Абвешчаны імёны ўладальнікаў узнагарод ад Experty.by

У мінскім клубе ТNТ 11 красавіка ўганаравалі пераможцаў 10-х штогадовых узнагарод ад Experty.by

Альбомам году стаў «Колер, якога няма» гурта Tonqixod. Ён жа стаў лепшым рок-альбомам, лепшым беларускамоўным, узяў прызы ад штатных экспертаў Experty.by і вялікага журы з 17 беларускіх музычных журналістаў і блогераў. Прызам для гурта стала рэкламна-інфармацыйная падтрымка канцэрта ад генеральнага партнёра – брэнда Finlandia і ад фонда «Вяртанне». Выступ павінны адбыцца да 1 чэрвеня 2018 года. Гурт, праўда, так і не сказаў дакладна, ці дась той канцэрт.



За год штатныя эксперты паслухалі 240 беларускіх альбомаў (160 гадзін музыкі), выдадзеных у 2017-м. 33 з іх былі адрэцэнзаваныя і патрапілі на ацэнку ўсяго складу журы. З іх 10 беларускамоўных, 11 рускамоўных.

— Карцінка атрымалася стракатай і гэта добра, — адзначае кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны.


Узнагароды былі ўручаныя яшчэ ў шэрагу намінацый:

«Лепшы дебютны альбом» і «Лепшы фолк-альбом» — гурт Ulyanica «Вясна
«Лепшы электронны альбом»: Аня Жданава «Appetiizer»,
Прыз народных экспертаў: Zero-85 «Turriptopsis Nutricula»,
«Лепшы поп-альбом» і прыз замежных экспертаў атрымаў гурт ЛСП з «Tragic City».


У замежным журы працавала 5 крытыкаў – прадстаўнікоў медыя-рэсурсаў краін, з якімі мяжуе Беларусь: Аляксей Горбаш (The Flow, Расія), Максім Сярдзюк (Muzmapa, Украіна), Ян Блашчак (Polityka, Польшча), Ілмарс Шлапіньш (Satori, Латвія), Эмілія Вісацкайтэ (15min, Літва).


Па словах экспертаў, 2017-ы вызначыўся шэрагам асаблівасцей. Узрасла колькасць альбомаў на 9 трэкаў, бо да допіса ва Укантакце можна прымацаваць 9 дарожак +вокладку.

Сяргей Будкін назваў 2017-ы годам вяртанняў і запозненных дэбютаў. Зміцер Падбярэзскі адзначыў, што менавіта фальклор дае магчымасць найбольш паспяховых музычных эксперыментаў. На яго думку, 2017-ы стаў самым правальным годам за ўсе 10, што існуе прэмія Experty.by. "Новае пакаленне прыходзіць з уласнай музыкай, якая мяне не кранае ні ў станоўчым, ні ў адмоўным сэнсе".


Партал Experty.by спыняе працу, але ж наперадзе нас чакае нешта яшчэ цікавейшае.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!