Абвешчаны прыём заявак на прэмію Наталлі Арсенневай

Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове.
Крытэры для падачы кніг:

1) паэзія;
2) кніга, выдадзеная ў 2018 (кніга, якая была выдадзеная ў 2017, але па нейкіх прычынах не была пададзеная на мінулагоднюю прэмію, можа быць намінаваная ў гэтым годзе);
3) мова кнігі – беларуская.

Каб падаць заяўку, запоўніце форму, там далучыце электронную pdf-версію выдання. Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, два папяровыя асобнікі трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў (Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906). Заяўкі прымаюцца да 14 чэрвеня.

Падаць заяўку і намінаваць кнігу на прэмію могуць аўтары, выдаўцы, творчыя аб’яднанні, аргкамітэт Прэміі і сябры журы. Пераможцу вызначаць вядомыя паэты і літаратуразнаўцы, склад журы будзе вядомы неўзабаве.

Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша «Магутны Божа». Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.

У 2018 годзе прэмію атрымаў Алесь Разанаў за кнігу «Перавыбранае», а ў 2017 – Уладзімір Някляеў за кнігу «Толькі вершы».

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне «Бацькаўшчына». Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас paezija@gmail.com.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!