Абвешчаны лаўрэаты літаратурай Прэміі Цёткі – 2020

16 лістапада арганізатары абвясцілі лаўрэатаў літаратурнай Прэміі Цёткі. Сёлетняя прэмія за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў юбілейная — уручаецца ў пяты раз! Яшчэ адна яе адметнасць — упершыню цырымонія ўручэння праходзіла без асобнага мерапрыемства.

У гэтым годзе на конкурс даслалі даволі шмат кніг. З іх да ўдзелу ў конкурсе было дапушчана 27 кніг у намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў», а ў намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне кнігі» з дасланых больш за 30 першасных патэнцыйных намінантаў на прэмію ў канчатковы поўны спіс увайшло толькі 19. Упершыню, ва ўмовах часовай ізаляцыі ў сувязі з каранавірусам, усе абмеркаванні праходзілі анлайн, а самі кнігі членам журы дастаўляліся бескантактавым спосабам, у герметычным пакаванні.

Праз эпідэміялагічную абстаноўку сёлета не было і асобнага мерапрыемства. Абвяшчэнне пераможцаў адбылося ў Палацы мастацтваў падчас імпрэзы з нагоды 10-годдзя прэміі «Дэбют» у межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova.    

А лаўрэатамі прэміі сёлета сталі: Зараслава Камінская — за кнігу «Калядны стол. Некулінарная кніга» (выд. «Галіяфы») і мастачка Вераніка Шпак — за мастацкае афармленне кнігі Генадзя Аўласенкі «Як зубраня “Зубраня” наведала» (выд. «Мастацкая літаратура»).

У склад літаратурнага журы сёлета ўвайшлі Вера Бурлак, Андрэй Жвалеўскі, Людміла Рублеўская, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута. У склад мастацкага — Кацярына Дубовік, Васіліса Паляніна, Валерый Славук.

Пераможцы ў кожнай з намінацый атрымаюць грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$ паводле курсу Нацыянальнага банка РБ.

У шорт-ліст сёлета ўвайшлі:

Літаратурны спіс:

1. Аліна Длатоўская. «Арнаменты» (выд. «Янушкевіч»).

2. Лілія Ільюшына. «Ключ дарог. Пачатак» (выд. «Галіяфы»).

3. Сяргей Календа. «Балтыйскія шкарпэткі» (выд. «Логвінаў»).

4. Зараслава Камінская. «Калядны стол. Некулінарная кніга» (выд. «Галіяфы»).

5. Яраш Малішэўскі, Аксана Спрынчан. «Малочны кактэйль для Вужынага Караля, альбо Калякамп’ютарная казка» (выд. «Мастацкая літаратура»).

6. Кацярына Хадасевіч-Лісавая. «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці» (выд. «Звязда»).

Мастацкі спіс:

1. Дар'я Барышнікава, Лілія Бусарава, Ксенія Гуніна-Авербург, Алеся Жыткевіч, Ганна Каралёва, Ілона Касабука, Алена Немік, Маша Петухоўская, Леся Пчолка, Таццяна Радзівілка, Дар'я Сазановіч, Антаніна Слабодчыкава, Кацярына і Марыйка Сумаравы, Марта Шматава, Кацярына Шутко — Ірына Саламаціна, Наталля Кухарчык. «Яна была» (выд. «Галіяфы»).

2. Дар'я Ганчарык-Чарняўская, Алена Карабань — «З рога ўсяго многа. Беларускія народныя казкі» (выд. «Мастацкая літаратура»).

3. Марыя Міцкевіч — Таццяна Дамаронак. «Вясёлка над лесам» (выд. «Звязда»).

4. Кацярына Першына — Алена Стэльмах. «Павучок Славік» (выд. «Мастацкая літаратура»).

5. Марыя Станкевіч — Анатоль Зэкаў. «Варыла вячэру варона» (выд. «Мастацкая літаратура»).

6. Вераніка Шпак — Генадзь Аўласенка. «Як зубраня “Зубраня” наведала» (выд. «Мастацкая літаратура»).

Прэмія прысуджаецца з 2016 года за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў, напісаную на беларускай мове, а таксама за найлепшае мастацкае афармленне кнігі для дзяцей. Уручацца ў дзвюх намінацыях: за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў, і за найлепшае мастацкае афармленне кнігі. Заснавальнікі — Беларускі ПЭН-цэнтр, РГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і дабрачынны фонд «Вяртанне».

Пераможцамі прэміі былі Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай «Сем ружаў», Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», Валер Гапееў з кнігай «Мая мілая ведзьма» і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна «Азбука. Вясёлы вулей», Вера Бурлак з кнігай вершаў «Фантазюркі» і Кацярына Дубовік з ілюстрацыямі да кнігі Надзеі Ясмінскай «Чаму Меша не мае хаты».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: