Агульнанацыянальная дыктоўка з Аленай Анісім

Дзясятую агульнанацыянальную дыктоўку, якая традыцыйна штогод ладзіцца Таварыствам беларускай мовы, гэтым разам правяла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Удзельнікі дыктоўкі правяралі сваё веданне беларускай мовы па мініяцюрнаму аповеду Янкі Брыля «Усмешка».



«Я прыходжу на дыктоўку восьмы раз. Спачатку хадзіла ў Гродна, цяпер — у Мінску. Дыктоўка — гэта святочная атмасфера, магчымасць для згуртавання аднадумцаў, адчуванне прыналежнасці да нацыянальнай культуры», — кажа ўдзельніца дыктоўкі Наталля якая прыйшла з маленькім сынам Францішкам.

«Гэта знакавае мерапрыемства, якое ў чарговы раз падкрэслівае значнасць Міжнароднага дню роднай мовы, па-другое, дыктоўка чарговы раз нагадвае беларусу пра скарб, якім ён валодае. Гэта мая восьмая дыктоўка. Асабіста мне яна дазваляе дакрануцца да чагосьці больш сакральнага і аб’яднацца разам вакол нацыянальнай ідэі. Напісаць дыктоўку для мяне — адчуць еднасць, прыналежнасць да нашай цудоўнай мовы», — кажа ўдзельнік дыктоўкі Кірыл.

Варта адзначыць, што нацыянальнай тэматыцы апошнім часам не цураюцца і афіцыйныя структуры. Беларуская дыктоўка арганізоўвалася пад эгідай Дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта ў Мінску, Магілёве і Гомелі, а таксама Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа.

Урачыстасці, прысвечаныя да Дня роднай мовы, запланаваныя ў МЗС.

Напрыканцы дыктоўкі Алена Анісім пажадала ўсім прысутным карыстацца нашай прыгожай і сакавітай мовай як мага часцей, рэгулярна заходзіць ў Таварыства беларускай мовы і камунікаваць з ёй па-беларуску. 

Старшыня ТБМ Алег Трусаў падараваў усім удзельнікам дыктоўкі, а сярод іх былі прадстаўнікі рознага ўзросту — ад моладзі да пенсіянераў, рарытэтныя бронзавыя значкі з выявай Францыска Скарыны, адлітыя ў Літве 30 гадоў таму.

Па словах Алега Трусава, на ініцыятыву звярнулі ўвагу дзяржаўныя структуры праз тры гады, дзесьці ў 2010 годзе і падхапілі яе.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: