Ад Перабудовы да Незалежнасці: Беларусь праз аб'ектыў Сяргея Брушко

Працягваецца збор сродкаў на выпуск унікальнага фотаальбома пра 80-90-я гады ў Беларусі легенды беларускай фотажурналістыкі Сяргея Брушко.

Дагэтуль не выдаваўся ніводны візуальны дакументальны праект пра жыццё беларускага грамадства ў часы Перабудовы і станаўлення незалежнасці. Праз 30 гадоў тыя падзеі абраслі легендамі і домысламі, мы сталі забываць, што адбывалася, як выглядала краіна і людзі той эпохі.

Фотаальбом «Змена» пакажа першыя крокі маладой Беларусі праз аб'ектыў легенды беларускай фотажурналістыкі Сяргея Брушко, які працаваў фотакарэспандэнтам газеты «Чырвоная Змена» і стаў сведкам неверагодных зменаў і пераменаў у грамадскі жыцці і лёсе асобных людзей. Здымкі фатографа паказваюць ключавыя падзеі гісторыі: наступствы выбуху на ЧАЭС, эканамічны крызіс, страйкі рабочых, жыццё простых людзей і нават зняволенных і вайскоўцаў тэрміновай службы.

У 200-старонкавы альбом увайшлі 100 фотаздымкаў, зробленых з 1988 па 1999 гады — з абвяшчэння Перабудовы да першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Акрамя фотаздымкаў, у кнігу ўвайшлі успаміны дзесяці беларусаў: Валянціна Акудовіча, Уладзіміра Коласа, Мікалая Халезіна, Анатоля Гуляева, Андрэя Вардамацкага, Валерыі Касцюговай. Усе тэксты і подпісы ў кнізе будуць на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Падтрымаць выданне ўнікальнага фотаальбома пра найноўшую гісторыю Беларусі можна тут. Збор сродкаў працягваецца да 29 красавіка.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!