Ад Рэмбранта да класічнага польскага плакату. Эксклюзівы і скандалы — выставы на выходных

Бліжэйшыя выходныя вызначаюцца прывабнай разнастайнасцю выстаў, якія варта наведаць у сталічных музеях і мастацкіх галерэях.

На сенсацыйнай выставе «Вялікі Рэмбрант» — упершыню ў Беларусі (па 3 ліпеня) у Нацыянальным мастацкім музеі (Леніна, 20) дэманструецца 69 афортаў славутага галандца з калекцыі Элізы Марэці — пройдзе майстар-клас па гравюры. Вядучы майстар-графік з маладога пакалення мастакоў Соф’я Піскун 10 чэрвеня з 11.00 па 13.00 распавядзе ў самой экспазіцыі пра тэхнікі, якія выкарыстоўваў Рэмбрант у сваёй працы. Уваход — па квітку на выставу, вітаецца прысутнасць дзяцей з дарослымі.

Тамсама, у Нацыянальным мастацкім, з 2 па 25 чэрвеня працуе экспазіцыя старадаўніх беларускіх абразоў, прысвечаная 70-гадоваму юбілею патрыярха беларускай рэстаўрацыйнай школы Аркадзя Шпунта.


За апошнія тры дзесяцігоддзі — гэта толькі трэці спецыялізаваны паказ, прысвечаны працы спецыялістаў у галіне адраджэння жывапісных шэдэўраў. Улічваючы, што Аркадзь Шпунт — бясспрэчны першы нумар у гэтай далікатнай прафесіі, якасць выстаўленых твораў (як і магчымасць спазнаць таямніцы рэстаўрацыі ) — унікальныя.

Адразу пра яшчэ адну значную падзею — экспазіцыю польскага плаката «Акадэмія 100 плакатаў» з Катавіцэ, у Музеі сучаснага мастацтва (пр.Незалежнасці, 47, працуе па 30 чэрвеня).


Польскія майстры плакату — вядомыя сусветныя лідары ў гэтай галіне мастацкай творчасці, яны здабылі сабе славу свабодай і непаўторнасцю вобразаў яшчэ ў часы сацыялістычнай Польшчы. Нешта падобнае па якасці — толькі майстроў плакату з Кракава — мінчукі маглі бачыць ужо даўно: 10 год таму ў залах Нацыянальнага гістарычнага музея. Варта не прапусціць магчымасць атрымаць задавальненне, тым больш што ў тым жа музеі па 1 жніўня працуе персанальная выстава графікі Сяргея Баленка. «Востра, разумна, трошкі меланхалічна», — гэта ўсё пра ягоныя вытанчаныя працы, якія захопліваюць як высокай эстэтычнасцю, так і лёгкай іроніяй звычайных, але ўбачаных у незвычайным ракурсе вобразаў.


Нарэшце, Палац мастацтваў на Казлова, 3, дзе 7 чэрвеня стартавалі адразу 4 падзеі (адбываюцца па астатнюю дэкаду чэрвеня. Самая маштабная — «Псіхалогія вобраза» — калектыўны паказ партрэтных твораў — у жывапісе, скульптуры, графіцы — сябраў Саюза мастакоў, арганізаваны самім Саюзам.


Той самы, на які са скандалам не прынялі партрэт Аляксандра Лукашэнкі з сынам Мікалаем (трыптых Аляксея Панцюка-Жукоўскага «Мая Беларусь. На скрыжаванні стагоддзяў»). Зрэшты, з прычыны неадпаведнай якасці.


Цяжка казаць пра экспазіцыю, якая займае цэлы верхні паверх Палаца. Заўважым толькі, што тут можна пабачыць шмат вобразаў выдатных беларусаў — Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Зянона Пазняка, Міхаіла Савіцкага, а таксама багата твораў добрай якасці.



На наш густ пералічым Зою Луцэвіч, Алеся Ксяндзова, Алеся Марачкіна, маладога жывапісца Дзяніса Барсукова. І таксама трошкі незвычайныя для іх стылістыкі работы прызнаных лідараў старэйшага пакалення: яскравай  каларысткі Зоі Літвінавай  (партрэт нечакана вытрыманы ў тонка згарманізаваных шэрых танах) і Міколы Бушчыка (свежыя спалучэнні чыстых колераў на нетыповым для майстра белым фоне).

На ніжніх паверхах размесціліся: жывапіс і графіка Аляксандра Дзяшко — першая вялікая персанальная выстава да 50-годдзя аўтара.


Пераважна краявіды, але не прыземлена-рэалістычныя, а багатыя незвычайнай паэтычнай рытмічнасцю колера і лініі. Побач — вялікі збор твораў аднаго з лідараў суполкі «Пагоня» Міколы Купавы «Айчына светлая мая», да 50-годдзя творчасці. Выдатны выкладчык (на архітэктурным аддзяленні Палітэхнічнай акадэміі) і знаны «рэканструктар» старадаўняй беларускай гісторыі ў аркушах з партрэтамі старалітоўскіх князёў і магнатаў, відарысамі замкаў і палацаў, знакавымі краявідамі, сцэнамі даўніх бітваў.  І тамсама — убачым вобразы, навеяныя міфамі і паданнямі, ілюстрацыі да беларускай літаратурнай класікі.


Больш цэласна ў сэнсе абраных вобразаў сфармавана выстава Алеся Квяткоўскага «Песні дрыгвы». Гэта не толькі выявы палескіх краявідаў, але і адлюстраванне міфапаэтычнага кантэнту, які насяляе прасторы найвялікшага еўрапейскага заказніка — і прыроднага, і фальклорнага.




Скончым прэзентацыяй новай галерэі «Артэль Gallery» (пр.Незалежнасці, 58/1-6, недалёк ад ЦУМа). 9 чэрвеня а 18-й гадзіне Марыя Барысенка адчыняе тут экспазіцыю «Нітка святла і музыкі». Мастачка даўно практыкуе ў стварэнні габеленаў на музычныя тэмы. Здавалася, усе жанры і сюжэты ў мастацтве прыдумалі яшчэ антычныя грэкі.  Але Марыя прапануе нешта новае ў спалучэнні тэхнікі ўвасаблення, вобраза і стылістыкі.

Маючы гэтакую разнастайнасць экспазіцый раім мінчукам і гасцям сталіцы з асалодай правесці ў музеях бліжэйшыя дні.

Фота аўтара


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • таня
  • 2017-06-09 21:51:33
Спасибо за информацию
  • Аляксей Хадыка
  • 2017-06-17 10:00:13
На жаль, адразу не было ў наяўнасці фота з цудоўнай экспазіцыі Марыі Барысенка, якую зрабіла Ларыса Фінкельштэйн. Яны ёсць тут: https://www.facebook.com/aliaksej.chadyka/posts/1078308312269756?pnref=story
Таксама на выставе праходзяць майстар-класы: Артель-Gallery
Приглашает всех желающих на
МАСТЕР-КЛАСС,
который на своей персональной выставке «Нить света и музыки» проводит известный молодой художник декоративно-прикладного искусства
МАРИЯ БОРИСЕНКО, выпускница и педагог Белорусского государственного университета культуры и искусства
12, 15, 21 июня – «уроки гобелена»,
13, 19, 22 июня – «уроки живописи шерстью»,
14, 20, 23 июня – «уроки пастели».
Начало в 18.30 в Артель-Gallery
12 и 13 июня в 19.30 ЭКСКУРСИИ по выставке проводит куратор, искусствовед ЛАРИСА ФИНКЕЛЬШТЕЙН.
Адрес Артель-Gallery – пр. Независимости №58/1(станция метро – пл. Якуба Коласа, выход к ЦУМу)
стоимость билетов для
взрослых 20 рублей,
детей (до 12 лет), пенсионеров и студентов 10 рублей