Аголены мастак пратэставаў супраць цэнзуры (фота, відэа)

У мінскім Цэнтры сучасных мастацтваў 3 кастрычніка адкрылася калектыўная выстава «Прысутнасць». Гэта выказванні пяці мастакоў пра розныя праявы крызісу сучаснага свету. Адзін з творцаў, Аляксей Кузьміч, распрануўся дагала, каб выказаць пратэст супраць цэнзуры ў мастацтве.

Аляксей Кузьміч на адкрыцці выставы зладзіў мастацкую акцыю «Шчыт». Творца выйшаў амаль голым у файе Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў (НЦСМ), толькі самыя інтымныя месцы былі прыкрытыя шыльдай ("шчытом") з надпісам «Міністэрства культуры. Рэспубліка Беларусь». Кінуў на падлогу пачак ад «Віягры», якую, па ягоных словах, прыняў непасрэдна перад тым, і планшэт, на якім было чуваць жаночыя стогны. Замест выявы — чорная карцінка з надпісам «Censored». Раскрыў далоні з надпісамі «Со всем» і «Согласен». Пастаяўшы троху, мастак паведаміў, што акцыя накіравана супраць цэнзуры, якая пануе у НЦСМ, дзе няма сучаснага мастацтва, і сышоў у залу, дзе экспануюцца яго работы.



Аляксей патлумачыў, што, на яго думку, у НЦСМ няма як такога сучаснага мастацтва, бо яно цэнзуруецца ўладнай вертыкаллю. Адзначыў яшчэ самацэнзуру работнікаў установы. «Мая акцыя завецца «Шчыт». Міністэрства культуры — гэта шчыт, які абараняе розум гледачоў ад нязручнага, вострага мастацтва. Чамусьці іх цікавіць пытанне рэпрэзентацыі другасных полавых прыкмет замест пытанняў культуры і мастацтва. Хаця на самай справе ў фаласе няма нічога кепскага, гэта сакральны сімвал… Я не разумею, чаму яго трэба цэнзураваць», — кажа творца.


Паказваючы свае далоні, Аляксей тлумачыць: «Со всем согласен» — гэта месца мастака на пляцоўках дзяржаўных арт-інстытуцый… Мастак не мае права быць сабой, выяўляць сябе як творца. Толькі мяккія тэмы, нічога актуальнага, як гэта адбываецца на Захадзе. Праблемы палітыкі, рэлігіі, ідэнтыфікацыі — гэта ўсё пад забаронай у нашай краіне».

Выставу Аляксей Кузьміч ствараў па запрашэнні НЦСМ. Спытаўшы, ці ё ў Цэнтры нейкая цэнзура, атрымаў адказ: «Абы не было эрэгаваных чэлесаў. Астатняе ўсё можаце рабіць».

«Ну, я, уласна, і зрабіў, — кажа мастак. — Перад гэтым з’еў Віягру, каб у мяне прыйшоў у стан, так скажам… На жаль, на ўсю гэтую мішуру, што тут адбывалася, я б проста так не ўзбудзіўся, таму давялося звярнуцца да прэпаратаў….»


На пытанне, навошта ж выстаўляцца ва ўстанове, дзе пануе цэнзура, Аляксей адказвае: «Я даследчык. Я нават мастаком сябе не столькі лічу, як даследчыкам. Мяне запрасілі зрабіць выставу. Першая думка была — адмовіцца. А потым падумаў: навошта? Я лепш даследую кантэкст і зраблю сваё выказванне. Пагадзіўся з усёй тутэйшай цэнзурай (таму ў мяне на далонях напісана «Со всем согласен»). Мне давялося прыбраць некаторыя работы, з тэкстаў прыбраць усе вострыя тэмы, усё, звязанае з палітыкай і рэлігіяй, моцныя выразы — усё прыбраць. Некаторыя работы давялося перакуліць дагары нагамі, каб яны былі нечытабельныя. Я працаваў з імі каля месяца, пасля чаго зрабіў акцыю як завяршальны этап свайго даследавання. Мне здаецца, гэта нашмат цікавей, чым адмаўляцца».

Неўзабаве пасля акцыі мастак апублікаваў маніфест «Шчыт, ці Міністэрства Фалакультуры».

Акрамя цэнзуры Аляксея Кузьміча хвалююць пытанні інфармацыйнага забруджвання, экалогіі і лёсу сучаснага свету. У анатацыі да выставы можна прачытаць: «Прастора «540» — перакулены свет. Свет дуальнасці і ілюзорнасці… Прастора, у якой немагчыма знайсці ісціну па прычыне яе адсутнасці… Мае работы — свет, які ўспрымаецца чалавекам масавай культуры, у забітым пад завязку шлакам інфармацыйным асяродку, у якім няма часу на аналіз, рэфлексію і доўгае вывучэнне…» Мастак распавёў, што вялікую частку работ для выставы зрабіў у тэхніцы рэсайклінгу, са старых непатрэбных рэчаў, не набываючы нічога новага.

З аднаго боку, піяр на аголеным целе — рэч даволі банальная. Узгадваюцца «голагрудыя» акцыі ўкраінскай суполкі FEMEN, ад якой адхрышчваюцца феміністкі, маўляў, не трэба нам такога змагання за нашы правы. Сэксісцкая рэклама, дзе паўаголеныя прыгажуні могуць прадаваць што заўгодна, ад машын да прасаў. Ініцыятывы абаронцаў жывёлаў, якія здымаюць порна, збіраючы такім чынам грошы на дабрачыннасць. "Аголены фотасэт" Дар'і Сакаловай дзеля ўратавання Пячэрскага лесапарку ў Магілёве. З іншага боку, калі аголенае цела — мужчынскае, можна падумаць і пра гендэрную роўнасць, і пра тое, якія ўвогуле шляхі выказванняў мы абіраем, каб быць пачутымі.

У калектыўнай выставе «Прысутнасць» бяруць удзел таксама мастакі Аляксей Навуменка і Раман Камінскі, мастачкі Аляксандра Пармон і Сара Лундберг. Экспазіцыя працуе да 10 лістапада.


Фота і відэа Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: