Адкапаем Беларусь разам!

14 лістапада а 18-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе прэзентацыя вынікаў археалагічных даследаванняў 2019 года «Археалагічнае лета з музеем».
У гэтым палявым сезоне Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытутам імя А. Дз. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту, а таксама Цэнтрам рэгіянальнага развіцця «Браслаў» праводзіў маштабныя археалагічныя даследаванні ў Мядзельскім і Маладзечанскім раёнах Мінскай вобласці, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці і Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці.

Унікальнасць археалагічных экспедыцый Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь заключаецца ў тым, што яны сталі магчымымі дзякуючы шчыльнаму супрацоўніцтву дзяржаўных устаноў і недзяржаўных арганізацый, матэрыяльнай падтрымцы шматлікіх спонсараў і ўдзелу сотняў добраахвотнікаў. На працягу лета і пачатку восені валанцёры паўдзельнічалі ў раскопках могільнікаў крывічоў у Мядзельскім і Браслаўскім раёнах, у вывучэнні кляштара бернардзінцаў у Будславе і ўніяцкага Браслаўскага манастыра на аднайменным востраве, у даследаваннях на месцы знаходак двух скарбаў раннелітоўскіх манет XIV і XV стст. на Маладзечаншчыне і Шчучыншчыне.

Экспедыцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – гэта не толькі навуковыя даследаванні, але і валанцёрскія летнікі, якія збіраюць шмат аматараў айчыннай гісторыі і з’яўляюцца своеасаблівымі археалагічнымі музейнымі лабараторыямі, якія дазваляюць пашырыць навуковую і навукова-асветніцкую працу музея далёка па-за яго межамі.

Падчас прэзентацыі будуць агучаныя асноўныя вынікі раскопак 2019 года, а таксама адбудзецца ўручэнне ганаровых грамат і сертыфікатаў усім спонсарам і валанцёрам экспедыцый. Удзельнікі мерапрыемства таксама змогуць азнаёміцца з фотавыставай «Навука з рыдлёўкай і ўсмешкай на твары».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: