
Беларускі Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны вядзецца адпаведна Канвенцыі UNESCO 2003 года. Такой спадчынай могуць лічыцца тэхналогіі гатавання традыцыйнай ежы, традыцыйная медыцына, традыцыйныя рамёствы, абрады, святы, цырымоніі, гульні, выканальніцкія мастацтвы, веды і звычаі, якія адносяцца да светапогляду людзей, якія прызнаюцца супольнасцямі (у некаторых выпадках індывідамі) у якасці іх культурнай спадчыны і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. На практыцы кожная краіна выбудоўвае ўласную палітыку адносна нематэрыяльнай культурнай спадчыны.


Ад Мінскай вобласці ў ганаровы спіс унесена 12 элементаў. На выставе, якая адкрылася 12 верасня, сваю спадчыну дэманструюць раёны, таму ўсе стэнды розныя і экспазіцыю надзвычай цікава аглядаць. Канечне, шмат фотаздымкаў, бо гэта, бадай, самы лёгкі шлях пра нешта распавесці. Але хапае і артэфактаў, звязаных з элементамі. Напрыклад, Дзяржынскі раён прывёз ката, якога «пякуць», збіраючы з булкі, сала і кілбасы, а потым гуляюць з ім усёй грамадой перад калядным постам (аграгарадок Скірмантава).
Валожынскі і Капыльскі раёны, якія ганарацца сваімі паясамі і ручнікамі, дэманстравалі на стэндах тэкстыльныя вырабы, а на адкрыццё выставы прывезлі ткалляў. Ткацтва паясоў «на назе» бытуе ў аграгарадках Сакаўшчына і Ракаў Валожынскага раёна, а закладная тэхніка ткацтва ручнікоў найбольш актыўна падтрымліваецца Цэнтрам ткацтва ў Семежаве, аднак, ткаллі старэйшага веку жывуць па ўсім Капыльскім раёне.

Для дэманстрацыі абраду «Цягнуць каляду на дуб» з вёскі Новіны Бярэзінскі раён вырабілі макет дуба, на якім змясцілі каляду: жытні сноп і гаршчок з кашай. Каля «дуба» экспануюцца сані, у якіх да яго 21 студзеня цягнуць па вёсцы жанчыну з «калядой» у руках. Вельмі вясёлае відовішча, і далучыцца можа кожны ахвочы!

Адзін з самых цікавых элементаў (хоць па стэндзе з фота і раздрукоўкамі з газет гэта можа быць і невідавочна) — шанаванне Святога камяня ў вёсцы Крамянец Лагойскага раёна. У засушлівае надвор’е валун падважваюць на калах 9 удоў і такім чынам выклікаюць дождж. І гэта працуе! Акрамя таго, вада ў «слядках» на камені лічыцца гаючай. На каляндарныя і сямейныя святы, ды і проста ідучы ў лес, на валун нясуць падарункі — кветкі, яблыкі, цукеркі, грошы…

Носьбітка майстэрства расказваць казкі Лідзія Міхайлаўна Цыбульская з вёскі Магільна памерла, але яе мастацтва ашчадна захоўваюць у Уздзенскім раёне і не толькі. Казкі вучаць дзеці і дарослыя, выдаюць кніжкі. Творы Лідзіі Міхайлаўны можна пачуць у рэпертуары гурта «Калыханка» з Міханавічаў пад Мінскам.
Як прадэманстраваць на выставе спеўныя традыцыі? Любанскі і Старадарожскі раёны зрабілі стэнды с фотаздымкамі спявачак. Можна пабачыць выявы розных гадоў, а ўласна песні пачуць на відэа, якое дэманструецца ў экспазіцыі пра ўсе элементы па чарзе.


Акрамя таго, ад Беларусі ў ахоўных спісах UNESCO знаходзіцца абрад «Калядныя цары», што праходзіць у вёсцы Семежава Капыльскага раёна 13 студзеня. Ён ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, у 2009 годзе.