Ад «Свінняў» да «Цырку» — беларускамоўны неа-фолк-гурт Drwiwy

Беларускамоўны музычны тандэм мінчаніна Арцёма Вілейты і гомельчука Сяргея Цуранкова Drwiwy недаўна абвясціў пра выхад чарговага альбома «Cyrk Biezzahanny» («Цырк Беззаганны»).
Арцём Вілейта

Арцём Вілейта

Прыхільнікі  альтэрнатыўнай музыкі ў мінулую нядзелю, 20 лістапада, у сталічным клубе іIi мелі рэдкую магчымасць паслухаць кампазіцыі гэтага праекта жыўцом.

Рэдкую, бо за 5 гадоў існавання эксперыментальны нео-фолк-фрык-псіхо-поп гурт Drwiwy выступаў у поўным складзе разы чатыры. На сумесную працу ўплывае і геаграфія: музыкі жывуць у розных гарадах: Арцём — у Мінску, Сяргей — у Гомелі. Песні ствараюць на адлегласці: «Перакідваемся праз інтэрнэт, як шарыкамі пінг-понга». І іншым разам сустракаюцца для рэпетыцый у Бабруйску.

Першы альбом “Spokiu” выйшаў у 2012 годзе. Гэта быў самвыдат, які меў абсалютна невялікі наклад — 50 асобнікаў. Але, як кажуць музыкі, гэтыя 50 дыскаў разляцеліся па замовах па ўсім свеце: ад ЗША да Уладзівастока.

А вось  другі альбом «Cyrk Biezzahanny» выдадзены на паўночна-амерыканскім лэйбле Disques De Lapin (ЗША, Вермонт).

Арцём распавёў:

— Я зрабіў рассылку на розныя музычныя лэйблы. Атрымаў некалькі прапаноў, у тым ліку з ЗША. І ў выніку мы выбралі той варыянт, які нам найбольш падыходзіў. Гэты альбом нам даўся даволі цяжка, таму не хацелася адкладаць яго выпуск на 2017 год. Было цікава, што чалавек, які жыве ў ЗША, у штаце Вермонт, зацікавіўся намі. Што тычыцца афармлення альбома — ён яго адчуў па-свойму, бо мовы не ведае, тэксты не разумее.



Сяргей Цуранкоў

— Акрамя CD альбом выйшаў яшчэ і на аўдыёкасетах. Чаму так вырашылі?

— Маленькія лэйблы, на якія я арыентаваўся, ад касетаў не адмаўляюцца. Яны як былі на андэграўнднай сцэне, так і засталіся. Наколькі я ведаю, нават папулярныя гурты зараз перавыдаюцца на касетах. Гэты носьбіт дазваляе музыцы трошкі больш пражыць. Акрамя таго гэта своеасаблівы фетыш для калекцыянераў. Нехта любіць слухаць на апаратуры, з нармальным гукам. А некаторым дастаткова спампаваць лічбавую версію.

— Што азначае назва Drwiwy?

— Дрвівы — гэта беларускае слова, паходзіць з паўночна-заходняга рэгіёна, Пастаўскі, Мядзельскі раён. Яго ўпершыню ўвёў у абарот Уладзімір Дубоўка — беларускі паэт з вёскі пад Паставамі. Дрвівы — гэта значыць галюцынацыі, відзяжы.




— Распавядзіце пра новы альбом?

Сяргей: Увогуле, мы гэты альбом па-іншаму збіраліся зрабіць, і зусім іншыя песні былі ў фокусе. Але потым з'яўляліся песні больш актуальныя, якія паступова выштурхнулі ўсе астатнія.

Арцём: Яшчэ мы самі сабе ставілі абмежаванні. Сёння ўсё вельмі даступна: любыя гукі, любыя інструменты можна знайсці ў сеціве. І вызначыцца, што менавіта табе трэба, бывае даволі складана.
Гэта сапраўды крыху раздражняе і запавольвае. Шмат музыкаў пакутуе на гэтую хваробу — любоў да дэвайсаў, музычнага абсталявання. Таму мы вырашылі, што вось гэта мы выкарыстоўваем, а ўсё астатняе — смецце.

— У творчым плане якія гурты паўплывалі на вас?

Арцём: Цяжка сказаць. Мы слухаем літаральна ўсё. Мне аўтэнтыка беларуская падабаецца, афрыканская народная музыка, музыка народаў свету — для меня гэта такі пласт, які падтрымлівае ўсё. Натхняе таксама электроная сучасная музыка, поп-музыка, нейкія імправізацыйныя рэчы. І гэта ўсё ў такім міксе.


— Да таго, як выйшаў «Цырк» быў сінгл «Свінні». Пра што гэтая песня?

Арцём:  Я не надта ўмею раскладаць па палічках… Калі агулам казаць, то гэта песня пра культ мяса паміж людзьмі, калі застаюцца толькі целы, людзі на ўзроўні пачуццяў і  эмоцыяў не размаўляюць адзін з адным.

З іншага боку, я ў кожнай песні бачу некалькі пластоў. Некаторыя людзі ўвогуле такі сэнс знаходзяць, які нават я не ўкладаў.  На вокладцы сінгла свінні над краявідам пастаральным, а некаторыя людзі бачаць, што там арол дзвюхгаловы навіс над беларускай вёскай. Хаця я гэта не ўкладаў у песню, і я хутчэй пра нейкія эмоцыі, пачуцці і перажыванні герояў распавядаў.

Але гэты альбом не толькі сацыяльны. Гэта хутчэй невялікі тэатрык, кшталту батлейкі. Ёсць шмат цытатаў у гэтым альбоме з батлейкі. Я батлейку вельмі люблю і вывучаю, калісьці пісаў навуковую працу па гэтай тэме.
У гэтым альбоме кожны мой герой на сваім месцы. Ён са сваім нумарам выступае.

А што тычыцца сацыяльных тэмаў — я прытрымліваюся думкі, што музыкант, прынамсі ў нас, не можа заплюшчваць вочы на нешта. Гэта будзе хлусня самому сабе, калі ты заплюшчыш вочы і скажаш, што ўсё о'кей.



У наступную суботу Drwiwy можна будзе пабачыць у Лідзе. Музыкі абяцаюць больш абстрактную і шумавую праграму. У нядзелю — канцэрт у Гародні, а 3 снежня прадставяць «Цырк» у Гомелі.
Сачыць за навінамі гурта можна праз сацыяльныя сеткі: Facebook і VK






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: