нашая канстытуцыя ў дварах і на лесвіцах туліцца,
На дахах, на вежах, на комінах, на стэлах і на мастах.

Над нашае канстытуцыяй сухі і гарачы вецер:
“Не забі”, “не хлусі”, “не лжэсведчы”, “блізкага – палюбі”.
У ёй свішча і б’е наводмаш туга гефсіманскага вецця:
На што ты пакінуў, ойча? На што ты мяне пакі…

Няшмат на крыжовым дрэве месца для канстытуцый.
Тут пішацца хутка і ёміста, у напрузе дрыжыць рука:
“Ня бойся”, “ня плач”, “не выпрошвай”, “не спрабуй азірнуцца”,
“Ня кідай адных таварышаў”, “цісні ў машыне гудка”.

Можа, у вас – на паперы. У нас – на бінтах і кашулях.
Па беламу-беламу полю чырвонаю паласой,
Па тратуарнай плітцы, па трансфарматарнай будцы,
Па плоце вакол Акрэсціна, па лоджыях у Баравой.  

І вам не злічыць Галгофаў, паўстанняў і рэвалюцый,
Як не злічыць ніколі вачніц Курапацкіх ям,
Дзе мы напісалі навечна артыкулы канстытуцыі,
Па якой мы збіраемся выжыць — і жыць насуперак вам.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: