Акторы мінскага інклюзіў-тэатра запрасілі на свой спектакль галівудскіх актораў

17 снежня у ДК МАЗ Сямейны інклюзіў-тэатр «і» паставіць свой самы папулярны спектакль «8 пачуццяў, або нараджэнне чалавека». Мінулы паказ у лістападзе сабраў поўную залу на 1000 чалавек, і ў гэты раз артысты зноўку рыхтуюцца выступіць перад вялікай аўдыторыяй — запрасілі нават зорак Галівуда, Беларусі і Расіі. Ірына Гарбачова, Ганна Хітрык і Павал Харланчук ужо адказалі на запрашэнне!



У пачатку снежня ў тэатры традыцыйна апытвалі дзяцей, што яны хацелі б атрымаць на Новы Год. Шмат хто адказаў, што мараць сустрэцца са сваімі кумірамі, каб тыя далі ім парады па акторскаму майстэрству. Выкладчыкі былі так узрушаныя, што вырашылі дапамагчы дзецям паклікаць любімых артыстаў на спектакль. «Запрашальнікамі» для куміраў сталі фотаздымкі іх жа партрэтаў поруч з акторамі-дзецьмі. Выхаванцы інклюзіў-тэатра, у тым ліку дзеці з аўтызмам, такім чынам выразілі сваю павагу да паспяховых артыстаў і падкрэслілі, што будуць шчаслівыя пабачыць іх на імпрэзе 17 снежня. Асабліва на сцэне.

        Сярод запрошаных на спектакль куміраў як амерыканскія, так і беларускія, і расійскія акторы. У фотапраекце завочна паўдзельнічалі Антоніа Бандэрас, Том Круз, Стывен Фрай, Рэната Літвінава, Ірына Гарбачова, Ганна Хітрык, Павал Харланчук і Андрэй Скараход. Здымкі рабіў беларускі фатограф Раман Стрыга. Акторы тэатра звярнуліся да знакамітасцяў праз Instagram і Facebook, адзначыўшы іх у публікацыях.

 «Нашыя выхаванцы надзвычай сур’ёзна адносяцца да паказу «Васьмі пачуццяў» 17 снежня, — распавяла кіраўнік сямейнага інклюзіў-тэатра «і» Ірына Пушкарова. — Калядны час — асабліва чароўны, час, калі збываюцца нават неверагодныя жаданні. А запаветная мара ўсіх нашых актораў — каб іх творчасць бачылі і ацэньвалі, і не толькі куміры. Таму 17 снежня мы з дзецьмі будзем радыя бачыць кожнага зацікаўленага гледача ў ДК МАЗ і зробім усё, каб вас парадаваць».


У спектаклі «Восем пачуццяў, або нараджэнне чалавека» грае каля 80-ці актораў – гэта ў шэсць разоў болей за «Чайку», у чатыры разы больш за класічную беларускую «Паўлінку». Галоўныя героі спектакля – супярэчлівыя пачуцці, якія часу ад часу ахопліваюць кожнага з нас: злосць, самота, цікаўнасць, крыўда, страх, радасць, задаволенасць і віна».

 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: