Адчапіцеся ад экскурсаводаў. Іх праца патрэбна Беларусі!

У апошні час тэма працы экскурсаводаў у нашай краіне стала адной з найбольш актуальных. Звязана гэта, перш за ўсё, з тым, што Беларусь спрасціла ўезд на сваю тэрыторыю замежнікаў. Да нас паехалі людзі, якія жадаюць ведаць нашую мінуўшчыну, традыцыі і культуру. Гэта выдатна, аднак адразу з’явілася праблема недахопу экскурсаводаў.

Дзеля таго, каб легальна працаваць у гэтай сферы, чалавек павінен прайсці атэстацыю і атрымаць так званы «бэдж» — картку, на якой Міністэрства спорта і турызма Беларусі пацвярджае, што ты экскурсавод. Каб атрымаць гэты дакумент, трэба прайсці кампутарны і вусны экзамен. Падчас апошняга чалавек павінен прадставіць экзаменацыйнай камісіі сваю экскурсію.

My way

Некалькі гадоў таму я вырашыў стаць атэставаным экскурсаводам. З’яўляючыся прафесійным даследчыкам, кандыдатам гістарычных навук, які валодае добрай калекцыяй унікальных артэфактаў, я падумаў: «Мне ёсць, што распавесці і я гатовы гэта зрабіць».
Далей быў экзамен. Нехта з тых, хто прымаў яго, пабурчаў, што ў мяне ёсць нейкія прабелы ў метадалогіі, але гэта не істотна. У рэшце рэшт, я стаў атэставаным экскурсаводам. Праўда, калі выдавалі бэдж (у якога тэрмін дзеяння 5 год), папярэдзілі, што каб атрымаць новы, трэба будзе прайсці...курсы. Нечакана. Навошта тыя курсы, калі чалавек распрацаваў свой маршрут, ведае яго дакладна і спакойна праводзіць экскурсіі?! Адказ «Так трэба» мяне не задавольвае. Бо для мяне быць экскурсаводам — гэта не проста праца, гэта магчымасць данесці мае веды да тых, хто імкнецца іх атрымаць і даведацца пра тое, пра што ў афіцыйнай гістарыяграфіі не пішуць і не расказваюць. 

Далей, весялей. Аказалася, што кожны экскурсійны маршрут трэба «абараняць» на камісіі. Навошта? Людзі, якія прайшлі атэстацыю і працуюць у турыстычнай сферы, дастаткова падрыхтаваныя каб распрацаваць новы маршрут. Асабіста я лічу, што галоўным экзаменатарам для кожнага экскурсавода з’яўляюцца экскурсанты, людзі, якія замовілі экскурсію і якія жадаюць атрымаць добры прадукт. Калі ім нешта не падабаецца, ты згубіш грошы, а турфірма, якая цябе наняла на працу, да цябе больш не звернецца. Праўда? Дакладна.

Сапраўдныя прафесіяналы

Асобны момант у ва ўсёй гэтай «валтузне» вакол атэстацыі экскурсаводаў звязаны з працай краязнаўцаў. Падаўляючая большасць з гэтых людзей адмовіліся ад атрымання «бэджа»... з-за неабходнасці праходзіць не танныя курсы. Я іх цалкам падтрымліваю. Сябры, гэтыя людзі вельмі часта валодаюць унікальнымі ведамі, якія не магчыма знайсці ў архіўных дакументах, ці падручніках па гісторыі. Лакальныя экскурсаводы размаўляюць са сведкамі эпохі, збіраюць артэфакты і самі па сабе з’яўляюцца носьбітамі ўнікальных гістарычных фактаў. Колькі разоў чуў ад палякаў, якія ў рамках турыстычных груп наведвалі Беларусь, што яны былі ў захапленні ад хлопца ці дзяўчыны з беларускага мястэчка ці вёскі, якія ім зрабілі выдатную экскурсію. І так павінна быць, бо, па-добраму, менавіта такія краязнаўцы могуць даць фору шматлікім атэставаным экскурсаводам. Больш за тое, гэтых людзей трэба запрашаць з лекцыямі ў беларускія ВНУ якія займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў у сферы турызма.

Спецыялісты, якімі варта ганарыцца

Чаму я вырашыў паразважаць на гэтую тэму? Нядаўна ў адной з дзяржаўных газет выйшаў артыкул, прысвечаны працы так званых «нелегальных экскурсаводаў», якія, маўляў,  падаткі не плацяць і фігню нейкую расказваюць на экскурсіях. Па-першае, падаткі трэба плаціць і з гэтым ніхто не спрачаецца. Але наконт другога паспрачацца трэба. Калі экскурсавод расказвае не «афіцыйна-савецкую» версію падзей, то гэта толькі дадатковы плюс да яго дзейнасці. Важна, каб беларускія экскурсаводы падавалі гістарычныя факты, перш за ўсё з беларускага пункта гледжання і рабілі акцэнт на тое, як тая ці іншая падзея адбілася на лёсах Беларусі і яе жыхароў.

Безумоўна, трэба «ганяць» замежных «суправаджаючых», якія не маючы адпаведнай беларускай ліцэнзіі, праводзяць экскурсіі на тэрыторыі нашай краіны. Гэта нармальная еўрапейская практыка. Да таго ж часта гэтыя «госці», асабліва з усходняй нашай суседкі імкнуцца паказаць беларускую мінуўшчыну так, як карысна ім, і гэта кепска.

Не забараняць, а дазваляць

Падводзячы вынікі скажу адно: атэстацыя гідаў, безумоўна, павінна быць. Але яна павінна быць простай для тых, хто жадае працаваць у гэтай сферы. Тыя, хто ўжо мае запаветны «бэдж», павінны атрымліваць пралангацыю тэрміну яго дзеяння аўтаматычна. Курсы і дадатковыя заняткі павінны быць толькі для тых, хто пажадае на іх атрымаць неабходныя веды.

Забаронамі і рэпрэсіямі ў гэтай сферы (увядзеннем, напрыклад, турыстычнай паліцыі, якая будзе «паляваць» на «неатэставаных» экскурсаводаў) мы нічога добрага не даб’емся. Нашую краіну трэба прасоўваць і рабіць больш зразумелай для замежнікаў. І няхай гэта робяць сапраўдныя прафесіяналы.

Фота аўтара, экскурсавода з шматгадовым стажам

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: