Абвешчаныя 13 намінантаў на лепшы беларускі альбом (+слухаць)

11 красавіка ў Мінску будуць уручаны 10-я штогадовыя ўзнагароды Experty.by лепшым беларускім альбомам па галасах беларускіх і замежных музычных журналістаў. Арганізатары абвясцілі намінантаў, сярод якіх працы масавых артыстаў і малавядомых шырокаму слухачу музыкаў.

У журы гэтага году 17 беларускіх журналістаў і блогераў, а таксама 5 замежных крытыкаў – прадстаўнікоў медыя-рэсурсаў краін, з якімі мяжуе Беларусь: Аляксей Горбаш (The Flow, Расія), Максім Сярдзюк (Muzmapa, Украіна), Ян Блашчак (Polityka, Польшча), Ілмарс Шлапіньш (Satori, Латвія), Эмілія Вісацкайтэ (15min, Літва). Анкеты ўсіх сяброў журы будуць апублікаваныя пасля цырымоніі.

– За год штатныя эксперты паслухалі 240 беларускіх альбомаў, выдадзеных у 2017 годзе. 33 з іх былі адрэцэнзаваныя і патрапілі на ацэнку ўсяго складу журы. Карцінка атрымалася стракатай і гэта добра, – адзначае кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны.

ЛСП

ЛСП

Узнагароды будуць уручаныя ў 11 намінацыях. Дакладны спіс прэтэндэнтаў абвешчаны ў 5 з іх: «Лепшы дэбютны альбом», «Лепшы рок-альбом», «Лепшы поп-альбом», «Лепшы фолк-альбом», «Лепшы электронны альбом». Гэтыя ж дыскі прэтэндуюць на перамогу ў асатніх намінацыях («Лепшы альбом года», «Лепшы беларускамоўны альбом», а таксама прызы па версіях чатырох журы). Усіх намінантаў узнагарод можна паслухаць у межах адмысловай складанкі.

Галоўная намінацыя – «Лепшы альбом года». Яе пераможца атрымае ў якасці прыза рэкламна-інфармацыйную падтрымку канцэрта ад генеральнага партнёра – брэнда Finlandia. Аналагічны прыз у намінацыі «Лепшы беларускамоўны альбом» прадставіць фонд «Вяртанне». Выступы павінны адбыцца да 1 чэрвеня 2018 года. У мінулыя гады ўзнагароду «Лепшы альбом года» выйгравалі «Петля пристрастия» (2017), Shuma (2016), Port Mone (2015), Pukstband (2014).

Стары Ольса

Стары Ольса

Намінанты:

«Лепшы дебютны альбом»: Аня Жданава «Appetiizer», The Glitchhh «Cordyceps», Ulyanica «Вясна»

«Лепшы поп-альбом»: ЛСП «Tragic City», Макс Корж «Малый позврослел, ч.2», Naviband «Иллюминация»

«Лепшы электронны альбом»: Аня Жданава «Appetiizer», Vilasipet «Времена года», Buben Naruszewicz Baisan «Bulbahuana»

«Лепшы рок-альбом»: Super Besse «La Nuit*», Tonqixod «Колер, якога няма», Zero-85 «Turriptopsis Nutricula»

«Лепшы фолк-альбом»: Розныя артысты «Песні матчыны з Вушаччыны», Стары Ольса «Вада, хмель і солад», Ulyanica «Вясна»

Празмернае ўжыванне алкаголю шкодзіць здароўю!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць